Вы тут

На дзедавай зямлі


Козлікі — адзіны жылы хутар у Налібоцкай пушчы на Валожыншчыне. На хутары — тры падвор'і, якія месцяцца далёка адно ад аднаго і належаць Мазалеўскім, Солтанам і Мазурам. Цяпер тут засталіся немаладыя гаспадары, дзеці, і тым больш унукі якіх жывуць у гарадах альбо ў навакольных вёсках абапал пушчы. Здавалася, жыццё на гэтых лясных куточках паціху згасае. Аднак, думаючы так, я памыляўся. Тры гады таму на адной сядзібе пасяліўся малады, цягавіты да працы і надзвычай пазітыўны, ініцыятыўны чалавек Алег Протас — унук Сігізмунда і Соф'і Солтанаў. Малады запал, смеласць брацца за любую работу і цікавыя планы на будучыню прывялі Алега на дзедаву зямлю. Мужчына вырашыў распачаць свой сялянскі лад. Не як фермер і не як прадпрымальнік, а наладзіць звычайнае хутарское жыццё.


— Тут хапае і зямлі, і кармоў — толькі не лянуйся, касі, пасві, даглядай, — кажа Алег, паказваючы мне гаспадарку і сваіх гадаванцаў — адкормленых бычкоў і мітуслівых авечак. — Дзед і баба блаславілі на задуманае. А я тады падумаў, што і яны будуць пад маім наглядам, бо старыя, па дзевяноста ім! На жаль, год таму дзед пайшоў з жыцця.

Алегу цяпер трыццаць шэсць гадоў, ён працуе ў калгасе недалёка ад Івянца, у яго трое дзяцей, але сям'я жыве ў самім Івянцы. Яго мара жыць у вёсцы і займацца сялянскімі справамі часткова спраўдзілася. Узвёў некалькі гаспадарчых пабудоў, трымае цэлую атару авечак — ажно сто трыццаць, некалькі коз, дзесяць бычкоў, у сажалцы плаваюць чароды гусей і качак. На поплаве пасецца незвычайнай плямістай масці жарабец па мянушцы Макс. Па падворку бегаюць дзве дружалюбныя аўчаркі каўказскай пароды — Аза і Арык, якіх Алег завёў для аховы сваёй гаспадаркі — апошнім часам у пушчы развялося шмат ваўкоў, якія смела заходзяць у двары, не баючыся ні чырвоных сцяжкоў, ні ўключанага на ўсю катушку радыё.

Цяпер Алег Протас будуе гасцявы дом, бо плануе стварыць у Козліках аграсядзібу.

— У наш час модна развіваць турыстычную дзейнасць, асабліва ў такім незвычайным месцы, як Налібоцкая пушча, — кажа Алег. — А дапамагае мне дваццацітрохгадовы сваяк Анатоль Бодак. І, зразумела ж, сілы дае дзедава зямля. Таму, думаю, усё ў нас атрымаецца.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Валожынскі раён

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто купляе каралеўскую птушку?

Хто купляе каралеўскую птушку?

Фазанавая ферма ў Гродзенскім раёне павялічвае кола спажыўцоў.

Грамадства

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Напярэдадні Дня маці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло анлайн-канферэнцыю «Дзяржаўная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.