23 студзеня, аўторак

Вы тут

На моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды»


«У нашай мове ёсць шэраг досыць падобных слоў. Патлумачце, калі ласка, чым, напрыклад, вывад адрозніваецца ад высновы і выніку, а стан — ад становішча? І яшчэ. Я разумею, што словы нагода і падстава вельмі блізкія сваім сэнсам. Але ж розніца, відавочна, ёсць. У чым яна?» — цікавіцца па электроннай пошце спадарыня Кацярына М.

На пытанні чытачкі адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.


1. Вывадам называюць пэўную думку, меркаванне, да якога нехта прыйшоў у сваіх разважаннях. Ён, вывад, згадзіцеся, можа быць лагічным, правільным, няправільным, паспешлівым...

У гэтым самым значэнні ўжываецца і слова выснова. Таму зрабіць выснову значыць тое, што і зрабіць вывад.

Дарэчы, у гэтых двух назоўнікаў у літаратурнай мове ёсць і трэці сінонім — заключэнне.

Слова ж вынік не з гэтага шэрагу: ім, вынікам, называюць тое, што атрымалася, з'явілася пасля нейкага дзеяння. Можна сказаць, напрыклад, што вынікам працы пісьменніка стала папулярнасць ягоных кніг, вынікам працы агранома — добры ўраджай бульбы.

Да гэтага слова сінонімам выступае і назоўнік рэзультат. Аднак сёння ён ужываецца ўсё радзей і радзей, бо ў плане значэння нічым не адрозніваецца ад выніку і можа быць заменены ім ва ўсіх выпадках.


2. Сінонімы стан і становішча сапраўды маюць пэўнае разыходжанне, праз якое, ведаючы, іх даволі проста адрозніць. Запомнім, што другое слова семантычна звязана ў першую чаргу з месцам, з прасторай. Выраз сацыяльнае становішча кажа, напрыклад, пра тое «месца», якое чалавек займае ў соцыуме, яго 'ролю ў грамадстве'.

Стан жа мае на ўвазе ў першую чаргу ўнутраныя ўмовы, акалічнасці існавання чаго-небудзь. Выраз «эканамічны стан краіны» можна растлумачыць, напрыклад, як эканамічныя ўмовы, якія ў краіне склаліся.


3. Што да нагоды, то ёй можа быць нейкая падзея, якая становіцца прычынай для таго, каб адбылася іншая. Напрыклад, дзень нараджэння некага з сямейнікаў можа паслужыць нагодай для таго, каб сабрацца ўсёй радні. Альбо перамога спевака ў конкурсе можа паслужыць нагодай для яго прэс-канферэнцыі.

Слова нагода можа абазначаць таксама зручны выпадак.

А вось падставу не абавязкова «звязваць» з нейкай падзеяй, яна — прычына для чаго-небудзь альбо любыя абставіны, якія з'яўляюцца асновай для нейкіх дзеянняў. Можна казаць, напрыклад, што для прызнання кагосьці вінаватым не было законных падстаў, альбо веданне мовы не давала падстаў для сумненняў — у прыватнасці, дзе якое слова трэба ўжыць...

У абарону слоў

Сёння мы баронім слова жабры.

Апошнім часам усё часцей і часцей гучыць меркаванне, што гэтае слова — русізм, што па-беларуску трэба казаць і пісаць шчэлепы. Звернемся да аўтарытэтаў: прааналізаваўшы розныя тэксты і слоўнікавыя матэрыялы, мовазнавец Іван Якаўлевіч Лепешаў у кнізе «Культура маўлення» прыходзіць да высновы, што шчэлепамі называлі і называюць якраз не жабры, а сківіцы, як у людзей, так і жывёл. Жабры ж (а таксама выраз «браць (узяць) за жабры́») ёсць ва ўсіх слоўніках. Таму раздзяляйма розныя словы — жабры і шчэлепы!

Загаловак у газеце: І не будзе падстаў для сумненняў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Хойніцкі, Брагінскі і Жлобінскі раёны афіцыйна адносяцца да тых, дзе адзначаецца самы высокі ўзровень беспрацоўя — 0,8 %.

Грамадства

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Што насамрэч адбываецца на мяжы Швейцарыі і Францыі, дзе на глыбіні каля ста метраў размяшчаецца Вялікі адронны калайдар?

Грамадства

Як мы наведалі курсы перападрыхтоўкі для беспрацоўных

Як мы наведалі курсы перападрыхтоўкі для беспрацоўных

Не так даўно навукоўцы выявілі, што стрэс ад страты або змены месца працы ўваходзіць у топ-3 самых моцных негатыўных перажыванняў сучасных людзей.