Вы тут

... Адкрытыя!


Афішы сведчаць: асноўныя тэатры краіны расчынілі дзверы для гледачоў. Чым адметны пачатак тэатральнага сезона?


Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы

Новы 98-ы тэатральны сезон Купалаўскага тэатра традыцыйна распачаўся з «Паўлінкі», якая цягам свайго існавання ператварылася ў яго візітоўку. Ды і як яшчэ пачынаць дзейнасць тэатра імя Янкі Купалы, калі не са спектакля паводле знакамітага твора нашага Песняра? «Паўлінка» — найстарэйшы спектакль тэатра (прэм’ера адбылася яшчэ ў 1943 годзе), але дасюль карыстаецца нязменным попытам: персанажы з нацыянальным каларытам, сакавітая беларуская мова, займальны сюжэт, народны гумар і таленавітыя артысты робяць пастаноўку актуальнай ва ўсе часы. Сцэны са шляхецкага жыцця ад рэжысёра Льва Літвінава прадэманстравалі яшчэ 3 верасня, а пасля традыцыйнага спектакля далі прэм’ерны. Адметна, што «Запалкі» створаныя па п’есе беларускага сучаснага драматурга Канстанціна Сцешыка рэжысёрам Таццянай Ларынай. Прадставілі пастаноўку 5 і 6 верасня.

Зараз Купалаўскі тэатр дбае пра прэм’еры наступнага года: Мікалай Пінігін пачынае працу над Гогалеўскім «Рэвізорам», а Алена Ганум — над спектаклем «Зямля Эльзы».

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа

 Чарговы тэатральны сезон у галоўным драматычным тэатры Віцебска адкрыўся гастролямі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. НАДТ імя М. Горкага прывёз у горад над Дзвіной пастаноўкі італьянскага рэжысёра Матэа Сп’яцы: 7 верасня паказалі «Viva Commedia!» — сучасны варыянт знакамітай камедыі дэль артэ, а сёння, 8 верасня, на сцэне Коласаўскага тэатра пройдзе беларуска-італьянскі варыянт самай вядомай камедыі Гальдоні «Карчмарка». Нечаканая апрацоўка «Карчмаркі» раскрывае таямніцы сцэнічнага жыцця. Дзеянне падзяляецца на два пласты: перад гледачом адначасова разгортваюцца расповед пра прыгажуню карчмарку, што заваёўвала сэрцы ўсіх мужчын, і жыццё акцёраў, якія рэпеціруюць гэтую пастаноўку.

Першым спектаклем з уласнага рэпертуару тэатра ў 92-м сезоне стане «Несцерка», які ў 2016 годзе святкаваў 75-гадовы юбілей. Для Коласаўскага тэатра «Несцерка» значыць тое ж, што «Паўлінка» — для Купалаўскага. Праз ролі ў гэтай пастаноўцы прайшлі ці не ўсе артысты тэатра, а вясёлыя прыгоды абаяльнага персанажа па матывах беларускіх народных казак каторы год вабяць гледачоў.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага

Як і Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, Горкаўскі тэатр сёлета святкуе 85-гадовы юбілей. Ужо адбыліся паказы пастановак Валянціны Ераньковай «Інтымная камедыя», «Тэстастэрон» і «Жаніхі» — менавіта з іх пачалося вяртанне са жнівеньскага адпачынку. Верасень для тэатра адзначаны гастролямі. Акрамя таго, што ўласныя спектаклі беларуска-італьянскага праекта Горкаўскага тэатра выправіліся ў Коласаўскі тэатр Віцебска, у Мінску сустракаюць трупу Магнітагорскага драматычнага тэатра імя А. С. Пушкіна. У межах гастролей сёння пройдзе камедыя «Вынаходлівая закаханая» паводле Лопэ дэ Вега, заўтра — меладрама «Цёмныя алеі» паводле кнігі І. Буніна. Завершацца гастролі драмай Яўгена Грышкаўца «Зіма» (рэжысёр Антон Без’языкаў).

Пакуль на сцэне ідуць гастрольныя спектаклі, у гледачоў ёсць шанец набыць квіткі на прэм’ерны спектакль бягучага года «Падводнікі» па п’есе беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка (рэжысёр Сяргей Кавальчык), які пакажуць 22 верасня.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

Тут 26-ы тэтральны сезон адкрываецца традыцыйным спектаклем «Адвечная песня» паводле Янкі Купалы. Чакаем першую прэм’еру сезона: аўтарскую пастаноўку Яўгена Карняга «Бетон» (мастак Таццяна Нерсісян, кампазітар Мікіта Залатар) прадставяць 28 і 29 верасня.

Як і іншыя нацыянальныя тэатры Беларусі, РТБД на пачатку восені звярнуўся да гастрольнай практыкі. У верасні пройдуць абменныя гастролі з Новым тэатрам імя Казімера Дэймка (горад Лодзь): у Польшчу паедзе спектакль «Чарнобыльская малітва» Святланы Алексіевіч у пастаноўцы Бруна Бусаголя і Валерыя Анісенкі, а беларусы ўбачаць спектакль «KOBRO» (рэжысёр Івона Сікержыньска). У кастрычніку спектаклі РТБД «Беларусь. Дыдактыка» Аляксандра Марчанкі і «Дзённік паэта (Інтымны дзённік)» Сяргея Кавалёва (пастаноўка Віталя Баркоўскага) выправяцца на польскі фестываль «Напрамак — Усход» у Беласток. У лістападзе тэатр возьме ўдзел у Днях культуры Беларусі ў Грузіі са спектаклем «Ціхі шэпт сыходзячых крокаў» паводле Дзмітрыя Багаслаўскага.

Падрыхтавала Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто купляе каралеўскую птушку?

Хто купляе каралеўскую птушку?

Фазанавая ферма ў Гродзенскім раёне павялічвае кола спажыўцоў.

Грамадства

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Напярэдадні Дня маці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло анлайн-канферэнцыю «Дзяржаўная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.