Вы тут

“Terra poetica” выклікала ажыятаж на Маскоўскай кніжнай выставе


У паэтычны альманах з такой назвай увайшлі творы паэтаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Ці то ў Маскве сапраўды ратуюць за інтэрнацыянальнае сяброўства. Ці то чытанне вершаў – гэта заўсёды космас, побач з якім хочацца спыніцца і прыслухацца. Ці то проста вядоўцамі прэзентацыі былі асобы вядомыя і любімыя многімі – Міхаіл Швыдкой, тэатральны крытык і Спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве і Андрэй Каровін, арганізатар фестываляў, паэт, творы якога таксама ўвайшлі ў альманах. Але гэта імпрэза атрымалася надзвычай масавай і, што таіць, душэўнай.


Сярод мінакоў, што спыніліся (ці спецыяльна завіталі, каб паслухаць вершы паэтаў трох краін) былі заўважаны рэжысёр, тэлевядучы Юлій Гусман, дырэктар выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" Уладзімір Андрыевіч, загадчыца аддзела паэзіі часопіса “Дружба народов” Галіна Клімава і многія іншыя.

Усе ўдзельнікі прэзентацыі чыталі вершы на сваёй мове. І гэта не перашкаджала ім разумець адно аднога і адчуваць нябачную музыку паэзіі, якая сапраўды знаходзіцца па-над многімі ўмоўнасцямі жыцця.

– Аднойчы вялікая кампанія маскоўскіх, украінскіх і беларускіх паэтаў сабралася, каб пагаварыць пра сваю творчасць. Было вырашана сабрацца на паэтычныя чытанні, – адзначыў Міхаіл Швыдкой. – Такім чынам, быў створаны гэты альманах –  паэтычны зборнік на трох мовах. Мы лічым, што гэта – унікальныя мовы, кожная ў сваім нораве, хоць чымсьці яны, як вы пачуеце, падобныя. Тут пад адной вокладкай маладыя паэты з трох краін. На прэзентацыях, якія ўжо адбыліся ў Мінску і Кіеве, яны паабяцалі адно аднаму вечнае сяброўства. Дамовіліся сустракацца яшчэ, што, у прынцыпе, тут і адбываецца.

Спецыяльны прадстаўнік Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой

Ад Беларусі на прэзентацыю альманаха ў Маскву завіталі Ніна Лістота і Міхась Башура. Іх творы, прачытаныя па-беларуску на міжнароднай пляцоўцы, былі добра ўспрыняты гледачамі. Па вачах прысутных было бачна, што паэтычнае слова кранае і знаходзіць водгук у наведвальнікаў выставы.

“Паэзія пішацца не словамі, а прамежкамі і скразнякамі,” – адзначыла расійская паэтка Інга Кузняцова. І тут меўся на ўвазе асаблівы стан адкрытасці свету, які маюць прадстаўнікі гэтага рамяства. Акрамя яе і Андрэя Каровіна Расію прадстаўлялі Дмітрый Танканогаў і Яна-Марыя Курмангаліна. Ад украінскага боку на сцэну выйшла Алена Марчанка, якая дапамагала ў складанні зборніка, і прачытала ўласны твор.

Інга Кузняцова чытае свае вершы з "Terra poetica"

Цікава было ўбачыць на выставе і яшчэ аднаго беларуса – пісьменніка Вячаслава Бандарэнку – чыё выступленне таксама выклікала зацікаўленасць публікі. На стэндзе выдавецтва “Маладая гвардыя” ён прэзентаваў свае кнігі – “Лаўр Карнілаў”, “Героі Першай сусветнай” і “Легенды белай справы”. Тут сабралася шмат ахвотных паслухаць меркаванні пісьменніка адносна гісторыі пачатку XX стагоддзя. Адчувалася, што Бандарэнку сапраўды давяраюць, як прызнанаму аўтарытэту, і задаюць яму хвалюючыя пытанні: “А што было б з нашай гісторыяй, калі б...” І на такія досыць метафарычныя запыты Вячаслаў адказваў вельмі аргументавана і ўзважана.

Аўтограф-сесія Вячаслава Бандарэнкі

На беларускім стэндзе папулярнасцю карыстаўся друкарскі станок, прывезены гісторыкам, калекцыянерам з Мінску Уладзімірам Ліхадзедавым. Сярод ахвотных зрабіць паперу з ільну сваімі рукамі, а пасля аддрукаваць гатовы водціск на станку, былі і высокапастаўленыя асобы розных краін, і журналісты расійскіх і іншых замежных сродкаў масавай інфармацыі, і проста шматлікія зацікаўленыя мінакі. Побач, натуральна ж, была прадстаўлена падборка беларускіх выданняў, прысвечаных Францыску Скарыну.

Прыемна, што Гран-пры 14-га Міжнароднага конкурсу дзяржаў-удзельніц СНД "Мастацтва кнігі" атрымала кніга "Сусветная спадчына Францыска Скарыны", выдадзеная на беларускай, рускай і англійскай мовах выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Уручаючы ўзнагароду, выканаўчы дырэктар Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД Анатоль Іксанаў падкрэсліў, што 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, якое адзначаецца ў гэтым годзе, – значная дата не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Садружнасці. У сваю чаргу дырэктар выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" Уладзімір Андрыевіч адзначыў: "Беларускія выдаўцы імкнуцца захоўваць і працягваць традыцыі Скарыны – выпускаць якасныя і цікавыя кнігі".

Згодна з умовамі конкурсу, уладальнік Гран-пры атрымлівае спецыяльны прыз ад Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва: сродкі на падрыхтоўку дадатковага накладу і рассылку кніг у нацыянальныя бібліятэкі краін СНД.

Выдавецкі дом "Звязда" адзначаны дыпломам другой ступені ў намінацыі "Дыялог культур" за кнігу "Сустрэчы з роднымі і блізкімі".

Варта адзначыць, што Маскоўская міжнародная кніжная выстава-кірмаш – адна з трох найбуйнейшых кніжных выстаў Еўропы. Разам з Масквой у тройцы лідараў кніжных сталіц Франкфурт і Лейпцыг.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?

Культура

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

Фалькларыст і этнахарэограф Сяргей Выскварка ведае, што кажа. 

Грамадства

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць.