23 студзеня, аўторак

Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Што: «Прыгоды прынца Фларызеля»

Дзе і калі: МІР, 23 верасня ў 10.40 і 23.55

Трохсерыйны прыгодніцка-іранічны дэтэктыў, зняты паводле твораў Р. Л. Стывенсана (так-так, аўтара знакамітага «Вострава скарбаў»), выйшаў на экраны ў 1981 годзе. Майстэрства рэжысёра Яўгена Татарскага і бліскучага акцёрскага ансамбля — Алег Даль, Данатас Баніёніс, Ігар Дзмітрыеў і многія іншыя — ператварылі пародыю на аванцюрны жанр у самастойны мастацкі твор.

Кіраўнік невялічкай дзяржавы Бакардзіі прынц Фларызель нудзіцца настолькі, што выпраўляецца ў падарожжа з мэтай развеяцца. Аднойчы ён выратоўвае маладога мастака, які збіраўся скончыць жыццё самагубствам, і дзякуючы гэтаму даведваецца пра загадкавы «Клуб самазабойцаў», якім кіруе нейкі Старшыня...


Што: «На нажах»

Дзе і калі: «Беларусь 2», шточацвер у 13.05 і 20.55

Гэты праект — умоўна кажучы, яшчэ адна бульбіна ў вялізны чыгун кулінарных праграм. Праўда, дзеля разнастайнасці стваральнікі расійскага рэаліці-шоу выйшлі з утульнай кухні-студыі і накіраваліся напрасткі ў глыбінку — па стратных кафэ і рэстаранах правінцыйных гарадоў.

Экзамен на прафпрыдатнасць мясцовыя работнікі грамадскага харчавання здаюць не каму-небудзь, а кулінарнаму гуру — вядомаму рэстаратару, шэф-повару з 20-гадовым стажам Канстанціну Іўлеву. Яго ж задача — выправіць халатнасць, нядбайнасць і неадукаванасць персаналу і за месяц з дапамогай шокавай тэрапіі, цяжкай рукі і памкнення да дасканаласці ператварыць стратныя рэстараны ў прыстойныя і папулярныя месцы. Хто з рэстаратараў рызыкне прыняць жорсткія правілы гульні шэф-майстра і чым гэта ўсё скончыцца?


Што: «Харчовая фабрыка»

Дзе і калі: Dіscovery Channel, штодня па буднях у 9.30, 15.00, 21.00 і 6.20

Вы ўпэўнены, што кансервы фабрычнай вытворчасці шкодныя, а крупы або ёгурты — карысныя? Канадскія тэлевізійнікі дазволілі сабе засумнявацца ў быццам бы відавочных рэчах і знялі маштабны дакументальны серыял «Харчовая фабрыка», які вось ужо 6 сезонаў з поспехам ідзе ў розных краінах свету.

Вядучыя ў кампаніі ўсюдыісных тэлекамер заглядваюць на вытворчыя лініі буйных харчовых камбінатаў і высвятляюць, з чаго і як насамрэч робяцца салодкія пончыкі і морква па-карэйску, канцэнтраты з агародніны для супоў і глазураваны пламбір, замарожаная піца і лакрычныя цукеркі, гарчычны соус, кашэрная соль і яшчэ тысячы прадуктаў, якія мы з'ядаем, не задумваючыся над падрабязнасцямі іх «біяграфіі». Паралельна з экскурсіяй аўтары фільмаў расказваюць цікавыя факты пра той ці іншы прадукт. Напрыклад, ці ведалі вы, што ЗША лічацца найбуйнейшым у свеце спажыўцом цукерак? Паводле статыстыкі апошніх гадоў, на кожнага жыхара гэтай краіны прыпадае ад 10 да 12 кіло цукерак у год!

Загаловак у газеце: Паехалі!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Хойніцкі, Брагінскі і Жлобінскі раёны афіцыйна адносяцца да тых, дзе адзначаецца самы высокі ўзровень беспрацоўя — 0,8 %.

Грамадства

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Што насамрэч адбываецца на мяжы Швейцарыі і Францыі, дзе на глыбіні каля ста метраў размяшчаецца Вялікі адронны калайдар?

Грамадства

Як мы наведалі курсы перападрыхтоўкі для беспрацоўных

Як мы наведалі курсы перападрыхтоўкі для беспрацоўных

Не так даўно навукоўцы выявілі, што стрэс ад страты або змены месца працы ўваходзіць у топ-3 самых моцных негатыўных перажыванняў сучасных людзей.