21 Кастрычнік, субота

Вы тут

Цягнік па імені «Звязда», або Як чыгунка пасажыраў жаніла


Так супала, што дзень нараджэння нашай газеты адзначаецца практычна адразу пасля Дня чыгуначніка. Зрэшты, свой падарунак ад транспартнікаў мы атрымалі яшчэ амаль 40 гадоў таму — ды які! Цэлы цягнік пад назвай «Звязда» (менавіта так — па-беларуску, з такім напісаннем) з 1979 года перавозіць пасажыраў па маршруце Мінск—Санкт-Пецярбург, у 2000 годзе ён атрымаў статус фірменнага. Гэта адзін з трох такіх саставаў, якія замацаваны за Мінскім вагонным участкам БЧ. Стагадовы юбілей — чым не нагода завітаць на рэйс цягніка-цёзкі і пагутарыць з работнікамі паязной брыгады пра іх штодзённую працу, а з пасажырамі, вядома, пра газету!


На гістарычную радзіму

Хуткі цягнік «Звязда» штодзень адпраўляецца са станцыі «Мінск Пасажырскі» амаль а 18-й гадзіне. Ноч у вагоне (плацкартным, купэйным або СВ) — і вось вы ўжо ў паўночнай сталіцы Расіі. Як адзначаюць самі чыгуначнікі, маршрут у першую чаргу папулярны якраз у нашых усходніх суседзяў. Саставы ўсе новыя і сучасныя, а цэны далёка не крытычныя — за білет у плацкартным вагоне просяць трохі болей за сто рублёў, у купэ — дзвесце. Сапраўды, большасць пасажыраў, з якімі ўдалося паразмаўляць, маюць пашпарты чырвонага колеру і вяртаюцца дадому. Прычыны для паездкі ў Беларусь ва ўсіх розныя...

Наталля Белка і яе пляменніца Вера Акіменка едуць з гістарычнай радзімы. Старэйшая жанчына родам з Тураўшчыны. Пасля вайны яе бацька адслужыў на флоце 27 гадоў, а жыць разам з сям'ёй (жонка была з той жа вёскі) стаў у Ленінградзе. У Наталлі Васілеўны пад Туравам заставаліся бабуля і дзядуля, да якіх яна ў дзяцінстве штолета прыязджала на тры месяцы. Пасля іх смерці разам з сястрой па чарзе раз на год кіруюцца ў родную вёску, каб дагледзець магілы продкаў.

Усё жыц­цё На­тал­лі Бел­кі звя­за­на з Санкт-Пе­цяр­бур­гам, але жан­чы­на га­на­рыц­ца сва­ім бе­ла­рус­кім па­хо­джан­нем.

— Дом, у якім мы выраслі, застаўся, але цяпер там жывуць іншыя людзі, — кажа жанчына. — Таму спыняемся або ў гасцініцы ў Тураве, або ў адной з аграсядзіб. Шчыра скажу: мы ў захапленні ад Беларусі, хоць мая пляменніца ўжо, вядома, не чыстакроўная беларуска. Увогуле, у Піцеры, як і раней, да заходніх суседзяў ставяцца вельмі добра. Лічыцца, што з вас атрымліваюцца найлепшыя мужы і працаўнікі. Таму не магу не ганарыцца, што я родам з Беларусі, хоць і лічу сябе расіянкай. Пасля развалу СССР вы здолелі захаваць годнасць і ніколі не хадзілі з працягнутай рукой. Пры гэтым застаяцеся народам незалежным, хоць і не крычыце пра гэта.

Жанчына прызнаецца, што ў часы яе дзяцінства ў доме гучала толькі руская мова. Але як толькі бацька сышоў у адстаўку, у яго маўленні пачалі «праскокваць» беларускія слоўцы. Пасля развалу СССР ён нават планаваў пераехаць у Мінск, але жаданню не было наканавана спраўдзіцца — у 1998 годзе мужчына памёр. Цяпер у сям'і ёсць традыцыя — з кожнага падарожжа ў Беларусь прывозіць дадому кнігі нашых аўтараў. Сёлета выбар паў на зборнік вершаў Янкі Купалы, вядома, у арыгінале.

— Заўсёды ездзім у Беларусь менавіта гэтым цягніком, ён вельмі зручны і хуткі, — кажа Вера. — Адкуль узялася назва «Звязда»? Можа быць, адзін з першых беларускіх цягнікоў? (Старэйшая спадарожніца адразу заўважае — «Была такая газета, дзядуля выпісваў!» — Аўт.) Мне ваша краіна вельмі падабаецца. Справа, напэўна, у самабытнасці — беларусы непадобныя да расіян. А яшчэ люблю прадукты, асабліва «малочку». Вучуся на доктара, таму ведаю, наколькі гэта важна.

І начальнік, і паязны «бібліятэкар»

— Прыязджалі на адпачынак да сястры, якая ўжо даўно пераехала ў Беларусь на вучобу, — дзеліцца Дзмітрый Калач, адначасова гуляючы з сынам Жэнем. — Мы з горада Сортавала, гэта ў Карэліі, таму падарожжа ў Мінск для нас з ліку няблізкіх. Апошні раз быў тут яшчэ дзіцем, цяпер вось вазіў ужо ўласнага сына. Гасцілі два тыдні, уражанні пра вашу краіну засталіся самыя пазітыўныя. Розніца з Карэліяй вельмі вялікая — у вас усё прыгожа, па-еўрапейску. Хоць, безумоўна, калі параўноўваць з Піцерам, то архітэктурных славутасцяў у Мінску менш. Чаму цягнік называецца «Звязда»? Магу толькі здагадвацца. Мне здаецца, што назва звязана з Вялікай Айчыннай вайной.

Дзміт­рый Ка­лач яшчэ дзі­цем ез­дзіў з да­лё­кай Ка­рэ­ліі ў Бе­ла­русь, а ця­пер во­зіць сю­ды ўжо свай­го сы­на.

Вядома, ёсць у цягніку «Звязда» і беларусы. Аляксей і Грэта Каратыцыны едуць у Санкт-Пецярбург разам з дачкой Златай на вяселле да знаёмых. У паўночнай сталіцы Расіі сужэнцы будуць упершыню. Аглядаць гістарычныя славутасці не плануюць — кіраваць выбарам забаў будзе малодшы член сям'і, у якога пакуль трохі іншыя інтарэсы.

— Чаму цягнік носіць такую назву? — перапытвае Грэта. — Нават не задумвалася. Пра аднайменную газету не чула — самі разумееце, усе цяпер чытаюць навіны ў інтэрнэце. Насамрэч, ніколі так далёка на цягніку не ездзілі, але нас падарожжа не палохае. Усяго 13 гадзін, пераважная частка з якіх у сне. Дзіцяці падабаецца — для нас гэта галоўнае.

Сям'я Ка­ра­ты­цы­ных кі­ру­ец­ца на вя­сел­ле да зна­ё­мых. Ня­гле­дзя­чы на пры­хіль­насць да ін­тэр­нэ­ту,  уру­ча­ем ім све­жую «Звяз­ду».

Сам састаў таксама далёка не са звычайных. Дастаткова сказаць, што тут ёсць цэлая «бартавая» бібліятэка! У купэ начальніка цягніка захоўваецца некалькі дзясяткаў кніг. Пераважна гэта дарожнае «чытво» на рускай мове. Карыстацца літаратурай пасажыры могуць бясплатна. Купэ ў СВ абсталявана тэлевізарамі з падключэннем да відэасістэмы, самі вагоны — не старэйшыя за дзесяць гадоў. Для многіх падарожнікаў важным будзе індыкатар несанкцыянаванага доступу ў купэ. Ёсць тут і вагон з месцам для інваліда. Уваход у яго абсталяваны ліфтам для вазка, а ў адным з купэ зроблены спецыяльныя шырокія дзверы. У памяшканні ёсць адмысловае месца для суправаджальніка, кнопка выкліку правадніка.

Пра­вад­ні­кі сы­хо­дзяц­ца ў дум­цы,  што га­лоў­ная пе­ра­ва­га іх ра­бо­ты — кан­так­ты з людзь­мі.

