Вы тут

За кошт чаго развіваецца айчынная эканоміка


2015—2016 гады выдаліся вельмі цяжкімі для беларускай эканомікі. І для гэтага былі аб'ектыўныя падставы. Супала шмат негатыўных знешніх і ўнутраных фактараў. Сур'ёзнай праблемай стала сутыкненне Расіі з Захадам, якое па традыцыі прыносіць негатыўныя наступствы для размешчанай паміж імі Беларусі.


Узаемныя санкцыі двух праціўнікаў ударылі па перавозках у транзітнай Беларусі, пазбавіўшы эканоміку часткі даходаў. Меры Захаду па прымушэнні Расіі да той палітыкі, што яму больш даспадобы, нанеслі сур'ёзны ўдар па расійскай эканоміцы, ключавым рынку для збыту беларускай прадукцыі. Украіна, акунуўшыся ў грамадзянскую вайну і адрэзаная ад расійскага рынку, стала набываць нашмат менш беларускай прадукцыі, а гэта другі найважнейшы рынак для беларускіх экспарцёраў. Супала так, што прыкладна ў той жа перыяд рэзка ўпалі цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю на сусветным рынку, а гэта адзін з найважнейшых напрамкаў беларускага экспарту. Больш за тое, нізкія цэны на харчовыя тавары ў свеце непазбежна цягнуць для Беларусі наступную праблему — падзенне цэн на калійныя ўгнаенні, рэсурс, які знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці і які прыносіць значныя прыбыткі для бюджэту.

Непрыемным фактам сталі і праблемы сусветнай металургічнай галіны. Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны, Беларускі металургічны завод, прайшло вельмі дарагую мадэрнізацыю па найлепшых сусветных стандартах, але ў момант, калі гэта павінна было пачаць прыносіць плён, цэны на металургічныя вырабы значна ўпалі. Замест чаканых даходаў ад сучаснай вытворчасці прыйшлося траціцца на яе захаванне. Вельмі вялікія страты панесла будаўнічая галіна, у новай сітуацыі вельмі абмежаваных рэсурсаў ранейшыя аб'ёмы будаўніцтва сталі немагчымыя. Трэба адзначыць, што ў Беларусі ад непрыемнага супадзення мноства негатыўных фактараў пацярпелі аднолькава і прыватныя, і дзяржаўныя прадпрыемствы.

Што чакаць у бягучым годзе і наступным? Прыемна адзначыць, што, верагодна, 2016 год быў найгоршым годам у скрыжаванні мноства праблем для беларускай эканомікі, і цяпер краіне будзе лягчэй з кожным наступным годам. Першыя даныя па эканоміцы гэтага года выклікаюць стрыманы аптымізм. За студзень—жнівень ВУП краіны вырас на 1,6 працэнта, што знаходзіцца ў прыемным кантрасце з падзеннем у 2015 і 2016 гадах. Якія фактары прывялі да пазітыўных наступстваў і змены чаканняў з негатыўных на станоўчыя?

Перш за ўсё, Расія пачала адаптавацца да той цяжкай сітуацыі, у якой апынулася. Несумненна, што страта сотняў мільярдаў долараў у выніку дзеянняў Захаду па ўвядзенні санкцый і арганізацыі падзення цэн на нафту і нафтапрадукты на сусветным рынку нанеслі ёй вялікую шкоду. Але несумненна і тое, што ў расійскай эканомікі заўсёды быў вялікі патэнцыял, а наяўнасць уласных прыродных рэсурсаў палегчылі сітуацыю. Акрамя таго, санкцыі маглі б быць нашмат больш жорсткімі, як гэта было зроблена Захадам супраць Ірана па яго ядзернай праграме, і нанесці нашмат большую шкоду. У выніку расійская эканоміка спыніла падзенне і пачала аднаўляцца, сталі расці зарплаты, якія рэзка ўпалі пасля пачатковага перыяду супрацьстаяння, а, такім чынам, да беларускіх экспарцёраў сталі вяртацца магчымасці па збыце сваёй прадукцыі на найважнейшы экспартны рынак. Дадатковым пазітыўным фактарам стала больш спрыяльная цанавая кан'юнктура па шэрагу экспартуемых Беларуссю тавараў. У выніку ў студзені—ліпені 2017 года беларускі экспарт вырас на 24,4 працэнта ў параўнанні з тым жа перыядам мінулага года.

Наступным фактарам стаў невялікі, але ўсё ж пазітыў у эканоміцы Украіны. Падзенне спынілася, пачаўся невялікі рост эканомікі, і намеціўся рост заробкаў, якія апусціліся ў 2014—2015 гадах на непрыстойна нізкі для Еўропы ўзровень. У студзені—ліпені 2017 года беларускі экспарт вырас на 19,1 працэнта.

Стаў ажываць і казахстанскі рынак, які цяжка перанёс падзенне цэн на нафту. Экспарт вырас на 64,8 працэнта.

З іншых значных рынкаў у 2017 годзе найбольш сур'ёзна парадаваў брытанскі, на які экспарт беларускіх тавараў фактычна падвоіўся.

Для аднаўлення транзітных перавозак, пацярпелых з-за аб'ёмаў перавозак паміж Расіяй і Захадам, якія рэзка ўпалі, ключавую ролю адыграла ініцыятыва «Аднаго пояса — аднаго шляху», якая рэалізуецца разам з Кітаем. Кантэйнерныя перавозкі паміж Кітаем і ЕС па тэрыторыі Беларусі растуць імклівымі тэмпамі, падвоіўшыся ў 2016 годзе.

Найбольшую трывогу ўсё ж выклікае стан спраў у будаўнічай галіне. У студзені—жніўні 2017 года яна асела на 7,7 працэнта. Між тым будаўнічая галіна вельмі важная для ўпэўненага аднаўлення эканомікі пасля страт у папярэднія гады. Будаўніцтва дае заказы для мноства іншых галін, падахвочваючы і іх эфектыўна развівацца.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Загаловак у газеце: Прыемныя чаканні?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.