Вы тут

Чаго вартыя дзіцячыя ўспаміны


«Ці памятаеце вы свой першы дзень у школе?» — ужо каторы вечар па некалькі разоў настойліва пытае ў сваіх бацькоў «рэкламны» хлопчык з тэлевізара. Тыя робяць вялікія вочы, намагаючыся штосьці ўспомніць, і скрушна хітаюць галовамі: не, маўляў, нічога ў памяці не адклалася. Сын задаволены: відэакамеру па адмысловай крэдытнай карце бацькі яму купяць. Яны ж не хочуць, каб у дзіцяці таксама не засталося ніякіх успамінаў аб першым школьным дні...


Гэта рэкламны ролік можна лічыць удалым, але мне ён здаецца не вельмі праўдападобным. Цяжка ўявіць, што ў дарослых людзей, якім сёння за трыццаць, не засталося ніводнага ўспаміну аб тым, як яны пайшлі ў школу. А калі сапраўды не засталося — дык іх варта толькі шкадаваць...

Паход у школу — гэта спраўджанае прадчуванне незвычайнага свята. Наша школа знаходзілася ў суседняй вёсцы на высокай гары побач з касцёлам у былым ксяндзоўскім доме. Самога яе прыземістага аднапавярховага будынка відаць здалёк не было, а вось шэрыя сцены драўлянага касцёла праглядваліся адусюль. У сваё перадшкольнае лета я кожную раніцу выбягала за гумны і зачаравана глядзела на іх: бабуля расказала, што восенню я туды пайду вучыцца. А ў шафе ўжо з сярэдзіны лета вісеў дзівосны строй: карычневая сукенка з белым карункавым каўнерыкам і два фартухі — чорны і белы. Чорны быў звычайны, а белы — з крылцамі, бліскучы, з фіялетавым адлівам — здаваўся часткай сукенкі казачнай прынцэсы, якая падзялілася гэтай атласнай раскошай, каб у школе я была самая прыгожая. У шуфлядзе пісьмовага стала былі складзеныя сшыткі ў «касую» лінейку і ў клетку, пачак каляровых алоўкаў і галоўная спакуса — чырвоны пенал, прывезены сястрой з Мінска, напоўнены рознымі ручкамі. Даставаць усё гэта багацце не дазвалялася, можна было толькі стаяць над высунутай шуфлядкай, сцішыўшы дыханне, і ўяўляць, што вось ужо зусім хутка стану яго паўнапраўнай гаспадыняй і сама буду складаць яго ў новенькі цёмна-барвовы ранец з сунічкай на кішэньцы...

І вось — нарэшце! Белы фартух пераліваецца пры кожным кроку, на нагах новыя сандалі, на галаве — вялізны бант, у руцэ — тоўстыя сцябліны белых і чырвоных гладыёлусаў. За другую руку вядзе мама. Мы ідзём па нашай вясковай вуліцы, раз-пораз з-за плота паказваецца здзіўлены твар якой цёткі: «Як, гэта Алёнка ўжо ў школу ідзе?» (Хаця ўсім гэта ўжо даўно вядома, а дзеці некаторых ідуць са мной у адзін клас. І мама ведае, што яны ведаюць, але кожны раз з гонарам адказвае: «Так, ужо і малодшая — школьніца».) І ад гэтага ўрачыстага звання распраўляеш плечы і прыспешваеш хаду, бо сёння — твой дзень, і гэта толькі для цябе свеціць яшчэ цёплае, але ўжо крыху засмужанае сонца, красуюць у гародчыках астры і сярод пранізлівай ранішняй цішыні гупаюць у траву спелыя крамяныя яблыкі...

У першы клас нас прыйшло з навакольных вёсак дваццаць чатыры чалавекі — апошні такі вялікі клас, пасля будзе толькі меншаць, меншаць, сёлета ў школе ўсіх вучняў не нашмат больш набярэцца. Познія малодшыя дзеці немаладых бацькоў, мы былі распешчаныя і дзікія, як афрыканскае племя, бо ні адзін з нас дагэтуль ні дня не быў у дзіцячым садку (па банальнай прычыне — садка не было). Прымусіць гэту араву без якога-кольвек досведу існавання ў калектыве не тое што слухаць штосьці — спакойна сядзець за партай, каштавала настаўніцы вялікіх намаганняў. Тым больш парты былі надзвычай цікавыя — з падножкамі, з адкіднымі вечкамі, якія так здорава гучна ляпалі, з адтулінамі для чарнільніц — за імі вучыліся яшчэ нашы бацькі, якія пісалі пёрамі, — слізка-бліскучыя ад шматлікіх слаёў фарбы... У першы дзень мы біліся, штурхалі адно аднаго, крычалі, плакалі — знаёміліся і ўліваліся ў навучальны працэс.

Для мяне дагэтуль застаецца загадкай, як наша маленькая Ганна Еўдакімаўна ўжо праз некалькі гадзін дала нам рады. Пэўна, на гэта сапраўды трэба мець талент і прызванне — працаваць менавіта настаўнікам малодшых класаў. Многія спачатку памыляліся і звалі яе не па імені (тым больш імя па бацьку было складана вымавіць), а проста «мама». І ўжо назаўтра і ва ўсе астатнія дні мы старанна лічылі пластыкавыя рознакаляровыя палачкі, выводзілі загагуліны ў пропісах, складалі ў словы літары («Тата ту-ту»). Праз месяц мы былі ўжо сапраўднай невялікай грамадой са сваімі лідарамі і аўтсайдарамі, са сваімі законамі і правіламі суіснавання. Але ўсе тры гады, што вучыліся ў пачатковых класах, яна, наша першая настаўніца, была гэткай трывалай надбудовай, якая вырашала ўсе спрэчкі, мірыла ўсе сваркі, яе вердыкт аб тым, правільна штосьці або не, успрымаўся ўсімі як канчатковы і абмеркаванню не падлягаў. Яна была нашай бясспрэчнай дарадчыцай і суддзёй і ў тым, што яна мае рацыю, ніколі не было ніякіх сумненняў. Праз гады я думаю: можа, гэта адбывалася таму, што яна не ішла ўзімку з класа (хоць дома, як і ў кожнага вяскоўца, хапала клопатаў па гаспадарцы), пакуль не пераконвалася, што ў кожнага з дваццаці чатырох добра зашпіленыя паліто, завязаныя шалікі, зашнураваныя чаравікі? Таму што яна не ставіла двойку непадрыхтаванаму вучню, бо ведала, што той учора хадзіў дапамагаць маці на ферму або, што п'яны бацька загнаў яго сям'ю на гарышча, дзе яны і праседзелі да ночы. Яна не імкнулася рабіць з нас выдатнікаў, ударнікаў камуністычнай ці якой іншай працы — яна проста вучыла нас чытаць і пісаць, стараючыся пры гэтым закласці ў нас пачатак таго, што завецца чалавечнасцю, маральнасцю, сумленнем... І ў той наш першы дзень яна, пэўна, глядзела на нас, як і на дзясяткі нашых папярэднікаў, і бачыла нас ужо дарослымі, самастойнымі, харошымі людзьмі, якіх ёй належала спачатку проста навучыць спакойна сядзець за партамі...

З таго часу мінула шмат гадоў. Перасялілася ў новы адмысловы будынак школа, касцёл спачатку разбурылі, пасля адбудавалі, у ксяндзоўскім доме, як і належыць, жыве пробашч. Няма ўжо нават краіны, у якой мы радасна сустракалі сваё 1 верасня. Нашай першай настаўніцы ў гэтым месяцы будзе восемдзесят пяць. Дый некаторыя нашы аднакласніцы ўжо маладыя бабулі...

А першы дзень у школе помніцца дагэтуль ва ўсіх дэталях: гукі, пахі, нават адчуванне таго цяжкага букета гладыёлусаў у руках...

...Можа, таму, што аб існаванні відэакамеры і крэдытных картак мы ведалі тады вельмі прыблізна, а калі шчыра, — дык і зусім нічога?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзень ведаў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.