Вы тут

«Захад-2017». Постфактум


Апошнія дні Беларусь зноў была ў эпіцэнтры ўвагі сусветнай супольнасці. Сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі, якое раз на два гады праводзіцца або на нашай тэрыторыі, або ў суседняй дзяржаве, сёлета выклікала вялікі грамадскі рэзананс. Прычым ажыятаж вакол «Захаду-2017» распачаўся яшчэ задоўга да вучэння...


Пагрозы няма

Некаторыя нашы суседзі чамусьці ўбачылі ў традыцыйных манеўрах рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі пагрозу іх тэрытарыяльнай цэласнасці. І гэта нягледзячы на тое, што, як і было заяўлена загадзя, вучэнне «Захад-2017» насіла выключна абарончы характар.

У той жа час актыўнасць НАТА каля нашых межаў толькі расце. За апошнія восем гадоў колькасць вучэнняў у рэгіёне павялічылася ўдвая, а склад войскаў, задзейнічаных у вучэннях Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора, за гэты ж перыяд вырас больш чым у тры разы. Калі ў «Захадзе-2017» удзельнічала каля 12,7 тыс. ваеннаслужачых — як беларускіх, так і расійскіх, то сёлета ў вучэнні НАТА прагназуецца задзейнічаць каля 120 тысяч чалавек. Прычым пытанні, якія падчас падобных манеўраў адпрацоўвае арганізацыя, маюць ярка выражаны несяброўскі характар: разгортванне сістэмы разведкі, перакідванне войскаў да межаў Беларусі, адпрацоўка задач наступальнай тэматыкі.

Але, як заўважыў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Алег БЕЛАКОНЕЎ, Беларусь не бачыць у гэтым пагрозы нацыянальнай бяспецы і ставіцца да вучэнняў НАТА абсалютна адэкватна. «Працэс будаўніцтва і развіцця ўзброеных сіл любой дзяржавы не завершаны, — падкрэсліў кіраўнік «Захаду-2017» ад беларускага боку. — Апрабацыя ўсіх новых формаў і спосабаў ажыццяўляецца, вядома ж, падчас вучэнняў. У сувязі з гэтым незразумелы ажыятаж вакол «Захаду-2017». Любога роду вучэнні — аддзялення, батальёна або шматнацыянальных груповак — і прызначаны для таго, каб праверыць сумяшчальнасць сістэмы кіравання, здольнасць сумеснымі кантынгентамі войскаў выканаць пастаўленыя задачы. Таму неадэкватна рэагаваць на падрыхтоўку нашых войскаў па меншай меры не зусім карэктна».

На «выдатна»

Вучэнне «Захад-2017» праходзіла ў два этапы. Практычныя дзеянні войскаў адпрацоўваліся на тэрыторыі нашай краіны: палігонах Барысаўскі, Даманаўскі, Ружанскі, Лепельскі, Лосвіда і Асіповіцкі, а таксама на ўчастках мясцовасці Дрэтунь і Глыбокае. Акрамя таго, вучэбна-баявыя задачы выконваліся на трох палігонах Расійскай Федэрацыі. Пры вызначэнні раёнаў практычных дзеянняў для выключэння напружанасці ў адносінах з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй прынцыпова былі выбраны палігоны, якія знаходзяцца на значнай аддаленасці ад дзяржаўнай мяжы.

На тэрыторыі Беларусі ў вучэнні было задзейнічана каля 10,2 тыс. чалавек, а таксама 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, звыш 40 самалётаў і верталётаў, — іх колькасць не перавышае ўзровень, падлеглы абавязковаму назіранню за пэўнымі відамі ваеннай дзейнасці, устаноўлены шматлікімі дагаворамі і пагадненнямі ў галіне кантролю над узбраеннем. Дарэчы, на працягу многіх гадоў параметры задзейнічаных у краіне сіл і сродкаў застаюцца практычна нязменнымі.

У аснову розыгрышу практычных дзеянняў і эпізодаў былі пакладзены варыянты сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх часцей і падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, пры ўдзеле ў прыкрыцці ўчасткаў дзяржаўнай мяжы, ахове і абароне ваенных аб'ектаў, блакіраванні і ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама вядзенне абарончага бою. Пры вызначэнні задумы вучэння ўлічваліся найноўшыя падыходы да прымянення войскаў (сіл) на аснове вопыту сучасных узброеных канфліктаў.