— Цягнік у нас без перабольшвання асаблівы, — сцвярджае начальнік пасажырскага цягніка Валянцін РАМАНАЎ. — Працую на ім ужо чатыры гады, і больш за ўсё запомніўся адзін выпадак. Гады два таму хлопец выкупіў цэлае купэ, каб падчас паездкі ў Санкт-Пецярбург зрабіць прапанову рукі і сэрца сваёй каханай. Узяў кветкі, цукеркі — усё, як мае быць. Вядома, адмовіць было немагчыма — дзяўчына была вельмі ўзрадаваная такому творчаму падыходу. Не ведаю, як далей склаўся іх лёс, але той рэйс мне запомніўся. Да гэтага працаваў на самых розных маршрутах. Ездзіў у Сімферопаль, Феадосію, Еўпаторыю, Іркуцк, Маскву. Для мяне, як для начальніка, розніца заключаецца толькі ў адказнасці, бо фірменны цягнік — гэта «твар» чыгункі.

На­чаль­нік цяг­ні­ка Ва­лян­цін Ра­ма­наў  асвой­вае і ін­шы про­філь — біб­лі­я­тэ­кар­скі.

Раздзяляць шчасце з іншымі

Абслугоўваннем напрамку Мінск—Санкт-Пецярбург займаецца толькі Беларуская чыгунка. Па маршруце ездзяць два саставы, на кожным з якіх працуюць па дзве паязныя брыгады. Кожная з іх знаходзіцца на змене па шэсць дзён запар — гэта тры паездкі «туды—назад». Пасля — шэсць дзён выхадных. Састаў дастаткова вялікі — летам разам з рэстаранам больш за 10 вагонаў.

Ку­пэ для ін­ва­лі­даў — ад­на з асаб­лі­вас­цяў фір­мен­на­га цяг­ні­ка.

Але праваднікі прызнаюцца, што працаваць у «Звяздзе» прыемна. Каб атрымаць работу на фірменным цягніку, трэба стажыравацца на менш прэстыжных маршрутах не менш за два гады, а пасля гэтага яшчэ і здаць спецыяльны экзамен на веданне ўсіх нюансаў.

— За пяць гадоў работы на «Звяздзе» некаторых пасажыраў я ўжо ведаю ў твар, — смяецца праваднік Марыя САВЕТНІКАВА. — Яны, дарэчы, таксама мяне памятаюць, пастаянна вітаюцца. Нядаўна вось падыходзілі мама з дачкой, распытвалі, як пажываю. Люблю сваю работу за стасункі з добразычлівымі людзьмі. За столькі гадоў нават не ведаю, колькі разоў фармальна была ў Санкт-Пецярбургу, але па-сапраўднаму ўбачыла горад толькі калі прыехала не па рабоце. Звычайна бачу толькі Віцебскі вакзал праз вокны вагона — усе 11 гадзін перапынку паміж паездкамі «туды» і «назад» мы праводзім у адпачынку або на дзяжурстве. Пасажыры, дарэчы, часта цікавяцца назвай цягніка: беларусы з-за таго, што не «Зорка», а расіяне — з-за напісання праз літару «я». Усё расказваем, згадваем і вашу газету.

— У дзяцінстве ездзіла на цягніку ўсяго адзін раз, але вось выбрала такую прафесію, — дапаўняе сваю калегу Кацярына СКІДАНЮК. — Мне заўсёды падабалася кантактаваць з людзьмі, люблю быць у дарозе. Адчуваю тут сябе на сваім месцы. Працую на чыгунцы ўжо пяць гадоў, з іх на «Звяздзе» — два. Фірменны цягнік, як мне здаецца, моцна адрозніваецца ад іншых. За 13 гадзін пасажыры паспяваюць стаць табе роднымі — з некім доўга размаўляеш, за кімсьці проста назіраеш. Мне вельмі падабаецца, калі пасажыраў сустракаюць абдымкамі, кветкамі. Самыя «душэўныя» рэйсы ў нас падчас навагодніх свят — ад сцэн сустрэчы можна праслязіцца. За гэта і люблю сваю работу. Шкадую толькі, што Санкт-Пецярбург дагэтуль нармальна не бачыла, але ўсё яшчэ можна выправіць.

 

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.