Вы тут

Уласны аўтамабіль больш не патрэбны?


З 24 жніўня ў Мінску запрацаваў першы ў нашай краіне сэрвіс па каршэрынгу (кароткатэрміновай арэндзе аўтамабіляў) Drіvеtіmе. Скарыстацца ім можна, калі ў вас ёсць смартфон, актыўная банкаўская карта і, вядома, вадзіцельскае пасведчанне. Наш карэспандэнт пратэсціраваў навінку і высветліў, ці зможа такі сэрвіс навязаць барацьбу таксі, а таксама ці ёсць сэнс адмаўляцца ад уласнага аўто.


Барацьба з рэгістрацыяй

Пачаць трэба з таго, што ж уяўляе сабой каршэрынг. Гэты тэрмін абазначае від кароткатэрміновай арэнды аўтамабіля са штохвіліннай або пагадзіннай аплатай, якая звычайна выкарыстоўваецца для кароткіх гарадскіх паездак. Падобная паслуга надзвычай хутка набірае папулярнасць ва ўсім свеце, паколькі чалавеку ў такім выпадку неабавязкова купляць сваю машыну, а гэта — велізарная эканомія грашовых сродкаў. Сёння ў многіх гарадах Еўропы валодаць аўтамабілем дорага і не вельмі зручна, паколькі перавагай на дарогах паступова завалодалі веласіпедысты і грамадскі транспарт. Вось і атрымліваецца, што зручней скарыстацца камфортным аўтамабілем, заплаціць невялікую арэндную плату і адправіцца па сваіх справах, маючы магчымасць пакінуць машыну ў любым з пунктаў абслугоўвання. Але ці ёсць неабходнасць у такім сэрвісе ў Беларусі?

Каб зарэгістравацца ў сістэме, трэба спампаваць праграму на свой смартфон. Але гэта толькі пачатак, паколькі каб карыстацца такой незвычайнай паслугай, трэба прайсці нямала працэдур. Спачатку новаму карыстальніку неабходна адправіць пакет дакументаў праз праграму, а ўжо потым работнікі сэрвісу вызначаць, можаш ты скарыстацца каршэрынгам ці не. Працэс, калі шчыра, даволі доўгі і не вельмі камфортны.

Чаму? Таму што патэнцыйнаму карыстальніку трэба адправіць фатаграфіі вадзіцельскага пасведчання, талона да яго, а таксама здымкі некалькіх старонак пашпарта. У канцы трэба зрабіць сэлфі са сваімі правамі. Зразумела, што ўсё гэта неабходна для спакойнай ра-
боты сэрвісу, — усё ж такі, аўтамабіль каштуе немалых грошай. Аднак многіх карыстальнікаў такі запыт можа і адштурхнуць: не кожны гатовы падаць свае дакументы на агляд пакуль не вельмі вядомага сэрвісу.

Таксама перад адпраўкай дакументаў карыстальнік знаёміцца з афіцыйным дагаворам, які неабходна будзе падпісаць. У ім існуе раздзел, які можа адштурхнуць яшчэ частку магчымых кліентаў. У падпункце «Адказнасць бакоў» прапісаны варыянты магчымых штрафаў. Напрыклад: у выпадку адключэння або пашкоджання кліентам усталяванага ў аўтамабілі мабільнага тэрмінала кліент аплачвае арэндадаўцу штраф у памеры 4 500 рублёў. Або вось: пры завяршэнні арэнды і пакідання аўтамабіля на тэрыторыі, у якую няма агульнага доступу, на тэрыторыі закрытай або спецыялізаванай стаянкі, на тэрыторыі, для доступу ў якую неабходны дазвол, а таксама пакіданне аўтамабіля з парушэннем правілаў паркоўкі, кліент аплачвае арэндадаўцу штраф у памеры 350 рублёў. Прызнаюся, калі я чытаў дагавор, з'явіліся думкі пра тое, што падпісваць дамову — не лепшая ідэя.

