24 Люты, субота

Вы тут

Беларусь — Таджыкістан: нарошчванне супрацоўніцтва


Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон адзначыў днямі сваё 65-годдзе. З гэтай нагоды адбылася размова з беларускім Прэзідэнтам, падчас якой, акрамя віншаванняў, прайшло абмеркаванне бягучага стану і перспектыў беларуска-таджыкістанскіх адносін. Якія яны?


Нягледзячы на тое, што па колькасці памеры насельніцтва Таджыкістана істотна саступае найбуйнейшым краінам Цэнтральнай Азіі (Узбекістану — амаль у чатыры разы, а Казахстану — у два), краіна з'яўляецца важным удзельнікам міжнародных адносін.

Стратэгічна важным для яе партнёраў з'яўляецца размяшчэнне тэрыторыі Таджыкістана паміж Кітаем і Афганістанам. Асноўным фактарам на цяперашні момант з'яўляецца суседства з Афганістанам, ва ўрэгуляванні сітуацыі ў якім вельмі зацікаўленая сусветная супольнасць. Прычым фактар тэрытарыяльнага суседства Таджыкістана з гэтай краінай саступае другому значнаму фактару ў справе афганскага ўрэгулявання — этнічнай роднасці. Таджыкі з'яўляюцца другой па значэнні этнічнай групай на тэрыторыі Афганістана, складаючы больш за чвэрць насельніцтва краіны, якая налічвае 34 мільёны чалавек. Такім чынам, у Афганістане пражывае таджыкаў не менш, чым у самім Таджыкістане, рассяляюцца яны ў стратэгічна важных для ўрэгулявання раёнах краіны, і без уліку іх думкі краіну са шматгадовага ваеннага крызісу не вывесці. У сувязі з гэтым увагу ў вырашэнні афганскай праблемы сусветная супольнасць звяртае на Таджыкістан, і ён мае асаблівыя адносіны з найбуйнейшымі краінамі свету, зацікаўленымі ў яго садзейнічанні па гэтым кірунку.

Вялікую значнасць магло б мець і суседства з Кітаем, але перашкаджаюць тры фактары. Першы — гарысты характар граніцы, які ўскладняе камунікацыі. Другі — тое, што з кітайскага боку размешчаны не самыя квітнеючыя ў эканамічных адносінах рэгіёны. І трэці — побач размешчаны Пакістан, у якога з Кітаем выбудаваныя вельмі цесныя адносіны, у сілу чаго ён з'яўляецца для Пекіна значным камунікацыйным вузлом на шляху ў вельмі важны для міжнародных камунікацый Адэнскі заліў, засланяючы аналагічныя магчымасці для Таджыкістана. Тым не менш Кітай не схільны забываць ні аб адным са сваіх суседзяў, і ўжо актыўна інвестуе ў здабычу газу на тэрыторыі Таджыкістана, а таксама з'яўляецца адным з яго найбуйнейшых крэдытораў.

Для Беларусі Таджыкістан па-ранейшаму важны як адна з частак былога СССР, з якой у нас былі развітыя цесныя адносіны ў савецкія гады. У Мінску вельмі перажывалі ў 1990-я, калі краіна апынулася ў сітуацыі грамадзянскай вайны, якая прынесла вялікія людскія страты і велізарныя эканамічныя наступствы для яе. Частка бежанцаў тады апынулася і ў Беларусі, нягледзячы на некалькі дзяржаўных граніц, што ўзніклі пасля распаду СССР паміж Таджыкістанам і Беларуссю, нагадваючы пра тое, як цесна былі звязаны былыя саюзныя рэспублікі.

Тавараабарот Беларусі і Таджыкістана мог бы быць істотна большы. Па выніках 2016 года беларускі экспарт склаў 17,6 мільёна долараў, а імпарт — 2,6 мільёна. У студзені—ліпені 2017 года тавараабарот вырас больш чым у два з паловай раза ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года, склаўшы 25,6 мільёна долараў. Імпарт з Таджыкістана склаў толькі 2,1 мільёна долараў, што робіць гандаль выгадным для Беларусі, фарміруючы вялікае станоўчае сальда.

Суседства Таджыкістана з Афганістанам з'яўляецца і для Беларусі важным фактарам. У жніўні 2017 года адбыўся першы бізнес-форум «Беларусь — Таджыкістан — Афганістан», на якім прысутнічалі вядучыя машынабудаўнічыя холдынгі краіны, сярод якіх былі БелАЗ, МАЗ, «Амкадор», «Гомсельмаш», «БелОМА», а таксама і асобныя прадпрыемствы накшталт УП «Мінскінтэркапс», «Мінскі завод безалкагольных напояў», ТАА «Пажснаб». Мы разлічваем на тое, што сваяцкія сувязі таджыкскага народа праз афганска-таджыкістанскую граніцу дапамогуць Беларусі ўнесці свой уклад у аднаўленне эканомікі Афганістана.

Беларусь гатова актыўна паўдзельнічаць і ў развіцці эканомікі непасрэдна Таджыкістана. У верасні гэтага года магчымыя праекты ў галіне прамысловай кааперацыі абмяркоўваліся на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана ў Беларусі Казідаўлатам Каімдодавым.

Таксама адным з галоўных пытанняў парадку дня з'яўляюцца перагаворы аб магчымасці ўступлення Таджыкістана ў Еўразійскі эканамічны саюз, якія вядуцца з боку яго цэнтральных органаў. Выгаднае стратэгічнае становішча і колькасць насельніцтва Таджыкістана з'яўляюцца прывабнымі для павелічэння патэнцыялу ЕАЭС як сур'ёзнага эканамічнага суб'екта на сусветнай арэне. У некаторых ёсць і довады супраць, у прыватнасці, паказваюць на нізкі ўзровень жыцця ў Таджыкістане. Асноўным аргументам за ўступленне з'яўляецца тое, што ўжо прыняты Кыргызстан ненашмат адрозніваецца па эканамічнай сітуацыі, і гэта яму не перашкодзіла пры ўступленні ў ЕАЭС.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.