Вы тут

Дэпутаты выступілі з антыалкагольнай ініцыятывай


«Нядаўна зайшлі з малодшым сынам у краму недалёка ад дома, — расказвае мінчанка, маці траіх дзяцей Вольга МАРТЫНЕНКАВА. — Узялі малако, хлеб, ёгурт, ідзём да касы. А там побач з цукеркамі і вафлямі — пляшкі з гарэлкай стаяць ды таннае віно. Сын глядзіць на чупа-чупсы, снікерсы, пераводзіць позірк на бутэлькі і пытаецца: «А што гэта такое?» Спрабую растлумачыць, што да чаго, і данесці, чаму набываць напоі мы не будзем. Думаю, і дарослы даросламу не заўжды абгрунтуе, чаму ўжываць не варта. А тут дзіця. Сын кіўнуў, змаўчаў, але, баюся, што патрэбных слоў я не адшукала. Ды яшчэ мужчына за намі папрасіў даць яму біклагу... Непрыемна, калі аказваешся ў такой сітуацыі, ды яшчэ і паўплываць на яе не можаш».


Другому сыну Вольгі, студэнту, нядаўна споўнілася 18 гадоў. І няхай маці перакананая ў тым, што хлопца выхавала добра, але думка, што цяпер ён можа сам набываць спіртное, не пакідае яе. «Я не разумею, чаму дагэтуль узрост, з якога можна прадаваць спіртныя напоі, яшчэ не паднялі. Няўжо хтосьці хоча зарабіць на здароўі нашых дзяцей?» — пытаецца Вольга.

Аднак нельга сказаць, што для таго, каб беларусы меней ужывалі алкагольных напояў, нічога не робіцца. Напрыклад, у Заводскім раёне Мінска шмат гадоў спрабуюць змагацца за тое, каб яго жыхары менш злоўжывалі спіртным. Па словах Іны ПУСТАВІТ, намесніка галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 21-й цэнтральнай раённай паліклінікі Заводскага раёна Мінска, сакратара камісіі па барацьбе з п'янствам Заводскага раёна, ужо праводзіцца шмат культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, каб заняць дзяцей і іх бацькоў, студэнтаў і працуючую моладзь па інтарэсах. Таксама ў раёне спрабавалі ў якасці эксперымента абмяжоўваць час продажу алкаголю. Аднак існуючае заканадаўства гэтага не дапускае: такога плана абмежаванні можна ўвесці ці падчас правядзення выпускных вечароў, ці падчас масавых спартыўных мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю здаровага ладу жыцця. А абмежаванне продажу ў начны час пад гэты пункт не падпадае.

«Мы звярталіся з прапановай да гандлёвых аб'ектаў, размешчаных паблізу ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, інтэрнатаў, прахадных прамысловых прадпрыемстваў. Так, уздоўж Партызанскага праспекта знаходзіцца 21 аб'ект гандлю не далей чым за 500 метраў ад іх», — тлумачыць Іна Пуставіт. Таксама была ідэя абмежаваць продаж не толькі ноччу, але і, напрыклад, падчас заканчэння змены на заводзе ці вучэбнага дня ў школе. Зноў жа заканадаўства такую меру выкарыстоўваць не дазваляе.

Між тым, у стане алкагольнага ап'янення здзяйсняецца большасць цяжкіх злачынстваў, гэта таксама і асноўная прычына сямейна-бытавога гвалту. Ужыванне алкаголю прыводзіць да атручвання з самымі цяжкімі наступствамі: у такім стане людзі атрымліваюць большасць траўмаў, якія часта прыводзяць да інвалідызацыі, тлумачыць спецыяліст.

З антыалкагольнай ініцыятывай выступілі і члены Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Да 1 кастрычніка дэпутаты разам з зацікаўленымі міністэрствамі ўнясуць свае прапановы па процідзеянні алкагалізацыі насельніцтва ва ўрад. З боку парламентарыяў такіх ініцыятыў цэлы шэраг. Гэта забарона на продаж алкаголю на аўтазапраўках, асобны ад іншых аддзелаў продаж спіртнога ў буйных магазінах, абмежаванне часу продажу, прапанова зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да тары, у якой прадаецца спіртное (да аб'ёму і таго, што, напрыклад, піва ёсць і ў «бюджэтным» пластыкавым фармаце). А таксама падняцце ўзроставага парога продажу алкаголю, забарона выкарыстання алкагольнай тэматыкі ў напоях для дзяцей (дзіцячае шампанскае).

Пакуль галоўны аргумент тых, хто не падтрымлівае такія меры па процідзеянні алкагалізацыі насельніцтва, — эканамічная немэтазгоднасць, кажа Вольга Паліціка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, адна з ініцыятараў унясення змен у заканадаўства. Маўляў, гэта ж даходная частка бюджэту, з якой пасля выплачваецца грашовая дапамога неабароненым слаям насельніцтва. «Каб параўнаць эканамічную выгаду і шкоду, якую наносіць злоўжыванне алкаголем, — трэба мець методыку поўнай ацэнкі шкоднасці. У нас яе няма. Алкаголь складае 10% ад агульнага рознічнага тавараабароту, — лічыць дэпутат. — Так, мы атрымліваем прыбытак ад акцызаў, а колькі гіне на вытворчасці, атрымлівае траўмы ад таго, што выпівае, колькі ДТЗ па той жа прычыне? Гэтыя людзі выпадаюць з жыцця і эканомікі! Алкаголь з'яўляецца галоўнай прычынай сацыяльнага сіроцтва. Менавіта таму зараз адно з галоўных пытанняў — распрацаваць комплексную методыку ацэнкі шкодных наступстваў ужывання алкаголю ў цэлым для эканомікі краіны».

Міністэрства аховы здароўя канстатуе, што ўжыванне алкаголю на душу насельніцтва зніжаецца. «Так, у канцы 2016 года гэта было 8,8 літра на душу насельніцтва, г. зн. улічваюцца грамадзяне ўсіх узростаў.

Паводле даследаванняў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ужыванне больш як 8 літраў этылавага спірту на чалавека, старэйшага за 15 гадоў, прыводзіць да генетычнага выраджэння нацыі. А калі зрабіць падлікі па методыцы арганізацыі, для Беларусі гэты паказчык складзе 10,5 літра!» — прыводзіць аргументы Вольга Паліціка.

Парламентарый кажа, што, напрыклад, не бачыць контраргументаў, чаму зараз жа нельга павысіць узрост, з якога можна набываць алкаголь. У краінах Скандынавіі барацьба з алкагалізмам налічвае не адно дзесяцігоддзе, і там гэта мера дзейнічае. У Нарвегіі з 18 гадоў можна набываць напоі, слабейшыя за 22 градусы, а з 20 гадоў — усе.

«Чамусьці алкаголь у нас супастаўляецца з даросласцю: у 18 можна жаніцца, могуць у армію забраць, а выпіць нельга? Але ці гэтым мераецца ўзрост? Да таго ж у нас няма культуры піцця: часта людзі бяруць няякасны танны алкаголь, які сапраўды шкодзіць, і ўжываюць яго ў вялікай колькасці», — кажа дэпутат.

Вера ШАЎЧЭНКА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Калі і без 100 грам добра

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.