Вы тут

Журавіны на Жадах


Толькі восенню на балоце Жады бывае людна. А прычынай таму — журавіны. Сотні аматараў зарабіць на журавінах добрыя грошы выпраўляюцца на балоты. Яны выкарыстоўваюць кожны пагодны дзянёк, але і непагадзь ім не перашкода — усё роўна ідуць за некалькі кіламетраў — па вадзе, па багне, па сфагняку — у самае сэрца балота, дзе багата пунсовых ягад.


Балота Жады, якое знаходзіцца ў Мёрскім раёне, — не самае вялікае па плошчы, але адна з самых ураджайных на журавіны мясцін. Таму сюды накіроўваюцца і тутэйшыя жыхары, і прыезджыя. Сёлета мне ўпершыню давялося пабываць на Жадах і паназіраць, як людзі збіраюць і нясуць сабраны ўраджай ягад, які гэтым разам надзвычай багаты, па балотных каляінах — на Віцебшчыне пралілося нямала дажджоў. Давялося паразмаўляць з самімі ўдзельнікамі нарыхтоўчай кампаніі.

Пенсіянер з вёскі Язна Уладзімір Коласаў ужо пяты раз гэтай восенню наведвае Жады, наогул, гадоў дваццаць ён збірае журавіны. Ад вёскі да балота сама мала дзесяць кіламетраў, але да некранутых ягадных плантацый трэба ісці па балоце па пяць-шэсць кіламетраў — гэта амаль дзве гадзіны хадзьбы.

— Выязджаю з дому а шостай гадзіне раніцы, а пачынаю збіраць журавіны толькі ў дзевяць, — кажа Уладзімір Савельевіч. — За дзень збіраю па пяць дзесяцілітровых вёдраў.

Другі язненец, таксама пенсіянер Леанід Шчарбіцкі, ужо 18-ы раз у гэтым сезоне на балоце і кожны раз напаўняе журавінамі поўны бульбяны мех, у якім змяшчаецца не меней за 30 кіло. Уявіце, Леаніду Канстанцінавічу праз два гады будзе восемдзесят.

— Журавіны — добрая дабаўка да нашых пенсій, — кажа Леанід Шчарбіцкі. — Як-ніяк, а за дзень на журавінах можна зарабіць па семдзесят і болей рублёў.

Пенсіянер лёгка ўскідвае важкі мех на плечы і неторопка кіруе па натаптанай сцежцы, напоўненай рудою вадой. А побач з ім дабірае свой мех пенсіянер Фёдар Кухта, які прыехаў ажно з Глыбокага.

Цікава, што на балоце ў гэты час можна сустрэць і шмат маладых людзей. Уладзіслаў Сідарэнка працуе электразваршчыкам у Наваполацку і ў разгар журавінавага сезона бярэ адпачынак. У гэтым сезоне на Жадах ён дзясяты раз. Усміхаецца, задаволены — і добрымі журавінамі, і добрым надвор'ем. Калі няма дажджу, гэта ўжо добрае надвор'е.

— Адпачынак на балоце — лепшага не прыдумаеш, — гаворыць Уладзіслаў і працягвае: выдатнае паветра, цішыня, добрыя думкі ў галаве. Вядома, нялёгка збіраць ягады, але лішняя капейка не бракуе. Мае калегі з працоўнага калектыву замовілі мне, каб і для іх я назбіраў — бо журавіны на Жадах і Ельні — самыя экалагічна чыстыя ягады. Разам з Уладзіславам шчыруе яго сусед і аднакласнік Арцём Пучкоўскі.

Легенда Жадаў і рэкардсмен па зборы ягад сярод вясковых ягадніц вёскі Язна — Вольга Ізаітка. У любое надвор'е яна на балоце. Гэтым разам жанчына таксама збірала журавіны, і я падгледзеў у мяшку Вольгі буйныя, спелыя і чыстыя ягады — на зайздрасць іншым збіральнікам. Сабраць трыццаць кілаграмаў за палову дня для такой прафесіяналкі як яна — лёгка. У другой гадзіне папаўдні Вольга ўжо збіраецца дадому. Наперадзе шэсць кіламетраў па багне, пераадолець якія ёй дапамагаюць боты-балотнікі.

Учора, перад тым, як паставіць кропку ў гэтым фотарэпартажы, я дазваніўся ў вёску Язна нарыхтоўшчыку журавін і даведаўся пра кошт — за здадзены кілаграм даюць па 2 рублі 90 капеек, а гэта значыць, што за дзень можна зарабіць амаль 90 рублёў.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Шчырая ўдзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага фотарэпартажу жыхару вёскі Бясянкі 3 Аляксандру Якушыну, які на сваім балотаходзе даставіў мяне ў самае сэрца Жадаў.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто купляе каралеўскую птушку?

Хто купляе каралеўскую птушку?

Фазанавая ферма ў Гродзенскім раёне павялічвае кола спажыўцоў.

Грамадства

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Напярэдадні Дня маці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло анлайн-канферэнцыю «Дзяржаўная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.