Вы тут

Робім рамонт у дзіцячым пакоі


Заніруем плошчу і ўлічваем густы.


Для дзіцяці лепш выбраць светлы пакой, пажадана, каб ён быў максімальна аддалены ад уваходных дзвярэй і не меў балкона.

Незалежна ад памераў дзіцячага пакоя, ён павінен быць заніраваны – мець асобныя месцы для адпачынку, вучобы і гульняў. Рэч ў тым, што без гэтага не будзе арганізацыі: дзіця само па сабе не здольнае пераадольваць хаос (актыўнай крыніцай якога яно само і з'яўляецца) і самаарганізоўвацца. (Уласна, і для многіх дарослых гэта таксама непасільная задача.) Калі малога не прывучаць да арганізаванасці з самага пачатку, гэта застанецца яго слабым месцам і ў будучыні.

З маленства мы вучым малога правілам. За гэтым столікам ты малюеш, а на ложку ты спіш. На гэтым дыванку можна валяцца на падлозе, а на гэтым пуфіку можна скакаць і сваволіць. Абавязковая наяўнасць рабочага месца - як толькі дзіця будзе здольнае на "сядзячыя заняткі". Гэта значна лепш, чым займацца з малым абы-дзе: так яно прывыкае да асаблівасці моманту заняткаў, на якіх некаторыя заданні трэба будзе выконваць, нават калі не вельмі хочацца.

Не адцягваючы ўвагу. Катэгарычна не рэкамендуецца ў рабочай зоне ставіць актыўныя элементы дэкору, люстэркі і іншае. У межах бачнасці не павінна быць прадметаў, якія адцягваюць увагу: фотаздымкаў, карцін, яркіх элементаў і г. д. Калі вы жывяце на першым/другім паверсе, няправільна ставіць рабочы стол каля акна. Дзіця робіць дамашнія заданні, а пры гэтым бачыць, як іншыя дзеці гуляюць у мяч. Увага тасксама будзе адцягвацца і рассейвацца.

Не на карысць і перанасычанасць колеру або формаў у зоне адпачынку. А вось гульнявую частку пакоя можна зрабіць больш “актыўнай”, але пажадана, каб яна была зрокава ізаляваная, - з дапамогай шторкі або іншага аналагічнага элемента, каб насычанасць гульнявой зоны не "ціснула" на дзіця, калі яно вучыць урокі або проста хоча адпачыць.

Парадак. Абавязкова варта прадугледзець месца для захоўвання "мілых дробязяў" - гэта значыць, шафу або кантэйнер для цацак. Не варта ператвараць дзіцячы пакой у склад - для гэтага павінна быць кладоўка або закрытыя нішы ў сценах. Цацак павінна быць няшмат, лепш іх мяняць час ад часу (даставаць "забытыя" і хаваць тыя, што надакучылі), чым прымушаць дзіця кожны дзень прыбіраць раскіданыя рэчы.

Не варта забывацца і пра святло ў пакоі. Плануючы асвятленне дзіцячага пакоя, прадумайце правільнае размяшчэнне свяцільнікаў. Агульнае верхняе святло павінна раўнамерна асвятляць усё памяшканне. Яно не павінна быць вельмі яркім або цьмяным. Ярка асветлены пакой дзейнічае ўзбуджальна на нервовую сістэму дзіцяці, а недахоп святла выклікае пастаяннае напружанне зрокавых мышцаў, што ў далейшым можа адмоўна адбіцца на вастрыні дзіцячага зроку. Абавязковай у пакоі павінна быць і настольная лямпа, устанавіць якую трэба на стале злева ад сядзячага чалавека. Гэта дадатковая крыніца святла неабходная падчас работы за пісьмовым сталом.  

Прытулак на яго густ

Да пэўнага ўзросту дзіця можа “выказваць” сваю думку хіба што па такіх актуальных пытаннях, як сухасць пялюшак. У гэты перыяд (прыкладна да двух гадоў) пры афармленні пакоя варта кіравацца меркаваннямі камфорту для мамы. Але з некаторымі абмежаваннямі. Маленькія дзеці павінны бачыць прыгожае. Таму стылі "офіс дома", "хай-тэк" або "авангард" непажаданыя. Лепш выкарыстоўваць спакойныя колеры - блакітны, зялёны, ружовы. У старэйшых дзяцей, якія ўжо могуць сказаць пра свае  перавагі, варта спытацца і пра колер, і пра мэблю, а ў падлеткаў – ужо і пра стыль. Абавязкова ў любым выпадку ўлічваць характар ​​дзіцяці і яго захапленні. І адлюстроўваць гэта ў дэкоры.

Распаўсюджаны бацькоўскі сіндром: "Я лепш ведаю, што лепш для дзіцяці", - у гэтым выпадку патрабуе неадкладнага і жорсткага “лячэння”. Маленькі чалавек з дзяцінства павінен прывучацца, што ў яго ёсць свая прастора. Ён мае права на ўласную думку і вырашэнне нейкіх пытанняў. А выхаванне самастойнасці дзіцяці грунтуецца на тым, каб даць яму магчымасць нейкім чынам канструяваць свой пакой.

Яшчэ адна бяда не да канца пасталелых бацькоў - імкненне ўвасобіць у жыццё свае нерэалізаваныя дзіцячыя мары і фантазіі. Натуральна, пад дэвізам "шчасця" для сваіх дзяцей. Варта толькі ўспомніць, колькі мільёнаў дзяцей былі "пакараныя" ўрокамі музыкі толькі таму, што ў суровым дзяцінстве іх бацькоў гэта раскоша была недаступнай для іх! А многім цяперашнім юным татам і мамам не пашанцавала жыць у пакоі Бэтмэна або Русалачкі, і душа просіць хоць свайму дзіцяці падарыць гэта “шчасце”. Але ў дзіцяці могуць быць ужо іншыя героі!

 

На дваіх: кожнаму свой куток

Тыповая сітуацыя, калі адзін пакой прыходзіцца дзяліць двум дзецям. Тады абавязкова трэба ўладкаваць зоны для кожнага. Чалавек павінен мець месца для "порцыі” гордай адзіноты. Калі рабіць "інтэрнат" для дзяцей - не будзе канца сваркам і бітвам за месца пад сонцам.

Пры гэтым неабходна ў максімальнай ступені забяспечыць наяўнасць важных для кожнага з дзяцей функцыянальных зон. Напрыклад, у старэйшага павінна быць месца для вучобы, а ў меншага - зона для гульняў. Але як усё гэта размясціць у адным пакоі? Сёння ў  трэндзе мэбля-трансформер, якая дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць прастору. Напрыклад, ложак умоўна знаходзіцца на паўтарачным паверсе, пад ім ніша, з якой высоўваецца стол, там жа палічкі, міні-камоды. Або двухпавярховы ложак: уверсе спіць старэйшы, унізе - малодшы.

Якія выбраць матэрыялы?

Памятайце: сэканомленае на дзецях на карысць не пойдзе. Калі вы набываеце мэблю для дзіцячага пакоя, ідзіце да "белых і празрыстых" вытворцаў, якія цэняць і сваё імя, і нармальныя адносіны з кантралюючымі органамі. Ідзіце да тых, каму не трэба "эканоміць на запалках", каб утрымацца на рынку і нешта зарабіць. І тым больш нельга эканоміць на выкарыстанні якасных матэрыялаў. Калі ў мэблі выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія не адпавядаюць стандартам, то дзіця атрымлівае негатыўную нагрузку на арганізм. А здароўю можна нашкодзіць многімі рэчамі: ДСП з недапушчальным узроўнем фармальдэгідаў, шкоднымі лакамі і фарбамі і да т. п.

Падлога. Тое ж датычыцца і матэрыялаў для аздаблення памяшкання. Для дзіцячага пакоя падыдзе коркавая падлога. Яе вартасці - цеплыня, экалагічнасць, пругкасць (цяжэй траўміравацца), адпіхванне пылу. Але тут усплывае яшчэ адно патрабаванне да матэрыялаў для дзіцячага пакоя: яны павінны быць устойлівымі да праяўлення “здаровага вандалізму” нашых нашчадкаў. А корак так лёгка і займальна калупаць тымі ж нажніцамі...

Больш устойлівы да дзіцячай актыўнасці ламінат, але ён павінен быць толькі самага бяспечнага класа. Калі шукаць матэрыялы больш танныя, напрыклад, лінолеум, то лепш набыць той, што на натуральнай аснове. І ўжо зусім не падыходзіць для дзяцей дываналін - ён убірае пыл і нават можа стаць прычынай алергіі ў дзіцяці.

Сцены. Калі вы надумалі іх пафарбаваць, то выкарыстоўвайце спецыяльныя фарбы для дзіцячых пакояў (інфармацыя пра гэта ёсць на іх упакоўцы). Шпалеры лепш клеіць папяровыя - яны не вылучаюць шкодных рэчываў і даюць сценам "дыхаць". Калі ёсць магчымасць, зрабіце гукаізаляцыю сцен: спакайней і вам, і суседзям, і дзеці змогуць расслабляцца па-сапраўднаму.

Столь. Аптымальны варыянт для аздаблення столі з пункту гледжання спалучэння экалагічнасці, “вандалаўстойлівасці” і лёгкасці прыборкі - гэта "дзіцячая" водаэмульсійная фарба.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто купляе каралеўскую птушку?

Хто купляе каралеўскую птушку?

Фазанавая ферма ў Гродзенскім раёне павялічвае кола спажыўцоў.

Грамадства

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Напярэдадні Дня маці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло анлайн-канферэнцыю «Дзяржаўная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.