Вы тут

Што рабіць, калі не маеш уласнага замка?


Гісторыю робяць упартыя. І тыя, хто не баіцца падавацца іншым дзівакамі. Хутчэй наадварот, людзі, напэўна ж, будуць задаваць пытанні, разводзіць рукамі ў неразуменні... Праз пару хвілін увогуле забудуць пра тваё існаванне і спыняць свой здзеклівы смех. І толькі праз гады (тваёй упартай і няспыннай працы), калі стануць бачныя вынікі, яны моцна здзівяцца яшчэ раз: «Вой, а калі паспеў?.. І чаму ў мяне няма такога?..» Насамрэч шанцы ад пачатку роўныя ва ўсіх.


Ад­ноў­ле­ны  Люб­чан­скі за­мак.

Іван Пячынскі, дырэктар Дабрачыннага фонду «Любчанскі замак» распавядаў, што ў яго жыцці ўсё змяніла цяжкая хвароба. Аднойчы стала вельмі дрэнна, трапіў у бальніцу. Было адчуванне, што лёс вось-вось можа абарвацца. Адразу перад вачыма пранеслася ўсё жыццё... Што ў ім было, што значнага паспеў зрабіць? Тут жа прыгадалася, што ў родным мястэчку Любча стаіць занядбаны замак. Паступова ператвараецца ў руіны (ён ужо быў руінамі на той час), запаўняецца смеццем. Прыгадалася, як у школьныя гады гулялі ў баскетбол у адной з вежаў, не дбаючы моцна пра яе гістарычнасць... Іван Антонавіч тут жа паабяцаў сабе, што калі ўдасца выкараскацца, то прысвеціць сваё жыццё аднаўленню старажытнага мура на малой радзіме... Хтосьці падумае, што гэта блюзнерства. Іншы, выздаравеўшы, забудзецца на свае абяцанні. Але не Пячынскі. Жыццё падарыла яму другі шанц. І гэты шанц стаў таксама і карткай у новае жыццё для старажытнага мура.

Іван Антонавіч любіць прыгадваць, што ў яго характарыстыцы — яшчэ з тых часоў, як служыў у войску — напісана: «Пачатую справу даводзіць да канца». Таму ўзяўшыся і за гэты гуж, ён аказаўся моцным.

Усё пачыналася спакойна і не шумна. З афармлення дабрачыннага фонду. Са збору вакол сябе аднадумцаў. З вывазу на возе смецця з сутарэнняў вежаў.

Знаёмыя архітэктары заселі за распрацоўку канцэпцыі і пошук гістарычных матэрыялаў, каб даведацца, як выглядаў замак? Давялося час патраціць і на пошук спонсараў: не кожны зробіць уклад у руіны.

Дырэктар фонду спачатку на многае вырашыў не замахвацца. Пасля навядзення элементарнага парадку, вырашылі паспрабаваць аднавіць Кутнюю вежу (пазней яна атрымае назву Валанцёрская, бо ў многім была зроблена сіламі добраахвотнікаў).

Памятаю свой першы прыезд у валанцёрскі летнік у Любчу. Напярэдадні запаўняла анкету, пісала, чым магу быць карыснай у справе аднаўлення. А калі мне ператэлефанаваў тагачасны каардынатар валанцёрскай групы Аляксей Скок і паведаміў, што ў пачатку жніўня магу прыязджаць, я была на сёмым небе ад шчасця. Мае прадчуванні апраўдаліся. Жыццё сапраўды робіцца іншым, калі пачынаеш мець «уласны» замак, дзе хоць бы адна цаглінка ўкладзена тваімі рукамі, хоць бы пару метраў бэлек пафарбаваны табой. Замак рэальны, а не паветраны.

Мне спадабалася валанцёрская праца. Гэта яскравае ўсведамленне, што ты робіш штосьці карыснае на старажытным муры і пры тым абсалютна па сваёй ахвоце, не беручы і не чакаючы ніякіх грошай. Гэта дае неймавернае адчуванне свабоды. А яшчэ Любчанскі замак падарыў мне першае беларускамоўнае кола сяброў.

...Неяк мяне падвозіў адзін з жыхароў Любчы. Ён распавядаў, што напачатку да новага занятку братоў Пячынскіх (Івану Антонавічу дапамагае яшчэ і Генадзь Антонавіч) адносіліся досыць паблажліва. Маўляў, няма чаго рабіць мужыкам, дык з замкам пачалі забаўляцца. Але калі прайшлі гады, з'явіліся спонсары, якія ўклалі свае грошы ў аднаўленне, а Любчанскі мур унеслі ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі», тады лёгкая іронія мясцовых замянілася глыбокай павагай і нават крышачку зайздрасцю. Учора Пячынскія былі дзівакамі, што вывозілі смецце з руін. А сёння гэта людзі, у якіх усё атрымалася. Аднавіць цэлы замак. Гэта прэцэдэнт не толькі для ўсёй Беларусі. Унікальны выпадак і для блізкага замежжа, калі цэлы замак аднаўляецца сіламі прыватнай асобы (натуральна, дзякуючы камандзе, якую ўдалося сабраць, пры падтрымцы Прыёрбанка, фірмы Сараrоl, БНТУ і БДТУ і многіх іншых устаноў і асоб).

Усё гэта яшчэ раз пацвярджае, што паміж дзівацтвам і вялікімі ўчынкамі, якія змяняюць ход гісторыі хоць бы уласнага рэгіёна, усяго адзін крок.

Галь­шан­скі за­мак  у вір­ту­аль­най рэ­кан­струк­цыі.

Але што рабіць, калі «ўласнага» замка не маеш?.. Можна яго дадумаць, як зрабіў Ахрэм Белабровік. Нядаўна ў Нацыянальным гістарычным музеі была прэзентавана 3D-рэканструкцыя (віртуальная) Крэўскага і Гальшанскага замкаў. У рэальнасці сёння ад іх засталіся толькі «рамантычныя руіны». Аднак з дапамогай спецыяльных акуляраў можна ўбачыць гэтыя замкі такімі, якімі яны былі колькі стагоддзяў таму.

У змакетаваным свеце адчуваецца веліч, размах, маштаб старажытных муроў. Гэта вам не маляваныя дэкарацыі для заакіянскіх галівудскіх фільмаў. Гэта злепак нашай уласнай гісторыі. Яе подых з даўніх часоў, што дзіўным чынам даносіцца да нас, сучасных, што жывуць у ХХІ стагоддзі.

Убачыць такі віртуальны замкавы свет — не менш карысна, чым прачытаць цэлую кнігу пра старажытны мур. Бо яскрава праглядаецца эпоха, і робіцца зразумелым, што мелі мы нешта ну вельмі адметнае!

Ахрэм Белабровік — таксама энтузіяст. Ён рабіў свой праект у вольным ад працы час. Сядзеў вечарамі і, нібы той муляр, што па цаглінцы збірае сцяну, па пікселі вымалёўваў спачатку Крэўскі, а затым і Гальшанскі замкі.

Хтосьці можа задацца пытаннем, а навошта ўвогуле рабіць віртуальныя замкі? Гэта ўсяго выява, хоць і цікавая. Ці не лепш было б укласці грошы і час у рэальнае аднаўленне ці набыццё старажытных прадметаў? Адказ на такія магчымыя пярэчанні добра сфармуляваў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Артур Рыжкоў: «У наш час трэба выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі для візуалізацыі нашай гістарычнай спадчыны. І са свайго боку кансерваваць тое, што засталося... Бо энергетыка захоўваецца ў тых руінах, што бачылі сваіх уладароў, прачулі тагачасныя падзеі і перадаюць атмасферу. Трэба спыніць разбурэнне. І больш актыўна ствараць розныя калязамкавыя турыстычныя маршруты... Пасля таго, як я пагуляў у гэтых акулярах, мне хочацца сапраўды з'ездзіць у тыя замкі, падняць гістарычныя матэрыялы, даведацца ўсё пра іх гаспадароў. Мяне гэта ўражвае».

Як бачым, з віртуальнага, добра ўяўленага і пачынаецца ўсё рэальнае. Спачатку мара, тое, што імкнецца схавацца за далягляд. Але ты, вынасіўшы і выпесціўшы ў сваім сэрцы ідэю, пачынаеш яе ўвасабляць. Крок за крокам. Нібы дзівак. А можа той, каму ўдасца павярнуць ход гісторыі хоць бы на адным квадратным метры.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Абяцанні сабе

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.