20 Люты, аўторак

Вы тут

У Мінску маляўніча адзначылі юбілей нашай газеты


Ці складана дажыць да 100 гадоў? Толькі не для газеты «Звязда»! Праверанае гадамі выданне — яркае таму пацвярджэнне. За 100 гадоў яно шмат што пабачыла і расказала чытачам на сваіх старонках. Стагоддзе для газеты было багатым на падзеі, ужо паверце. Але пра гэта няхай апавядае гісторыя. А рэдакцыя вам раскажа пра тое, як мы вырашылі адзначыць свой стагадовы юбілей на ўсе 100%. Сваім пазітыўным настроем з намі і публікай падзяліўся шасціразовы рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса, чэмпіён і ўладальнік кубкаў: свету, СССР, СНД, БССР і Беларусі ў класічным і павольным пад'ёме гір, аўтар 150 афіцыйных рэкордаў у экстрэмальным пад'ёме цяжкасцяў (і гэта яшчэ далёка не ўсе яго тытулы!) Вячаслаў Харанека! Таксама гледачы змаглі ўбачыць майстар-класы ад неаднаразовых чэмпіёнаў свету па гіравым спорце братоў Ігара і Вадзіма Сігневічаў. Паўдзельнічаў у нашым свяце і наймацнейшы беларускі міні-футбольны клуб «Сталіца».


Пунктам збору стаў мінскі ліцэй №1, які знаходзіцца на сімвалічным для рэдакцыі праспекце Газеты «Звязда». Вячаслаў Харанека і браты Сігневічы вырашылі не разменьвацца на дробязі: «У вас жа стагадовы юбілей! Так мы і зробім праграму, дзе галоўнай будзе лічба 100», — у адзін голас рашуча заявілі яны перад пачаткам мерапрыемства. Сто разоў «штурхнулі» гіры, зрабілі з імі па сто «рыўкоў». Потым падымалі 2-пудовыя гіры на адным мезенцы. І гэта была ўсяго толькі размінка... Нешта накшталт «разагрэву для публікі». Потым Вячаслаў Харанека вылучыў сабе 100 секундаў, каб лежачы падняць над сабой гіру 100 разоў, але справіўся з гэтым хутчэй. Заслужаны майстар спорту Вадзім Сігневіч паказаў практыкаванні сілавога жанглявання, якія дапамагаюць палепшыць каардынацыю і трываласць.

Спартсмены таксама паказалі публіцы двухпудовую «Царскую гіру» 1874 года. «Гэта сімвал таго, што гіра жыве і развіваецца сёння», — растлумачыў Ігар Сігневіч.

«Наша філасофія — прапаганда здаровага ладу жыцця. Праз практыкаванні мы дэманструем простым людзям, як трэба сябе падтрымліваць і станавіцца лепшым. Лічба 100 — найлепшы паказчык для гэтага. Каб быць здаровым, трэба працаваць на 100%. Сваім асабістым прыкладам я імкнуся заўсёды гэта паказваць. Мяне турбуе будучыня нашай краіны. Я заўсёды лічыў, што толькі тая краіна мае яе, у якой здаровыя грамадзяне як духоўна, так і фізічна. Мне прыемна, што наша паважаная газета «Звязда» падтрымлівае маю ідэю. Прыйсці і павіншаваць ваша выданне з юбілеем для мяне было ў радасць», — падзяліўся Вячаслаў Харанека.

Людзі, якія не пабаяліся даждлівага надвор'я, былі здзіўлены і не хавалі свайго захаплення. Але яны нават не падазравалі, што Вячаслаў Харанека папрацуе з імі асабіста. Па індывідуальнай праграме. І не, ім не давялося з апошніх сіл падымаць гіры па сто разоў, на што здольныя толькі прафесіяналы. Спартсмены з сусветнымі імёнамі імкнуліся падтрымаць атмасферу свята і азарту, ладзілі конкурсы і спаборніцтвы, у якіх былі пераможцы, але не было тых, хто прайграў, — усе ўдзельнікі змаглі паказаць сябе ў найлепшым выглядзе і атрымаць за гэта памятныя прызы.

У конкурсе па падняцці гіры сярод мужчын перамог Ігар Часкідаў. Тры гады таму ён пераехаў з украінскага Днепрапятроўска ў Мінск і застаўся тут з сям'ёй. Ён расказаў, што прафесійна спортам не займаецца. Хіба толькі для таго, каб трымаць сябе ў добрай форме. Навык застаўся яшчэ з войска — служыў 20 гадоў таму. І на гэтым, магчыма, гісторыю пра яго варта было б скончыць, калі б не адно «але». Дакладней, два. Яго жонка таксама перамагла ў конкурсе па падняцці гіры сярод жанчын і дзяўчат. Яго сын — чэмпіён Беларусі па тэквандо. Яны на самай справе сталі самай зорнай і спартыўнай сям'ёй нашага мерапрыемства.

Але спартыўным святам зацікавіліся не толькі маладыя людзі. «Звязда» сапраўды аб'ядноўвае пакаленні. Павіншаваць газету з юбілеем прыйшоў падпісант амаль з 70-гадовым стажам. Васіль Лушчык у свае 82 гады нямала прапрацаваў настаўнікам гісторыі, і хто, як не ён, памятае, як мяняліся людзі, каштоўнасці, падзеі. За ўсім гэтым ён назіраў і на старонках «Звязды». У школьныя гады ён адказваў за палітычнае інфармаванне ў калгасе. Разам з іншымі дзецьмі абмяркоўваў газетныя артыкулы. Потым, калі вывучыўся і стаў настаўнікам, адзін з яго вучняў працаваў у «Звяздзе» карэспандэнтам, а сябар — фатографам.

Валянціна і Уладзімір Паплёўкі прыехалі на наша свята з Лагойска. Працуюць яны настаўнікамі, «Звязду» выпісваюць даўно — Уладзімір памятае, што газета прыходзіла нават у хату дзеда. Пачатак жніўня ў іхняй сям'і ўвогуле радасны: 10-га гулялі вяселле самі, а 9-га — іх дзеці. Так што наш дзень нараджэння для Паплёўкаў — дата заўсёды значная. Спадарыня Валянціна ў падарунак газеце вышыла прыгожае пано. Яно абавязкова зойме месца побач з узнагародамі рознага кшталту, якія атрымлівала рэдацыя.

Васіль Чарнега трапіў на свята, можна сказаць, выпадкова, але яно настолькі прыйшлося па душы яму і яго ўнучцы, што яны засталіся да канца мерапрыемства.

— Вызірнуў у акно, гляджу, з самай раніцы на стадыёне ліцэя работа кіпіць — вешаюць сцягі, збіраюцца людзі. З унучкай надумалі выйсці, паглядзець, заадно і прагуляцца, а тут, аказваецца, такое свята. Вядомыя людзі, цікавыя спаборніцтвы. Малайцы, што вырашылі адзначыць вялікі юбілей менавіта так — прыгожа, ды яшчэ і з карысцю для здароўя, — дзеліцца ўражаннямі ад убачанага Васіль Іванавіч.

Большасць гасцей прыходзілі на наша свята сем'ямі, сярод іх Гаянэ Газаран з двума сынамі. Адзін хацеў паспрабаваць сябе ў гіравым спорце, другі, нягледзячы на халаднаватае дажджлівае надвор'е, чакаў сустрэчы са знакамітымі футбалістамі, якая была запланавана на другую палову святкавання.

— Я жыву ў Беларусі ўжо доўгі час, таму добра знаёмая са «Звяздой», — адзначае Гаянэ. — Для газеты 100 гадоў — гэта вельмі шмат, а самае цікавае, што ў такім узросце друкаванае выданне застаецца канкурэнтаздольным у нас у краіне, яго ведаюць, яно мае сваю аўдыторыю. Улічваючы, колькі цяпер глянцавых часопісаў і газет рознага роду, гэта вельмі каштоўна. Дай Бог вам росквіту і яшчэ доўгіх гадоў жыцця. У мяне вялікая сям'я, сярод дзяцей — два хлопчыкі, таму мне важна, каб яны паглядзелі, як мужчыны, людзі ў сталым узросце, могуць паказваць высокія спартыўныя вынікі, дамагацца вышынь. Мне здаецца, гэта неабходна для фарміравання мужчыны, для яго ўнутранага стрыжня, таму сёння мы тут практычна ўсёй сям'ёй. Спартыўнае свята ў вас атрымалася вельмі цікавым.

Здавалася, пасля гіравікоў, іх трукаў і займальных конкурсаў ад Вячаслава Харанекі здзівіць прысутную публіку немагчыма. А ў нас наперадзе яшчэ футбол — гульня нумар адзін у свеце, ды і ў нашай «Звяздзе» таксама.

Запрошаныя гульцы міні-футбольнага клуба «Сталіца» прыбылі нават раней за прызначаны час, таму яшчэ да пачатку свайго майстар-класа паспелі прасякнуцца атмасферай свята. Аднак хутка без лішніх слоў, як і належыць прафесіяналам, узяліся за мяч. Каля «сталічнага» трыа — Андрэя Чурыліна, Юрыя Рабыкі і Аляксандра Альшэўскага — імгненна стоўпіліся хлапчукі, бо футбалісты абяцалі прыадкрыць таямніцы вялікага спорту. На пляцоўцы з'явіліся фішкі, хлопцы падзяліліся на групы, і работа закіпела — пад кіраўніцтвам тытулаваных гульцоў хтосьці адпрацоўваў удары ў створ варот, хтосьці вядзенне, хтосьці — гульню ў пас.

— Такія майстар-класы для дзетак — гэта выдатна, магчымасць паглядзець, нечаму навучыцца, пагутарыць з прафесійнымі гульцамі. Калі клічуць, мы заўсёды стараемся прыходзіць на такія мерапрыемствы, нягледзячы на няпросты рэжым трэніровак. Для нас гэта ў задавальненне, можна сказаць своеасаблівая псіхалагічная разгрузка, — адзначае Юрый Рабыка.

