Вы тут

Роспісы ў віцебскім касцёле з выявамі людзей, падобных на прэзідэнтаў


Роспісы ў віцебскім касцёле з выявамі людзей, падобных на прэзідэнтаў Расіі і ЗША і Далай-Ламу, выклікалі вялікі рэзананс у інтэрнэце. Ксёндз упэўнены, што ніякія каноны не парушаныя. Просіць не акцэнтаваць увагу на тым, каго і што намалявалі. Галоўнае — для чаго!


«Пуцін ці не? Якая розніца?»

Калісьці тут, на вуліцы Гагарына, быў Дом культуры таварыства глуханямых. Пасля рэканструкцыі будынак стаў касцёлам, які асвячоны ў гонар святога Антонія Падуанскага, і ўпрыгожыў вуліцу. У 2014-м прыступілі да афармлення ўнутры. Аўтар роспісаў —
мінскі мастак Уладзімір Кандрусевіч. Ён вучыўся ў Беларускай акадэміі мастацтваў на аддзяленні манументальнага жывапісу. Стажыраваўся ў Акадэміі мастацтваў у Германіі, рэстаўрацыйных майстэрнях у Італіі. Працаваў у акадэмічных майстэрнях Міхаіла Савіцкага. Персанальныя выставы былі ў Беларусі, Германіі, Швейцарыі, Польшчы.

— Можна сказаць, што яны падобныя, — разважае мастак. — Гэта будзе больш дакладна, чым канстатаваць, што менавіта Пуцін, Абама і іншыя — вешчуны з вядомага біблейскага сюжэта... На мой погляд, гэтыя персанажы «добра кладуцца» на ідэю таго, што ўсе перад Усявышнім роўныя незалежна ад пасады, колькасці грошай. Для мяне было важна падкрэсліць сувязь рэлігіі і мастацтва з сучасным жыццём. Зразумела, з ксяндзом мы перад пачаткам роспісу ўсё абмеркавалі.

Віцебскі касцёл — сёмы, дзе можна ўбачыць творы Уладзіміра Кандрусевіча. У прыватнасці, ён пісаў фрэскі ў Полацку, Чашніках, Расонах... Дарэчы, у адным з храмаў намаляваў Францыска Скарыну.

З мастаком ксёндз Вячаслаў Барок пачаў супрацоўнічаць, калі ў Расонах будавалі касцёл. Там роспісы былі класічныя. Настаяцель касцёла сказаў, што выявы, якія нагадваюць вядомых людзей, сімвалізуюць прадстаўнікоў трох рас, якія вераць у валадарства Божае.

— І прызнаюць Ісуса Сынам Божым. Хурма, якую падае мужчына ў касцюме, схіліўшы калена, сімвалізуе дары мудрацоў. Гледзячы на роспісы, трэба не зацыклівацца на асобах, а задумацца аб тым, на якім мы этапе ў вандраванні да Хрыста, — лічыць клірык.

Трактар на заднім плане — даніна сучаснасці. У Бібліі сказана, што Ісус нарадзіўся ў хляве. Тады, зразумела, сельскагаспадарчай тэхнікі не было.

— Але ж чалавек у XXІ стагоддзі па-іншаму ўспрымае наваколле. І хутчэй зразумее глыбінны сэнс фрэскі, калі ўбачыць звычныя «карцінкі». Напрыклад, на роспісы алтарнай часткі таксама людзі ў сучасным адзенні, салдаты ў форме, якую можна ўбачыць цяпер. Воіны ў касках спяць, бо, як вядома, сын Божы ўзнёсся, калі ахоўнікі спалі... Галоўнае — акцэнтаваць увагу на тым, як намаляваныя нашы сучаснікі паводзяць сябе перад другім прышэсцем Хрыста. Дзяўчына, калі прыглядзецца, імкнецца да пакаяння. А двое стыльна апранутых мужчын спрабуюць збегчы, так і не зразумеўшы, што ўсё роўна прыйдзецца адказваць за свае грахі, — працягвае святар.

Дарэчы, анёлы, якія на фрэсцы суправаджаюць Хрыста, іграюць на саксафоне, скрыпцы і... электрагітары.

Каб мы хутчэй задумаліся

Ёсць у храме і роспіс, на якім намаляваны плот з «пашпартам аб'екта». За ім на заднім плане — экскаватар. Ксёндз растлумачыў, што такім чынам адлюстравана планаванае аднаўленне касцёла Святога Антонія насупраць ратушы. Ён цудам захаваўся падчас вайны, але быў канчаткова разбураны ў пачатку 1960-х.

Ёсць тут і фрэскі, на якіх зафіксаваныя гістарычныя факты ганенняў на Каталіцкую царкву.

Наконт адпаведнасці кананічным традыцыям святар лічыць, што галоўнае — адлюстраваць хрысціянскую канцэпцыю:

— Нормы кананічныя паходзяць з Сярэднявечча. Але мы павінны разумець, што тыя нормы калісьці не былі абсалютныя. Усё рухаецца наперад. Нормы мяняюцца, як і свет. І час патрабуе даносіць Слова Божае так, каб сучаснаму чалавеку было прасцей знайсці свой шлях да Усявышняга. Не думаю, што нейкія нормы і традыцыі парушылі. Гэта была спроба прапаведаваць нязменнае Слова Божае, карыстаючыся сучаснай мовай. І доказ таго, што было зроблена правільна: «пайшоў» розгалас і людзі цікавяцца.

Уражваюць выявы з 14 прыпынкамі Хрыста, які нясе крыж. Яны выкананы ў незвычайнай аўтарскай тэхніцы. Мастак нанёс малюнкі золатам на ржавым метале: у спрэчцы паміж іржавым і высакародным металамі падкрэсліваецца трагічнасць крыжовага шляху Збаўцы.

Апроч іншага, у касцёле ўладкавалі ліфт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і для дзяцей у калясках. Святар канстатаваў, што ліфтаў пакуль больш няма ў іншых беларускіх храмах.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Вяшчун-Абама і клопат аб сучасніку

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.