Тым не менш дакументы адпраўлены, з дагаворам карыстальнік азнаёмлены, цяпер неабходна адабрэнне ад сэрвісу. Дарэчы, каб атрымаць адабрэнне, кліенту павінна быць не менш за 21 год, а стаж кіравання павінен быць не менш за 1 год. Праз пяць дзён я атрымаў паведамленне, у якім было напісана, што мая кандыдатура ўхвалена і трэба прыехаць у салон мабільнага аператара, каб заключыць дагавор. Дарэчы, яшчэ адзін не вельмі камфортны момант: ужо літаральна праз гадзіну я быў у салоне сувязі, аднак у базе мая кандыдатура ўсё яшчэ не была ўхвалена. У аддзеле тэхнічнай падтрымкі мяне папрасілі пачакаць дзесяць хвілін, пасля чаго мае даныя сапраўды з'явіліся. Дагавор падпісаны, можна ехаць!

Падчас кіравання

Калі здаецца, што нарэшце ўсё гатова і можна ездзіць, усплывае прадказальная праблема. Паколькі сэрвіс толькі пачаў сваю работу, наяўных аўтамабіляў у ім папросту мала. Да канца года можа з'явіцца 100 арэндных машын, аднак пакуль там каля 40 аўтамабіляў. Таму, калі ты не працуеш ці не жывеш у цэнтры сталіцы, то шанцаў, што вольны аўтамабіль будзе ад цябе за пяць хвілін хадзьбы, вельмі няшмат. Аднак мне пашанцавала: я ішоў па плошчы Незалежнасці, тады як сэрвіс знайшоў найбліжэйшую машыну на вуліцы Ленінградскай і тут жа мне паведаміў. пяць хвілін — і я за рулём.

Што ж за аўтамабілі прапануе сэрвіс? У большай ступені — гэта маленькі хэтчбэк Rаvоn 2, які з'яўляецца блізнём Сhеvrоlеt Sраrk. Менавіта ён мне і дастаўся. Таксама сустракаюцца Rеnаult Sаndеrо Stерwау. Перад тым, як сесці ў свой аўтамабіль, абавязкова трэба яго агледзець на прадмет розных пашкоджанняў. Калі бачыце нейкае пашкоджанне — абавязкова фатаграфуйце, пасля чаго адпраўляйце ў тэхнічную падтрымку. Гэта вельмі важна, бо калі не паведаміць аб праблеме, штраф за драпіну на капоце можа прыляцець вам. Пасля агляду можна садзіцца ў аўтамабіль. Тут у чытачоў павінна паўстаць пытанне: а як адкрыць і завесці машыну? Усё проста: ключ ужо знаходзіцца ў запальванні, а адкрываецца аўтамабіль з кнопкі на смартфоне кліента.

Нездарма маленькія гарадскія хэтчбэкі карыстаюцца папулярнасцю ў Еўропе: каб перамяшчацца па горадзе і не клапаціцца аб паркоўцы, гэта ідэальны варыянт. Машына мне дасталася вёрткая і нечакана дынамічная: аўтаматычная каробка перадач працавала вельмі ўпэўнена і лёгка. Унутры месца не вельмі шмат, аднак для некалькіх чалавек і нядоўгай паездкі ў межах горада джып і не патрэбны. Адзіны мінус заключаецца ў тым, што на задніх бакавых шыбах аўтамабіля размешчана рэклама сэрвісу, што крыху перашкаджае пры выездзе з паркоўкі. Парктронікаў і камеры задняга віду ў аўтамабілі не было, а абмежаваны агляд з-за рэкламы на шкле сапраўды не спрыяў камфортнаму выезду з паркавальнага месца.

Але гэта дробязі: у цэлым, аўтамабіль вельмі прыемны ў кіраванні, абсталяваны такімі опцыямі, як кандыцыянер і Bluеtооth. Трохі збянтэжыў расход паліва: дзіўна, але такая маленькая машына расходавала 10 літраў паліва на 100 кіламетраў! Але гэта не важна, бо кліент за паліва не плаціць. Дарэчы, пра наведванне заправак: аўтамабіль неабходна заправіць, калі ўключыўся індыкатар нізкага ўзроўню паліва. Для гэтага трэба ўзяць паліўную карту ў бардачку, пін-код напісаны на карце. Пасля запраўкі трэба зрабіць фота чэка запраўкі на фоне прыборнай панэлі і даслаць у падтрымку. За кожную самастойную запраўку сэрвіс кампенсуе 15 бясплатных хвілін карыстання.

І нарэшце, самае галоўнае для любога кліента — гэта цэны. Існуе два тарыфы, якія можна абраць у пачатку паездкі, — хвілінны і сутачны. Хвіліна язды каштуе 29 капеек, хвіліна чакання — 6 капеек. У гэтага тарыфу ёсць ліміт — 70 кіламетраў, за кожны наступны кіламетр спісваецца 19 капеек. У сутачным тарыфе ўсё проста — за 24 гадзіны плаціш 99 рублёў. Ліміт — 200 кіламетраў, кожны наступны — 19 капеек. Я абраў хвілінны тарыф, і за шлях ад вуліцы Ленінградскай да рэдакцыі газеты на вуліцы Багдана Хмяльніцкага аддаў 7 рублёў 89 капеек. Так, нятанна, але ёсць нюанс: я карыстаўся сэрвісам упершыню, хвілін
пяць сышло на знаёмства з аўтамабілем, наладжванне сядзення і люстэркаў, а яшчэ 7—8 хвілін пасля завяршэння паездкі сышло на пошук паркавальнага месца. Увогуле, укласціся можна было і за 20 хвілін, што каштавала б 5 рублёў 8 капеек. А вось гэты кошт ужо цалкам супастаўны з таксі.

Які ж вердыкт?

Каршэрынг — гэта сапраўды новы варыянт для перамяшчэння па сталіцы, таму высновы пра перспектывы сэрвісу рабіць пакуль рана. Зразумела адно: у жыхароў Мінска з'явілася яшчэ адна магчымасць для таго, каб камфортна ездзіць па горадзе. Дарэчы, пра камфорт: калі вы не вельмі ўпэўнена адчуваеце сябе за рулём, то лепш скарыстацца таксі ці іншым відам транспарту. З-за таго, што я ўпершыню вадзіў падобны аўтамабіль, адчуваеш сябе не вельмі ўпэўнена. Таму я б параіў маладым кіроўцам не спяшацца адпраўляцца за руль, а перасесці на пасажырскае сядзенне таксі. А вось вопытныя вадзіцелі напэўна адчуюць станоўчыя эмоцыі ад кіравання новым аўтамабілем.

Калі казаць пра выгаду, то каршэрынг у большасці выпадкаў выйдзе даражэй іншых відаў транспарту. Але, зноў жа, усё залежыць ад сітуацыі: калі няма затораў, а ехаць недалёка і з паркоўкай пашанцуе, то тады, можа, атрымаецца і танней за таксі. Але гэта, хутчэй, ідэаль-
ны сцэнарый. Да таго ж, не трэба забываць аб адказнасці: кіроўца адчувае немалы стрэс.

Затое параўноўваць такі сэрвіс па выгадзе значна цікавей з асабістым аўтамабілем. Калі ў найбліжэйшы час колькасць такіх аўтамабіляў значна павялічыцца, то тады пра гэта можна задумацца. Урэшце, ва ўласнай машыне занадта шмат выдаткаў: гэта не толькі паліва, але і страхоўка, расходныя матэрыялы, тэхагляд, шыны... А каршэрынг дазваляе не думаць пра гэта. Калі вы выкарыстоўваеце такую праграму, вы плаціце толькі за час — усё астатняе ў адказнасці самога сэрвісу.

Каршэрынг пакуль нельга назваць канкурэнтам таксі — пра гэта можна казаць толькі ў тым выпадку, калі цэны на кароткатэрміновую арэнду будуць паніжаны. Таму пакуль такі сэрвіс можна лічыць толькі магчымай альтэрнатывай для ўласнага аўтамабіля, ды і тое з нацяжкай: не кожны будзе штодня шукаць машыну (яна ж не будзе чакаць пад домам) і не кожны гатовы мірыцца з тым, што аўтамабілем карыстаецца нехта яшчэ.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота Надзеі Бужан

Загаловак у газеце: Не раскоша, а сродак перамяшчэння

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто купляе каралеўскую птушку?

Хто купляе каралеўскую птушку?

Фазанавая ферма ў Гродзенскім раёне павялічвае кола спажыўцоў.

Грамадства

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Напярэдадні Дня маці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло анлайн-канферэнцыю «Дзяржаўная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.