У групе дзяцей заўважаем асабліва тэхнічнага маленькага гульца, аказваецца, гэта Аляксандр Альшэўскі захапіў з сабой сына.

— Мацвей Аляксандравіч, — сур'ёзна прадстаўляецца Альшэўскі-малодшы. — Да таты на гульні хаджу часта, а вось на такім майстар-класе ўпершыню.

Мацвей расказвае, што ўжо сур'ёзна займаецца міні-футболам і ў будучыні плануе звязаць сваё жыццё менавіта з гэтай гульнёй, таму яго навыкі не павінны нікога здзіўляць.

Тым часам адведзеныя на заняткі 30 хвілін падышлі да канца, гульцы тут жа трапілі
ў кальцо хлапчукоў, раздача аўтографаў і фота на памяць — неад'емная частка любога свята. А вось пару прыемных слоў футбалісты знаходзяць і для нас, і для газеты.

— Для друкаванага выдання — гэта салідны ўзрост. Скажу шчыра, калі «Звязда» трапляецца на вочы, абавязкова прагортваю, — расказвае Андрэй Чурылін. — Ведаю, што вы дастаткова ўвагі ўдзяляеце спорту, для нас гэта асабліва прыемна. І на гэты раз задасце пару пытанняў? Напрыклад, пра будучы сезон? Вы ж ведаеце, у «Сталіцы» заўсёды толькі адна задача — чэмпіёнства.

Аднак аб чэмпіёнстве ў гэты дзень нашмат больш думалі іншыя — дзве каманды, якія біліся ў футбольным матчы ў завяршэнні свята. За спецыяльны прыз — падрыхтаваны загадзя кубак — змагаліся супрацоўнікі газеты «Звязда» з выкладчыкамі ліцэя. Цікава, што суддзямі святочнага матча выступілі запрошаныя футбалісты, ад іх зоркага вока не сыходзіў ні адзін драбнюткі момант.

Трэба сказаць, наша каманда рыхтавалася: двума месяцамі раней «дрымцім» пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара Паўла Сухарукава прыняла ўдзел у галіновай спартакіядзе, дзе не заваявала ўзнагарод, але выступіла вельмі годна. Сказаць, што барацьба на пляцоўцы ліцэя была ўпартай, — мала, хоць гэтага і не адлюстроўваў лік на табло, пасля першага тайма прадстаўнікі «Звязды» «гарэлі», як кажуць у спорце, 0:5. Тут адбылося нешта не запланаванае, Юрый Рабыка раптам вырашыў пераапрануцца ў журналіста і ў спешцы нацягнуў на сябе нашу чырвоную рэдакцыйную майку. У атмасферы свята сапернікі такую замену ўспрынялі цалкам адэкватна і працягнулі сустрэчу, ну а ў нашых звяздоўцаў са з'яўленнем у складзе новага футбаліста як быццам адкрылася другое дыханне. Яны здолелі адыграцца, і толькі хвіліны не хапіла, каб зраўняць лік у матчы, перамога выкладчыкаў — 6:5.

Акрамя абяцанага кубка, пераможцы атрымалі сувеніры ад МФК «Сталіца», а выдатным настроем зарадзіліся ўсе.

Свята завяршылася, але мы спадзяёмся, што прыемныя ўражанні ва ўсіх, хто быў з намі, усё ж такі засталіся. Памятаць пра гэта яшчэ сто гадоў, вядома, не атрымаецца. Спадзяёмся, што на свой двухсотгадовы юбілей нашы наступнікі змогуць таксама сабраць добрых людзей і стварыць прыемную сяброўскую атмасферу з духам саперніцтва. Дзякуй, што былі з намі гэтыя сто гадоў!

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Відэа Валяр'яна ШКЛЕННІКА

Загаловак у газеце: Вечна маладая і спартыўная

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ужо каторы год жыхары змагаюцца супраць агульнай паркоўкі ў двары

Ужо каторы год жыхары змагаюцца супраць агульнай паркоўкі ў двары

Гаспадары двара расказваюць, што раней тры заезды ў двор перакрывалі дэкаратыўныя металічныя вароты, унутр аўтамабілі маглі трапіць толькі праз вялікую арку з боку вуліцы Янкі Купалы.

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра соты фінал у кар'еры Максіма Мірнага, поспехі беларускіх самбістаў на дамашнім турніры і выступленні нашых гандбольных клубаў у Еўропе.

Культура

Cабраны пераклады верша Янкі Купалы «А хто там ідзе» на 101 мову свету

Cабраны пераклады верша Янкі Купалы «А хто там ідзе» на 101 мову свету

«Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» адправіла ў друкарню выданне «А хто там ідзе: на мовах свету».

Палітыка

Прэзідэнт паўдзельнічаў у выбарах і адказаў на пытанні журналістаў

Прэзідэнт паўдзельнічаў у выбарах і адказаў на пытанні журналістаў

За каго аддаць свой голас, якога кандыдата лепей абраць у дзень выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў?