Вы тут

Ігрушавае варэнне


Сёлета яблыкаў у вёсцы няма зусім: зрэдку блісне паміж галін ды лісця якая антонаўка, дый той такімі дажджамі ды вятрамі ўтрымацца на дрэве складана. Урадзіла толькі груша ў маладым садзе, яе салодкія мяккія плады сорту дзюшэс сыпаліся ў траву кожны дзень, вабячы ўсіх навакольных вос, падкіх на такі пачастунак. Атрымаўшы джала ў палец, я ўсё-ткі грушы сабрала і прывезла ў горад — варыць варэнне. Купіла на Камароўцы яшчэ паўлітра брусніц, каб дадаць кіслінкі. Варэнне атрымалася прыгожае — цёмна-бурштынавае, з застылымі скрылікамі і ягадкамі — і смачнае. Але не такое, зусім не падобнае на тое, што варылі з бабуліных дзічак.


Вялізнае грушавае дрэва расло каля самага вугла нашай хаты колькі я сябе помню. Колькі я сябе помню, гаспадары думалі пра тое, каб яго спілаваць: вельмі блізка ад страхі, галіны на яе кладуцца, вільгаць ад яго, дый небяспека — рухне такая махіна на хату, дык і кавалкаў не збярэш. Але кожны раз увесну яна пакрывалася шыкоўным карункавым белым вэлюмам. А пасля ў прымацаванай на ёй шпакоўні пачынаўся птушыны гармідар і можна было проста з акна бачыць разяўленыя дзюбы шпачанят, у якія клапатлівая маці дзяліла прынесеную здабычу. А пасля на галінах нечакана з'яўляліся цэлыя гронкі зялёных цвёрдых ігрушак, якія ў канцы жніўня ператвараліся ў невялікія, але вельмі салодкія жоўтыя і засыпалі ўсю зямлю ў агародчыку, не давалі спаць ноччу, барабанячы па шыферы, павісалі на кустах гашты пад вокнамі... Узімку на дрэве пасяляўся дзяцел і ці не кожны дзень упарта стукаў па ім, і ад гэтай яго ўпартасці было весела і станавілася цяплей нават самай сцюдзёнай парой... Карацей, пілаваць дрэва не было як ні ў якую пару года, яму толькі час ад часу падразалі адрослыя галіны, якія клаліся на дах ці на правады. І яно аддзячвала кожны год: нават у самыя неўраджайныя часы, калі ва ўсім наваколлі не было ні яблычка, наша дзічка духмянымі пладамі засыпала ўвесь агародчык.

Грушу тую пасадзіла ў маладосці, яшчэ, пэўна, да вайны, наша бабуля: дрэва так і звалі ў вёсцы — Аміліна груша. Нашу грушу ведалі ўсе, падчас «збору ўраджаю» ў нашым двары з кашамі перабывалі не толькі аднавяскоўцы — прыходзілі спецыяльна «ў грушы» і маміны калегі са школы, і проста знаёмыя з суседніх вёсак. Хапала ўсім, а ўжо як аб'ядаліся самі! Варылі варэнне, ставілі кампоты, але самая смаката была, калі бабка сыпала грушы на бляху і ставіла ў печ. Яны станавіліся цёмна-карычневымі і зморшчанымі, але на смак здаваліся лепшымі за самыя дарагія цукеркі. А потым у той жа печы грушы сушылі на зіму і па хаце лунаў саладкаваты незабыўны водар, які, пэўна, першым бы і прыгадаўся, калі б хтосьці надумаў спытаць, як пахне шчасце...

На грушы ніводнай кветкі не было толькі адной вясной — пасля таго, як у лютым пахавалі бабулю. Усе, хто ішоў па вуліцы, здзіўлена пазіралі на непрывычна зялёнае дрэва, успаміналі, што першы год няма яго гаспадыні, ашаломлена хісталі галовамі, прыгаворвалі: «вось ты скажы...» Але налета ў маі дрэва зноў пакрылася суцэльным вэлюмам кветак, і на пачатку восені ў нас у двары зноў было тлумна ад далёкіх і блізкіх суседзяў, якія ішлі збіраць Аміліны грушы.

Праз пару гадоў мы з мамай пасадзілі новы сад — некалькі дубчыкаў яблынь і грушку сорту дзюшэс. Здавалася, калі яны, такія малечы, вырастуць. А вось ужо гады тры тым дзюшэсам частуемся напоўніцу. Яны, канешне, вялікія і духмяныя, зеленаватыя, з крамянымі чырвонымі бакамі, зусім не падобныя на тыя жоўценькія дробныя дзічкі, якімі па-ранейшаму бабчына груша засыпала ўвесь двор. Дзічкі так і заставаліся ляжаць не пазбіранымі, бо ўжо былі нікому не патрэбныя. Не прыходзілі ўжо па іх і аднавяскоўцы — у саміх у садах павырасталі «пародзістыя» дрэвы, дый людзей з кожным годам усё менш і менш застаецца, адны дачнікі, якія ўжо, хоць, здаецца, і свае, але ж крышку чужыя... Летась я бабчыны грушы проста пазграбала металічным венікам у кучу і вынесла на сметніцу, каб не гнілі пад вокнамі ды не разводзілі вос і мурашак. Давялося зрабіць некалькі рэйсаў — ураджай, як заўсёды, быў багаты.

А сёлета бабуліна груша пачала сохнуць. Палова так і не распусцілася пасля зімы, на іншай, што ўсё ж пусціла кволыя лісцікі, не было ніводнай кветкі. Кожныя выхадныя ў жніўні я з надзеяй пазірала на дрэва — а раптам мільгане сярод лісця хоць адна дзічка. Дарэмна — галінкі былі пустыя. Пэўна, увесну грушу давядзецца ўсё ж спілаваць.

Зрэшты, бедаваць няма чаго: у маладым садзе вырасла новая. І пладаносіць кожны год, і варэнне з яе пладоў удалае. Але здаецца мне, што ўсё астатняе жыццё Аміліны дзічкі будуць праз гады смачнейшымі, чым той пасаджаны сваімі рукамі дзюшэс.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?

Культура

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

Фалькларыст і этнахарэограф Сяргей Выскварка ведае, што кажа. 

Грамадства

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць.