Вы тут

Такія розныя дарогі


Апошнім часам у камандзіроўкі ездзіць даводзіцца часта. Розныя трапляюцца дарогі, такія розныя, што вам не расказаць. Ну вось, напрыклад, у Маларыцкі райвыканкам я з'явілася зусім... мокрая. У канцы чэрвеня ў Брэсце лівень быў, па тэлевізары ўвечары паказвалі, як абласны цэнтр «плаваў». Дык вось, ранкам, як толькі горад накрыла дажджом (такое давялося бачыць упершыню), пяць хвілін да прыпынку хапіла, каб прамокнуць да ніткі. Але ж не павернеш назад, людзі чакаюць, дамоўленасць, нават не з адным чалавекам на пэўны час, абавязвае.


І колькі той язды ў Маларыту — адна гадзіна. А там аказалася суха, ні кропелькі не ўпала. Таму нават міліцыянер на ўваходзе паглядзеў на мой мокры прыкід вельмі ўважліва, маўляў, у якім возеры гэтая дама зранку купалася ва ўсёй адзежы? Але нічога не сказаў. А ў райсавеце адразу паспачувалі, далі стос паперы, каб пакласці ў туфлі і хоць крышку іх прасушыць. Нават дадому ўвечары давялося тады вяртацца ў злёгку вільготным адзенні. Добра, што днём было даволі цёпла. Ды гэта ўжо згадваецца весела, амаль як прыгода. А вось шлях са Століна ўспамінаецца горш: пяць гадзін у перапоўненай маршрутцы, дзе над табой літаральна вісіць не зусім цвярозы спадарожнік. І такое, на жаль, бывае.

Дык вось, нядаўняя паездка амаль што ў прыгарадны сельсавет на дызель-цягніку паўночнага напрамку выдалася нібы сеанс у старым добрым кіно. Калі перад адпраўленнем паглядзела ў інтэрнэце час знаходжання ў дарозе, была, мякка кажучы, здзіўлена. Поезд пераадольвае гэтыя 25 кіламетраў за гадзіну. Для параўнання электрычкі мінскага напрамку за гэты час даходзяць да Аранчыц, пераадольваючы амаль 100 кіламетраў. Па дарозе ўсё стала ясна. Дызель робіць прыпынкі ледзь не праз тры кіламетры, бо па ўсім маршруце мноства дачных пасёлкаў. І абсалютная большасць яго пасажыраў тыповыя дачнікі — людзі пенсійнага ўзросту з характэрнай паклажай — вёдрамі, кашамі, куды складзены пакеты з прадуктамі. У зваротным напрамку, зразумела, вёдры і кошыкі будуць ехаць напоўненыя ўраджаем з садоў і агародаў.

Гадзіна тая праляцела непрыкметна. Бо людзі вакол гаварылі паміж сабой, усміхаліся, атмасфера была напоўненая нейкай асаблівай добразычлівасцю. У горадзе даўно такога не ўбачыш. У транспарце большасць едзе, утаропіўшыся ў экраны смартфонаў, з навушнікамі. Яны не чуюць і не бачаць нікога акрамя сябе. Таму было цікава назіраць за людзьмі, што камунікуюць ужывую. Тым больш што недалёка ад мяне размясцілася кампанія дачнікаў, якія аказаліся знаёмымі, — усю дарогу абмяркоўвалі вырашчаны ўраджай, апошнія навіны, гаварылі пра жыццё. Некаторыя іх разважанні падаліся асабліва цікавымі і надзённымі.

За горадам проста мусіла ўзнікнуць грыбная тэма. Яе распачаў маладжавы пенсіянер, які ехаў з мілавіднай і дагледжанай жонкай. Сказаў, што  летам амаль не назбіраў грыбоў, наогул гэты год, хутчэй за ўсё, не грыбны і апошняе яго, як бывалага грыбніка, засмучае. А старэйшая кабета насупраць заўважыла, што грыбы — не самая лепшая ежа, асабліва ў сталым узросце: «Чулі, як па тэлевізары нядаўна наш знакаміты трансплантолаг Алег Румо гаварыў, што ён перастаў ужываць грыбы пасля таго, як перасадзіў печань першаму пацыенту, які атруціўся бледнай паганкай. Аднаму перасадзілі, а колькі такіх памірае практычна кожны год! Дык ці вартае яно таго?» — працягвала кабета. Яе суразмоўнік з выразным голасам — мабыць, усё ж вайсковец у мінулым — не згаджаўся: «А не трэба збіраць немаведама што. Я бяру толькі тыя грыбы, якія добра ведаю, і не разумею, як можна атруціцца нейкай паганкай». Тады размову падхапіла яшчэ адна жанчына, згадала сваіх аднавяскоўцаў. У адной хаце там пражывалі муж з жонкай і яе брат. Усё жыццё мужчыны былі заядлымі грыбнікамі. Аднойчы назбіралі першых вясновых грыбоў, наварылі, наеліся. Толькі гаспадыню ўдалося выратаваць, бо яна амаль не ела грыбную страву. Былая вясковая жыхарка заўважыла, што абазнаныя і дасведчаныя таксама могуць памыліцца, бо з гадамі, напрыклад, падводзіць зрок.

Мне тады прыгадалася сустрэча прыблізна пяцігадовай даўніны на адным семінары. Суседкай па гасцінічным нумары аказалася маладая калега. За вячэрай яна сказала, што не ўжывае грыбы. Я нават спрабавала пажартаваць, а яна сур'ёзна адказала, што была яшчэ падлеткам, як памёр бацька. Працаваў лесніком, грыбы ведаў як ніхто. Маці тады гасціла з дзецьмі ў сваёй маці... Ёй далі заключэнне аб прычыне смерці менавіта ад грыбоў. Яна ўсё жыццё не магла знайсці іншага тлумачэння, як толькі пагаршэнне зроку, якое стала заўважаць у мужа.

А мае спадарожнікі тым часам разважалі пра бяду, якая можа спасцігнуць кожнага, а потым перайшлі на тэму суседзяў, такую важную для любога дачніка. Гаваркі «вайсковец» расказаў пра чалавека, які набыў дачу побач з яго некалькі гадоў таму. І пераехаў з іншага дачнага пасёлка, бо надта праблемныя суседзі там былі. Паводле слоў расказчыка, яны з Сямёнавічам вельмі пасябравалі. Дапамагаюць адзін аднаму на ўчастках, і жонкі могуць сумесны абед прыгатаваць, і за келіхам віна пасядзяць усе разам. Такія суседзі — удача.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.