Вы тут

7 лёгкіх фільмаў пра водпуск


Да канца лета засталося ўсяго нічога, а вы яшчэ не былі ў водпуску? Прапануем вашай увазе 7 «летапісаў маленькага жыцця» — выдатных і лёгкіх фільмаў пра водпуск, якія дапамогуць зрабіць чаканне крыху менш доўгім і маркотным.


«Тры плюс два» (СССР, 1963)

Трое маскоўскіх сяброў-халасцякоў адпачываюць дзікунамі ў палатцы каля мора. Тут ёсць пясчаны пляж, запас дроваў і пітной вады. Словам, амаль райскае месца. Было. Пакуль не прыехалі дзве незнаёмкі з заявамі, што гэта «іхняе старое месца», у доказ чаго нават выкапалі на пляжы бутэльку з пісьмом. Маладыя людзі мяняць дыслакацыю катэгарычна адмаўляюцца. Дзяўчаты таксама гатовыя паспрачацца за лепшае месца пад сонцам і разбіваюць сваю палатку побач, а далей... неабвешчаная вайна перарастае ў суцэльную рамантыку, якая і вымушае старэйшае пакаленне пераглядаць фільм па шмат разоў.


«Разявака» (Францыя, 1965)

Адна з бліскучых французскіх камедый з Луі дэ Фюнесам, якая нават праз 50 гадоў перадае каларыт сваёй эпохі і глядзіцца на адным дыханні.

...Каміваяжор Антуан Марэшаль і не здагадваецца, што яго прыемны спадарожнік, які прапанаваў бясплатную вандроўку на шыкоўным «кадылаку» з поўдня Італіі да Парыжа, — кіраўнік міжнароднай злачыннай групоўкі, а прычына шчодрасці ў тым, што літаральна кожная дэталь машыны нашпігаваная кантрабанднымі дыяментамі, золатам і наркотыкамі, на якія палюе бандыцкая хеўра. За ўсёй аперацыяй пільна сочыць паліцыя, і толькі галоўны герой даведваецца пра ўсё апошнім...


«Будзьце маім мужам» (СССР, 1981)

Настальгічна-камедыйная згадка пра мару ўсіх савецкіх людзей — адпачынак на поўдні Крыма, дзе кожнае лета насамрэч нагадвала адначасова мангола-татарскае нашэсце і стыхійны выгул селядцоў з бочкі.

Дзіцячы ўрач, які выправіўся ў водпуск да мора, атрымлівае нечаканую прапанову ад прывабнай незнаёмкі: сыграць ролю... яе мужа. Рэч у тым, што ёй, маці-адзіночцы, ніхто ў курортным горадзе не хацеў здаваць жыллё, а вось калі на пастой просіцца сям'я — іншая рэч. Ну, а тое, што, акрамя маляўнічых краявідаў Сочы і шэрагу прыгод на свае галовы, героі ў рэшце рэшт знайшлі і сапраўднае сямейнае шчасце — прыемны бонус да летняга настрою фільма.


«Маё вялікае грэчаскае лета» (ЗША — Іспанія, 2009)

Грачанка Джорджыя вырасла ў Амерыцы, атрымала адукацыю гісторыка, спецыяліста па антычным класіцызме, а цяпер працуе гідам па турыстычных славутасцях Грэцыі і ціха злуе на турыстаў, якіх цікавяць не гісторыя і культура краіны, а сувенірныя лаўкі ды час сняданку ў гатэлі. Турысты, у сваю чаргу, хочуць паехаць на пляж, а не слухаць лекцыі вучонай зануды. Джорджыя ўжо вырашыла была кінуць ненавісную працу і вярнуцца ў ЗША, але ў апошнім сваім туры, спрабуючы перасягнуць гіда-канкурэнта, дзяўчына пераступае цераз сябе і знаходзіць агульную мову як з групай «сваіх» дзівакоў-турыстаў і змрочным кіроўцам аўтобуса, так і з уласным сэрцам і розумам... Дарэчы, гэта першая мастацкая кінастужка за апошнія паўстагоддзя, якую грэчаскія ўлады дазволілі здымаць у Афінскім акропалі, бо палічылі, што фільм можа садзейнічаць папулярызацыі ў свеце грэчаскіх славутасцяў.


«Вікі, Хрысціна, Барселона» (Іспанія — ЗША, 2008)

Дзве амерыканкі вырашаюць правесці лета ў Барселоне: сур'ёзная Вікі, захопленая навуковай працай і заручаная з нуднаватым, затое надзейным мужчынам, і рамантычная Хрысціна, якая дрэнна ўяўляе, чаго хоча дасягнуць у жыцці, але прагне прыгод і новых сустрэч. І што б вы думалі: прыгоды такі знаходзяць дзяўчат самі! Яны трапляюць у заблытаную рамантычную гісторыю з іспанскім мастаком і ягонай жонкай, перажываючы ўвесь спектр эмоцый, ад страсці да нянавісці... І ўсё гэта — на фоне лета, мора, каталонскіх пейзажаў, іспанскага тэмпераменту і выдатнай музыкі. Нездарма меладраму Вудзі Алена крытыкі называюць найлепшай рэкламнай паштоўкай сталіцы Каталоніі.


«Гатэль Мэрыголд: найлепшы з экзатычных» (Вялікабрытанія, ЗША, ОАЭ, 2011)

Група брытанскіх пенсіянераў вырашае адправіцца на адпачынак у больш танную для пражывання і прывабную сваёй экзотыкай Індыю. Спакусіўшыся рэкламай пра адноўлены элітны гатэль «Мэрыголд», яны прыбываюць на месца і бачаць, што, мякка кажучы, раскошай у індыйскім доме састарэлых і не пахне. Аднак сумесныя прыгоды не толькі робяць з пажылых людзей адну дружную каманду, але і прыносяць разуменне, што ніколі не позна адпусціць мінулае, пачаць атрымліваць задавальненне ад жыцця і сустрэць сапраўднае каханне...

Што цікава: амаль усе выканаўцы галоўных роляў, сярэдні ўзрост якіх склаў 68 гадоў, да таго часу не былі ў Індыі.


«Угору» (ЗША, 2009)

Паўнаметражны мультфільм студыі Pіxar — не толькі пра захапляльныя прыгоды і адкрыцці новага, але і зноў жа пра адкрыцці ў сабе самім. Карл Фрэдрыксан усё жыццё марыў паехаць з любімай жонкай у вялікае кругасветнае падарожжа, але жонкі раптоўна не стала, і гэтыя планы не збыліся. І толькі калі мужчына збіраўся пераехаць у дом састарэлых, унутраны авантурыст у ім зладзіў бунт і напоўніў дом паветранымі шарыкамі, каб паляцець у Паўднёвую Амерыку...

...Натхняйцеся і вы на адпачынак — далёкі ці блізкі, доўгі ці кароткі, але галоўнае — прыемны і карысны!

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Водпуск, як у кіно

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра выступленне баскетбольнай і валейбольнай зборных краіны на буйных міжнародных турнірах.

Грамадства

«Пяцёрка» ці «дзясятка»?

«Пяцёрка» ці «дзясятка»?

Што думаюць наконт агучанай прапановы самі педагогі?

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».