21 Кастрычнік, субота

Вы тут

Як тэхналогіі абараняюць пешаходаў ад аварыйных сітуацый


Бяспека пешаходаў з'яўляецца вельмі важным аспектам для аўтавытворцаў. У сучасных аўтамабілях выкарыстоўваюцца тэхналогіі, якія здольныя самастойна спыніць машыну пры выяўленні перашкоды. Аднак штучны інтэлект не ідэальны: аварыі ўсё яшчэ здараюцца, прычым у немалых колькасцях. Але ў хуткім часе ўсё можа змяніцца: кампанія «Dаіmlеr» запатэнтавала тэхналогію, якая дапаможа выратаваць многіх пешаходаў.


Такім чынам гэтая тэхналогія была рэалізавана ў 2012 годзе. Пасля сутыкнення пешаходы часта ўдараюцца аб капот і лабавое шкло, а падушка бяспекі памяншае ступень пашкоджання. Крыніца ілюстрацыі — «Volvo».

Дакумент нямецкага аўтагіганта, які вырабляе аўтамабілі такіх марак, як «Mеrсеdеs» і «Smаrt», на днях быў апублікаваны патэнтным ведамствам ЗША. Сам патэнт быў заяўлены яшчэ два гады таму, аднак пацверджаны толькі цяпер. У дакуменце апісваюцца так званыя пешаходныя падушкі бяспекі, якія дапамогуць значна знізіць ступень пашкоджання пешахода.

Сутнасць тэхналогіі заключаецца ў тым, што пры лабавым сутыкненні за долі секунды капот аўтамабіля падымаецца і зрушваецца, такім чынам закрываючы ніжнюю частку шкла і «дворнікі». Адначасова з гэтым ўздоўж пярэдніх стоек раскрываюцца падушкі бяспекі, прымацаваныя да самога капота. У тэхналогіі выкарыстоўваюцца пірапатроны — вырабы, якія неабходныя для хуткага прывядзення ў дзеянне пэўнага механізма, у гэтым выпадку — падушак бяспекі. У выніку чалавек уразаецца ў капот, частка якога і з'яўляецца імправізаванай падушкай.

Чаму такая тэхналогія не з'явілася ва ўсіх аўтамабілях раней, каб абараніць пешаходаў? Праблема заключаецца ў тым, што яна надзвычай дарагая. Нягледзячы на высокі кошт, пешаходныя падушкі бяспекі з'явіліся ў такіх аўтамабілях, як «Lаnd Rоvеr Dіsсоvеrу Sроrt», «Subаru Іmрrеzа» і «Jаguаr Е-Расе». Такім чынам, у «Dаіmlеr» з'явілася таннейшая тэхналогія, якая рэальна можа выкарыстоўвацца ва ўсіх аўтамабілях кампаніі.

Сама ідэя не з'яўляецца новай, аднак «Dаіmlеr» прапаноўвае альтэрнатыўны варыянт яе выкарыстання: нямецкія спецыялісты адмовіліся ад вялікага надзіманага мяшка, размясціўшы самі падушкі ўздоўж стоек. Упершыню такое рашэнне прапанавала кампанія «Vоlvо» яшчэ ў 2012 годзе на сваёй мадэлі V40. Ужо тады гэтая сістэма ўзаемадзейнічала са штучным інтэлек-
там, які адказваў за выяўленне пешаходаў. Па статыстыцы, 75% дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў адбываюцца на хуткасці да 40 км/г, таму тэхналогія працавала ў аўтаматычным рэжыме на хуткасці ад 20 да 50 км/г.

Цікава тое, што з 2010 года «Vоlvо» належыць кампаніі «Gееlу Аutоmоbіlе Hоldіngs Lіmіtеd», прадстаўнікі якой пазней падпісалі мемарандум з Міністэрствам прамысловасці Беларусі, на падставе якога было створана сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства «БелДжы». Па словах вядучага інжынера-тэхнолага кампаніі Дзмітрыя ПЯТРОВІЧА, калі кампанія «Vоlvо» прапануе пераняць тэхналогію падушак бяспекі для пешаходаў, то «БелДжы» разгледзіць такі варыянт. «Гэта не будзе праблемай. Але гэтая тэхналогія каштуе сапраўды дорага для беларускага рынку. Нашы аўтамабілі павінны заваёўваць рынак якасцю і коштам хоць бы на першым этапе, а такая тэхналогія значна павялічыць кошт аўтамабіля», — заўважыў Дзмітрый Пятровіч.

— На цяперашні момант укараненне такой тэхналогіі ў аўтамабілі «Gееlу» не абмяркоўвалася. Цяпер такога не будзе, магчыма, толькі ў будучыні, — дадаў спецыяліст. — Нас вельмі хвалюе бяспека пешаходаў. Мы працуем па кітайскіх тэхналогіях, але ў іх пакуль такой ідэі няма. Адпаведна, на нашым заводзе мы гэта не рэалізуем. Дарэчы, нашы мадэлі маюць сапраўды высокія адзнакі па бяспецы.

Сёння наезд на пешаходаў — гэта значная праблема, што пацвярджаюць і ў ДАІ. «Напрыклад, з пачатку года ў Мінску зарэгістравана 243 дарожна-транспартныя здарэнні, з якіх 105 — гэта наезды на пешаходаў. Гэта практычна палова ДТЗ, якія адбываюцца ў сталіцы, — адзначыла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзела ДАІ Кастрычніцкага РУУС Мінска Вікторыя ЦАРУК. — Пешаходы — гэта самыя неабароненыя ўдзельнікі дарожнага руху, таму супрацоўнікі ДАІ падтрымліваюць такое новаўвядзенне, як падушкі бяспекі для пешаходаў, паколькі стане менш цяжкіх пашкоджанняў».

Аднак пра бяспеку павінны думаць не толькі аўтавытворцы, але і самі пешаходы, упэўнена старшы інспектар. «Яны з'яўляюцца такімі ж удзельнікамі дарожнага руху, як і кіроўцы. Існуюць правілы дарожнага руху, якія пешаходы звычайна пачынаюць вывучаць у тым выпадку, калі з імі нешта здараецца, а так быць не павінна. Таму пешаходам не перашкодзіць ведаць правілы, якія датычацца непасрэдна іх», — дадала Вікторыя Царук.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Падушка для жыцця

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.