Вы тут

Як на Віцебшчыне дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі


У прыватнасці, дапамагаюць аднавіць страчаныя ў выніку цяжкай хваробы прафесійныя навыкі, атрымаць новую спецыяльнасць. У той жа час паслугі, якія аказваюць людзі з інваліднасцю, прыемна ўражваюць спажыўцоў прывабным коштам. Ну дзе яшчэ адрамантуюць штаны за 1 рубель? Ці зробяць візіткі добрай якасці па цане ў тры разы танней, чым у звычайных капіравальных цэнтрах?


У майстэрнях цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Віцебска.

Наш карэспандэнт пабываў у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна горада Віцебска. Паводле слоў дырэктара Вольгі Гурчанкі, установа абслугоўвае самы густанаселены раён горада. Сёлета ў рамках спецыяльнай праграмы тут уладкавалі на працу больш за 10 чалавек, якія аказваюць насельніцтву розныя віды паслуг.

Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў згаданага цэнтра Яна Шляхто здзівіла расцэнкамі.

— У нашай установе можна рабіць заказы, напрыклад, на рамонт адзення, прычым, дробны рамонт каштуе 1 рубель. Пры гэтым якасць выкананага будзе не горшая, чым у звычайных майстэрнях, бо кантралюе працэс вопытны настаўнік. Нядорага каштуюць візітоўкі — пры гэтым вам распрацуюць і іх знешні выгляд. Заказчыкі здзіўляліся, што ў канкурэнтаў аналагічныя паслугі як мінімум у два разы даражэй, — расказвае Яна.

Танныя паслугі — вынік дапамогі дзяржавы ў рэалізацыі праграм падтрымкі, стварэнні працоўных месцаў для тых, хто атрымаў інваліднасць.

У цэнтры на працягу шасці месяцаў — года падапечныя праходзяць рэабілітацыю. Нярэдка яны сталі інвалідамі раптоўна — у выніку ДТЗ, інсультаў, і раней не скардзіліся на здароўе. Быў выпадак, калі з аднаго хлопца была знятая інваліднасць. За час працы ў цэнтры стан яго здароўя палепшыўся.

Падчас трэнінгу людзей вучаць правільна шукаць месца работы і прапаноўваць свае магчымасці. Найбольш цяжка зрабіць гэта, як ні дзіўна, людзям з вышэйшай адукацыяй. Напрыклад, адна з падапечных цэнтра раней выкладала ў школе. Перадпенсійны ўзрост і другая група інваліднасці — не найлепшыя якасці патэнцыйнага кандыдата. Але жанчыне стараюцца дапамагчы.

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі ў цэнтры вядуць заняткі ў гуртках па вывучэнні замежных моў, навыкаў выкарыстання камп'ютарных тэхналогій, аматараў кіно і іншых.

Мы ўжо не раз пісалі пра тое, што на Віцебшчыне ўвогуле наладжаны высокі ўзровень сацыяльнага абслугоўвання, а многія кірункі дзейнасці потым становяцца прыкладам для пераймання.

Нядаўна ў СМІ анансавалі комплексную паслугу па доглядзе за пажылымі. Як растлумачыла начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка, догляд, у прыватнасці, аказваецца людзям з вялікімі праблемамі са здароўем. У прыватнасці, пасля інсульту. Такім людзям дапамогуць як па месцы пражывання, так і ў аддзяленні дзённага знаходжання.

Часта праводзяцца інтэграцыйныя форумы, тэматычныя культурныя акцыі. У прыватнасці, нядаўна шосты раз адбыўся фестываль-конкурс «Сонечнае святло для ўсіх».

Асабліва ўважліва вывучаюцца скаргі людзей з інваліднасцю на прамых лініях — кожны такі сігнал бярэцца на заметку.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: І за рубель... рамонт адзення

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра дастаўку шафы, пасажыра вярхом на памідоры і канцэрт Віктара Вуячыча.