Вы тут

Аляксандр Пазняк прадстаўлены актыву Аршанскага раёна


Поспех раёна залежыць ад таго, як працуе яго кіраўнік, наколькі дакладна разумее тыя задачы, што стаяць перад ім і давераным яму рэгіёнам. Такую думку выказала Наталля КАЧАНАВА, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, якая прадставіла актыву Аршанскага раёна новага старшыню райвыканкама Аляксандра Пазняка. На пазачарговай сесіі Аршанскага райсавета ён быў зацверджаны на гэтай пасадзе. Перад гэтым Аляксандр Пазняк быў памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Віцебскай вобласці.


Наталля Качанава падкрэсліла, што задачы, пастаўленыя перад раёнам, застаюцца ранейшыя. «Гэта эфектыўная работа кожнага прадпрыемства і эфектыўная работа раёна ў цэлым. Аршанскі раён павінен быць прыкладам у рэгіянальным развіцці для гарадоў і раёнаў краіны. Пастаўлена задача на прыкладзе Оршы паказаць, як можа развівацца горад і раён. Як эфектыўна могуць працаваць прадпрыемствы, арганізацыі, установы для таго, каб фарміраваць бюджэт, вырашаць сацыяльныя задачы», — сказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Яна адзначыла, што кадры іграюць ключавую ролю ў арганізацыі працы прадпрыемстваў і раёнаў. У гэтым кантэксце надзвычай важная роля кіраўніка. «Калі кіраўнік на сваім месцы, ён разумее тыя задачы, якія стаяць перад ім, ён умее працаваць з людзьмі, — усе праблемы вырашальныя. Бываючы ў рэгіёнах, я бачу, што ў адной і той жа эканамічнай сітуацыі прадпрыемствы працуюць па-рознаму. Там, дзе сапраўды добра працуе кіраўнік, ёсць поспех і ў прадпрыемства. І прыкладаў таму шмат у нашай краіне, і ў Оршы такіх дастаткова», — адзначыла Наталля Качанава.

У сваю чаргу Аляксандр Пазняк падкрэсліў, што магутныя прамысловыя прадпрыемствы Аршанскага раёна, на жаль, не маюць выразнага плана развіцця. «Неабходна выпрацаваць стратэгію для кожнага завода і ўсёй прамысловасці ў цэлым. Я яе бачу ва ўзаемасувязі з сельскай гаспадаркай, таму што, напрыклад, «Оршааграпраммаш» можа эфектыўна працаваць і прыносіць выгаду раёну, Віцебскай вобласці, краіне. Менавіта ў развіцці ўзаемасувязі сельскай гаспадаркі і прамысловасці я бачу кропку прыкладання сіл», — паведаміў Аляксандр Пазняк.

Кажучы аб сельскай гаспадарцы, новы кіраўнік раёна адзначыў ужо існуючы высокі ўзровень земляробства. «Аршанскі раён у адрозненне, напрыклад, ад Расонскага або Шаркаўшчынскага, досыць лаяльны да сельскагаспадарчых культур. Добры ўраджай — гэта вынік высокай бальнасці зямель і ўкладзенай працы людзей, — падкрэсліў Аляксандр Пазняк. — Але для раёна, як і для ўсёй вобласці, актуальная задача, якую паставіў Прэзідэнт на селектарнай нарадзе, — трэба перагледзець структуру пасяўных плошчаў. Тут павінна апрацоўвацца тая культура, якая дае максімальную аддачу. Акрамя гэтага, для збожжавых павінен выконвацца аптымальны севазварот. Усё гэта дасць вынік, і я ўпэўнены, што Аршаншчына стане лідарам».

Вераніка ПУСТАВІТ

рustаvіt@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Эфектыўная работа — галоўная задача

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра выступленне баскетбольнай і валейбольнай зборных краіны на буйных міжнародных турнірах.

Грамадства

«Пяцёрка» ці «дзясятка»?

«Пяцёрка» ці «дзясятка»?

Што думаюць наконт агучанай прапановы самі педагогі?

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».