Вы тут

Чым адметны беларускі воўк?


Чым адметны беларускі воўк?

Упершыню Алеся Разанава я для сябе адкрыла яшчэ ў школе, можа, гадоў у шаснаццаць. Адкрыла і – закахалася назаўжды. Але так здараецца, і ўлюбёныя рэчы часам забываешся. Для гэтага тэксту мне было патрэбна ўзнавіць свае ўражанні, і я дастала з палічкі стары зборнік «Вастрыё стралы». Дзіўнае адчуванне: вяртацца да таго, што раней было каштоўным для цябе. Гартаеш і бачыш: вось тут пакрэслена алоўкам, вось тут была загнутая старонка... Гэтыя вершы мне запалі ў душу тады. Дзіўна паддавацца іх мернаму рытму і ўспамінаць, што і чаму спадабалася тады, успамінаць сябе. І вельмі цікава, чым адрозніваецца мой погляд на іх цяпер. Вось чароўная ўласцівасць паэзіі: з цягам часу знаходзіш нешта новае, але адначасова і вяртаешся да сябе.

Што добрага было ў беларускай паэзіі? Ёсць стандартны адказ – Купала, Колас, Багдановіч. У другой жа палове ХХ стагоддзя хэдлайнераў больш. Алесь Разанаў стаіць крыху асобна ад іх, але займае важнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Звычайны чалавек, які асабліва нікуды не высалупваецца, а проста жыве сумленна, як лічыць правільным, і робіць тое, што яму падабаецца, таму і беспамылкова трапляе кожнаму ў сэрцайка.

Калі вывучаеш любую паэзію, беларускую ў тым ліку, падзяляеш: вось гарадская лірыка, вось любоўная, грамадзянская і гэтак далей. Філасофская лірыка у беларускай літаратуры трывала асацыюецца з Алесем Разанавым. І менавіта філасофскай лірыцы звычайна несправядліва аддаюць няшмат увагі. Заўсёды здаецца: гэта нешта мудрагелістае, незразумелае. Але што па сутнасці філасофская лірыка? Развагі пра сэнс жыцця, вечныя каштоўнасці, сутнасць светабудовы... Не проста незразумела, але яшчэ і маркотна.

З філасофскай лірыкай усё складана: на самай справе яна не дае адказаў на «адвечныя пытанні». Таму што гэтых адказаў не існуе. Па сутнасці, любое філасофскае разважанне – гэта спроба зразумець навакольны свет, спроба растлумачыць, хто мы, адкуль мы і куды мы ідзем. Так ці інакш, пра гэтыя рэчы задумваецца кожны чалавек, і адсутнасць дакладных адказаў прымушае сумаваць. Таму філасофская лірыка заслугоўвае ўвагі і ў пятнаццаць гадоў, і ў трыццаць, і ў шэсцьдзесят.

Можа, менавіта паэтызаванне філасофскіх разваг і ёсць адказ. Паэзія выдатная шматлікасцю трактоўкі. Так добрая філасофская лірыка зачароўвае, запрашае заглыбіцца ў сябе, задумацца. Вобразнасць і мастацкасць адкрываюць вялікую колькасць трактовак, а значыць – вялікую прастору для разваг. Лепшыя вершы – тыя, якія прымушаюць разважаць, праўда?

Такая і ёсць творчасць Алеся Разанава, пісьменніка, перакладчыка і паэта-наватара. Але ў дадзеным выпадку асаблівай увагі заслугоўваюць формы выкладання. Алесь Разанаў прынёс у беларускую паэзію абсалютна новыя для яе формы.

У першую чаргу – версэты. Фармальна гэта празаічны тэкст: няма вершаванага рытму, метра і рыфмы. Аднак паэзія не абмяжоўваецца гэтымі паказчыкамі, праўда? Версэты знаходзяцца на мяжы прозы і паэзіі, у тым месцы, дзе яны ўзаемапранікаюць адно у адно. Язык не паварочваецца назваць іх прозай – тэматыка, сістэма вобразаў і сама мова выбудоўваюць дзіўную паэтычную карціну.

Такім чынам, што ў гэтай паэзіі? Па змесце гэта лірычныя прыпавесці, у якіх праз простыя рэчы асэнсоўваецца чалавечае жыццё. І – вось яна, тая самая паэзія, да якой хочацца вяртацца.

Вось, напрыклад, версэт «Будучыня». Вельмі тонка тут прачута і перададзена адчуванне няўпэўненасці – што там, далей. І разам з ім – пачуццё адказнасці: каб стаць вартым гэтага «далей», трэба змяніць сябе. І гэтая няўпэўненасць, гэтая адказнасць зусім па-рознаму адчуваецца з цягам часу.

