22 Кастрычнік, нядзеля

Вы тут

Выкажыся ў газеце, каб цябе пачулі


Па тэме «Літаратура на старонках «Звязды», па вялікім рахунку, можна абараніць не адну кандыдацкую дысертацыю. За стагоддзе існавання газеты, універсальнай па сваім змесце (тут ёсць і практычныя парады з розных сфер, і тэксты мастацкія, толькі для душы), шмат што змянілася ў літаратурным і культурным жыцці краіны. Разам з павагай да пісьмовага слова ў грамадстве ўзрастала і цікавасць да асобы пісьменніка, а эканамічныя, сацыяльныя катаклізмы змушалі творцаў хутчэй адгукацца на падзеі рэчаіснасці, звяртацца да чытача не са старонак раманаў ці аповесцяў, а пісаць эсэ, вершы, часта публіцыстычныя па сваім пафасе.


Нярэдка наша газета для пісьменнікаў служыла спосабам данесці свае думкі да шырокага чытача, выказаць меркаванне адноста вострага, балючага для грамадства пытання. Памятаеце хрэстаматыйную гісторыю 1913 года і дыскусію, што вялі на старонках «Нашай нівы» Вацлаў Ластоўскі і Янка Купала? Дык вось і пазней газеты станавіліся пляцоўкамі для гарачых спрэчак, месцам ідэйнага сутыкнення літаратараў, навукоўцаў. Напрыклад, згадаем гісторыю 1979 года. На старонках «Звязды» вядомы пісьменнік, акадэмік Кандрат Крапіва апублікаваў праграмны артыкул «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?». У ім досыць рэзка выказваўся супраць занадта моцнай прыхільнасці некаторых творцаў да «беларускасці» беларускай мовы, з-за якой яны «адхіляліся ад агульнапрынятых правіл і норм». Тэкст выклікаў шырокі розгалас у творчых колах, яго доўга абмяркоўвалі, пісалі Крапіве адкрытыя лісты. Аднак ніводзін з іх — нават нашага былога супрацоўніка і асабістага памочніка Якуба Коласа Максіма Лужаніна — не быў апублікаваны: не рэкамендавалі ідэалагічныя супрацоўнікі.

Свае публіцыстычныя артыкулы, у якіх аўтар разважаў пра небяспеку атамнай вайны і тыя пагрозы, што яна нясе чалавецтву, друкаваў у «Звяздзе» Алесь Адамовіч, а па пытаннях мовы часта выказваліся вядомыя навукоўцы, у іх ліку — слынны прафесар Фёдар Янкоўскі.

Многія нашы класікі пачыналі свой шлях на старонках «Звязды», многія заставаліся яе адданымі чытачамі ўсё жыццё. У ліку апошніх варта згадаць равесніка нашага выдання — паэта Пімена Панчанку. У інтэрв'ю да свайго 75-годдзя (а значыць, і ў год 75-га звяздоўскага юбілею) ён падкрэслівае: «Адразу пасля піянерскіх газет я чытаў бацькаву «Звязду». А з 1934 года, як пачаў настаўнічаць, стаў выпісваць газету — і выпісваю да сённяшняга дня. Толькі вайна перапыняла сяброўства са «Звяздой»... Папулярнасць газеты была вялікай і да вайны. Напрыклад, успамінаю, як у 1939 годзе, у час паходу ў Заходнюю Беларусь, мы выпускалі франтавую газету «Беларуская звязда». Некаторыя здзіўляліся: чаму «звязда», па-беларуску ж будзе «зорка»? Тлумачылі, што назва франтавой газеце дадзена пад уплывам рэспубліканскай «Звязды», у якой ужо на той час было шмат добрых традыцый...»

Дарэчы, тады ж Пімен Панчанка адмыслова для «Звязды» напісаў верш і пакінуў свой аўтограф для чытачоў.

Горкія думкі

Была зямля, цяпер — малыя соткі...

Адданасць знікла да карміцелькі-зямлі,

Няма ўжо бульбы той —

разварыстай і сопкай,

І не гудуць скрозь пчолы і чмялі.

З наседжаных мясцін

сагналі нас Хрушчовы,

І мы — неперспектыўныя —

пайшлі да гарадоў.

Сяліліся ў смярдзючыя трушчобы,

А на кватэры спіс — на сто гадоў.

Глядзім і лічым, што яшчэ не ўкралі?

Пра што зноў хлусяць?

Веры больш няма...

Даўно мы з лёну палатно не ткалі...

У сэрцы непагодная зіма.

А мы яшчэ жывыя,

Мы — не зломкі.

І дзе ты, мудрая эканамістаў раць?

І хто прымусіў нас ля ніў

сваёй старонкі

І праклінаць, і моўчкі паміраць?

Чырвоныя паны,

Старшыняў клас вясёлы,

Закрылі фермерам

і дбалым людзям шлях.

Няма кармоў і рэжуць добрых цёлак,

Хаваюць жыта па глухіх кутках.

Дакуль цярпець крадзеж і рабаванне,

Развал і дыктатуру нечуваных цэн?

Ці прыйдзе зноўку залатое ранне?

Ці выжывуць падаткі з родных сцен?

Пра гэта ўсё мы думаем так горка

І спадзяёмся: хто? калі? калі?

Запаліць нам жыцця і праўды зорку,

І працы радасць пойдзе па зямлі?

Можна сказаць, што «Звязда» працягвала традыцыі літаратурна-публіцыстычнага супрацоўніцтва, закладзеныя англічанінам Чарльзам Дыкенсам яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Гаворка ідзе пра рашэнне папулярнага аўтара, каб прыцягнуць увагу да сваіх раманаў, публікаваць іх часткамі на старонках газеты. Хітры ход выдатна працаваў і ў ХХ стагоддзі, а адкрыццём смела карысталіся і беларускія аўтары, і звяздоўцы. Так, у ліку класікаў, хто выказаў жаданне прадставіць свой новы твор найперш у «Звяздзе», а ўжо потым — асобнай кнігай, згадаем Івана Мележа. Паводле ўспамінаў аднаго з рэдактараў газеты Аркадзя Тоўсціка, Мележ тэлефанаваў яму асабіста і выказваў пажаданне друкаваць у газеце ўрыўкі з рамана «Завеі, снежань» (трэцяй часткі яго знакамітай «Палескай хронікі»). «З вялікай павагай да аўтара, — піша спадар Тоўсцік, — мы друкавалі гэты твор з нумара ў нумар».

Наша газета стала сапраўдным трамплінам у вялікую літаратуру для многіх класікаў паэзіі і прозы. У іх біяграфіях нярэдкія згадкі, што пасля заканчэння ўніверсітэта некаторы час працавалі ў «Звяздзе», а ўжо потым — набраўшыся моцы, вопыту, паспытаўшы свае сілы ў цяжкой працы штодзённай газеты, пераходзілі на работу ў штотыднёвік «Літаратура і мастацтва», часопіс «Беларусь», выдавецтвы, на тэлебачанне. У ліку вядомых пісьменнікаў-звяздоўцаў можна назваць больш як тры дзясяткі імёнаў. Некаторыя з іх — сапраўды знакавыя для нашай літаратуры. Гэта паэтка, перакладчыца Еўдакія Лось, празаік Віктар Карамазаў, паэты Валянцін Таўлай, Ніл Гілевіч, Анатоль Вялюгін, Сяргей Законнікаў, Сцяпан Гаўрусёў. А вось Мікола Ракітны (сапр. прозвішча Новікаў) пачаў супрацоўніцтва з нашай газетай і ў якасці літаратурнага работніка, і як мастак.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.