— Давераны мне асабовы склад паказаў высокую вывучку і прафесіяналізм на ўсіх этапах вучэння, — адзначыў пасля выканання вучэбна-баявых дзеянняў камандзір асобнага парашутна-дэсантнага батальёна гвардыі падпалкоўнік Андрэй ПРОКЛІН. — Галоўная асаблівасць вучэння ў тым, што прадстаўнікі шматлікіх сілавых структурных падраздзяленняў выконвалі задачы плячо ў плячо. Паміж намі адразу наладзілася ўзаемаразуменне. Баявая работа вялася ў радыёэфіры, у паветры і на зямлі — у комплексе гэта дазволіла паспяхова выканаць усе пастаўленыя задачы.

Задаволены вынікамі работы вайскоўцаў і камандзір 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады палкоўнік Аляксандр ЦІШКЕВІЧ. «Разлікі ўпэўнена ўклаліся ў часавыя нарматывы на ўсіх этапах, дзейнічалі зладжана, а дакладнасць пускаў ацэнена на «выдатна», — удакладніў ваеннаслужачы. — Не менш паспяховым аказалася і ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі. Вопыт сумеснай работы назапашаны немалы, таму мы разумеем адно аднаго ўжо з паўслова».

— Ганаруся, што давялося паўдзельнічаць у такім маштабным мерапрыемстве баявой падрыхтоўкі, — прызнаўся радавы 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады Дзмітрый ЧАСЛАЎСКІ. — Ад маіх дзеянняў залежала дакладнасць пускаў, і падвесці саслужыўцаў я проста не меў права.

А тым часам вайскоўцы, а таксама ўзбраенне, ваенная і спецыяльная тэхніка Узброеных Сіл Беларусі ўжо вяртаюцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі. Да 30 верасня вайсковыя часці і падраздзяленні Узброеных Сіл Расіі пакінуць тэрыторыю нашай краіны.

За вучэннем «Захад-2017» назіралі прадстаўнікі міжнародных арганізацый, ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных дзяржаў, акрэдытаваных пры пасольствах сваіх краін у Беларусі. Як прызналіся ваенныя назіральнікі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі, якія таксама прысутнічалі падчас эпізодаў вучэння, яны ніколі не бачылі столькі журналістаў на адзін квадратны метр. Вось чым яшчэ замежныя госці падзяліліся з карэспандэнтам «Звязды».


Рагнхілд Вэле ХУСТАД (Нарвегія):

— Сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі прайшло празрыста і адкрыта. Беларусь увогуле не абавязана была запрашаць на «Захад-2017» назіральнікаў, бо колькасць удзельнікаў вучэння не перавышае дазволеныя міжнародныя стандарты. Тое, што беларускі бок паказаў, як праходзіць вучэнне, сведчыць аб адкрытасці краіны перад АБСЕ і Еўропай.

Томас МОЛЕР (Швецыя):

— Вучэнне «Захад-2017» насіла адкрыты характар, на ўсе пытанні назіральнікі маглі атрымаць падрабязныя адказы. Я не сказаў бы, што вучэнне ўяўляла нейкую пагрозу для суседзяў Беларусі. Трэба адрозніваць вайсковыя вучэнні ад нечага іншага. Я з вялікай цікавасцю назіраў за розыгрышам баявых дзеянняў на палігоне Даманаўскі, бо сам падчас службы быў артылерыстам.

Каўпа КІЙС (Эстонія):

— Беларускія вайскоўцы зрабілі вельмі вялікую работу і даказалі ўсяму свету, што ў Беларусі створана прафесійная армія. Эстонію не непакоіць дадзенае вучэнне: гэта звычайныя манеўры, і ўсе краіны маюць права іх арганізоўваць. Што датычыцца расійскага складніка вучэння, гэта вашы суседзі, і цалкам нармальна, калі вы разам вучыцеся адпрацоўваць пэўныя задачы.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.