Час ідзе – а смерць і неўміручасць ўсё яшчэ наперадзе. (на вынаску)

Далей – вершасказы. Гэта творы, напісаныя ў форме версэта, аднак гэта ўжо не прытча, гэта хутчэй своеасаблівая медытацыя, у працэсе якой разглядаецца сама рэч, прадмет, з'ява. Усё трымаецца на асацыяцыях, таму і цікава: як далёка гэтыя асацыяцыі могуць завесці?

У вершасказах, дарэчы, акрамя асацыятыўнасці, выдатны гукапіс. Вось, напрыклад, «Пчала». Чытаем: чаргаванне ж-ш-дз-з-з . Што гэта, як не ціхае гудзенне пчалы дзесьці ў аддаленні? Ці, напрыклад, «Піла»: п-с-з-с-з – што гэта, як не гук пілавання? Чытаем «Дарогу» – і там перакочваецца, грукоча дж-д-р.

Цацка для ўспрымання, але праз такія цацкі і пранікаеш ў сутнасць рэчаў.

Самыя цікавыя, на мой погляд, тыя вершасказы, у якіх аўтар адну рэч перакладае на розныя мовы. На роднасных мовах словы гучаць падобна, але ў кожным ёсць адрозненне, цяжка вытлумачальны нюанс, і вось аўтар гэты нюанс спрабуе ўлавіць. Зразумець, напрыклад, чым літоўскі воўк адрозніваецца ад рускага і чэшскага (падказка: з усіх ваўкоў толькі беларускі займаецца воўчай справай – вые).

Пункціры. Гэтыя невялікія (тры-шэсць радкоў)  творы – любімы жанр Алеся Разанава, якія па яго творчай задумцы закліканы перадаць думку найбольш лаканічна. Вось яна, квінтэсэнцыя творчасці – у пары радкоў выказаць увесь сэнс.

У аснове пункціра – канкрэтная падзея: дзіця вучыцца хадзіць, канчаецца лета, смерць косіць салому. На першы погляд, пункціры грунтуюцца на парадоксе, аднак на самай справе ў іх выбудоўваецца непазбежная заканамернасць быцця. Мы глядзім у будучыню, а мінулае – на нас. Дворнік мяце тратуар, але свой цень яму не зрушыць. У паштовай скрыні ёсць газеты, часопісы, лісты, а незвычайнага – вестак – няма.

Гэта сапраўды любімы жанр аўтара, у яго нават ёсць асобныя зборнікі толькі з пункцірамі, і ў кожным зборніку можна знайсці россып росчыркаў – пункцірам. Зразумела: куды больш каштоўныя лаканічныя думкі, якія трапляюць проста ў цэль.

Яшчэ адна спроба вылучыць чыстую думку – квантэмы. Квантэмы літаральна – «імпульс, чысты квант паэтычнай энергіі». Тут і словы-вобразы, і інтанацыя рытму, і колер рытму. У квантэмах няма звязанасці, прычынна-выніковай сувязі. Паміж сказамі часта адсутнічаюць знакі прыпынку, знікаюць межы паміж лагічна завершанымі кавалкамі тэксту. Ствараецца ўражанне, што словы раскіданы, разбураны, існуюць паасобку.

У выніку атрымліваюцца як быццам не звязаныя паміж сабой фразы. Хтосьці заўважыў, што квантэмы нагадваюць не сам верш, а як быццам намёк на яго, вобраз магчымага верша. Такое «зрабі сам» ад Алеся Разанава: «вось вам пару радкоў, пара вобразаў, ці не хочаце зрабіць з іх свой твор?». (на вынаску) Вось гэта і ёсць сапраўдная філасофія – квант, чысты імпульс энергіі, які кожны вольны трактаваць як хоча.

Разанаўскія новыя жанры паэзіі – пульсуючая артэрыя на шыі беларускай літаратуры. Ужо цяпер ёсць цэлы шэраг творцаў, якія так ці інакш натхняліся Алесем Разанавым. Паспрабуйце і вы: цікава, да чаго вас прывядзе нетаропкі рытм гэтых паэтызаваных філасофскіх разваг?

 

Марыя Свіст

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто купляе каралеўскую птушку?

Хто купляе каралеўскую птушку?

Фазанавая ферма ў Гродзенскім раёне павялічвае кола спажыўцоў.

Грамадства

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Напярэдадні Дня маці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло анлайн-канферэнцыю «Дзяржаўная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.