Вы тут

У Верхнім горадзе адкрыўся праект «Open Аir CINEMA»


Зусім нядаўна быў створаны праект пад назвай Open Аir CINEMA, які стартаваў ужо ў мінулую пятніцу. Арганізатарам мерапрыемства выступіла УП «Кінавідэапракат» пры падтрымцы Мінгарвыканкама. Ідэя складалася ў тым, каб у летні час па выхадных перанесці прагляд фільмаў розных жанраў пад адкрытае неба. І ўчора ўсе жадаючыя маглі наведаць гэтае мерапрыемства і адчуць, як гэта - глядзець кіно без даху над галавой. 


Паказ пачаўся ў Верхнім горадзе ў дворыку гатэля «Манастырскі» па вуліцы Кірылы і Мяфодзія ў 21.00. На прэм'еры праекта паказвалі італьянскую камедыю 2016 года «Белае віно з Бабудойу». Фільм распавёў гісторыю траіх братоў, якія атрымалі ў спадчыну маёнтак з вінаграднікам. І, каб не збанкрутаваць, ім неабходна было за 15 дзён вярнуць банку 300 тысяч еўра.

Атмасфера мерапрыемства была вельмі прыемнай і душэўнай. Прама ў цэнтры двара стаялі крэслы для гледачоў, насупраць - вялікі экран, дзе паказвалі кіно. За глядацкімі месцамі размясціўся аркестр. Музыкі гралі так велічна, весела, з запалам, што гукі мелодыі чуваць было далёка ад месца падзеі. І любы наведвальнік мог прыйсці на мерапрыемства, пачуўшы музыку, паглядзець бясплатна кіно і добра правесці вечар пятніцы.

Абстаноўка паляпшалася з кожнай хвілінай. Наведвальнікаў станавілася ўсё больш, аркестр граў гучней, гледачы шукалі вольныя месцы, а нехта ўладкоўваўся і на траве. Гледачы былі розных узростаў: ад дзяцей і студэнтаў да пенсіянераў. Для жадаючых былі адчынены гандлёвыя кропкі з прысмакамі.

Гледачы былі задаволеныя такім незвычайным паказам. На іх тварах можна было заўважыць усмешкі. А дзеці танцавалі і гулялі, дарослыя атрымлівалі асалоду ад прагляду кіно, рабілі шмат фатаграфій. Некаторыя наведвальнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі.

«Мне заўсёды падабалася гэтае месца. Тут часта пануе такая прыемная атмасфера. Да прыкладу, тая ж класічная музыка ў Ратушы. І вось цяпер гэта мерапрыемства, дзе можна паслухаць музыку і паглядзець кіно. Гэта сапраўдны канцэрт. І мне, як для выкладчыка музыкі, такая падзея па душы. У Еўропе за такое аддасі шмат грошай, схадзіўшы на любы канцэрт. А тут, калі ласка, - бясплатна» падзялілася Людміла Якавенка, выкладчыца музыкі гімназіі № 5 г. Мінска.

Кіно прыйшлі паглядзець не толькі жыхары Беларусі, але і замежныя гледачы, якія спыніліся ў гатэлі «Манастырскі». Адзін такі госць прыехаў да нас з Вашынгтона.

«Мне вельмі падабаецца, цудоўна, дзіўна...» усміхаўся Брус.

Больш за ўсё гледачоў былі маладога ўзросту, якія таксама захацелі паглядзець кіно пад адкрытым небам, адпачыць у кампаніі сяброў.

«Цікавая ідэя. Такія мерапрыемствы карысна праводзіць летам. Чалавек, можа, не ведаў пра такую падзею, а тут можна проста прыйсці, убачыць, гуляючы па Верхнім горадзе, і бясплатна адпачыць. Грае жывая музыка, і гэта прыемна. Для цябе ўсё ў адкрытым доступе. Кіно цікавае, мне вельмі падабаецца. Цяпер люді такое рэдка глядзяць, а тут ёсць магчымасць далучыцца да мастацтва» падзяліўся сваімі ўражаннямі малады чалавек Эдуард.

Так, можна лічыць, што эксперымент атрымаўся. Гэта праўда вельмі выдатна - глядзець кіно ўсім разам на адкрытым паветры.

Як зазначылі арганізатары, такія паказы будуць праходзіць кожныя выхадныя. На іх бясплатна прадэманструюць фільмы розных жанраў і краін. Наступны сеанс ужо сёння, 15 ліпеня, у такі ж час (21.00) і на тым самым месцы (двор гатэля «Манастырскі»). У праграме - італьянскія кароткаметражкі. Для жадаючых яшчэ раз адчуць атмасферу праекта Open Air CINEMA у наступныя выхадныя дні пакажуць нарвежскае кіно, потым французскае, англійскае... Застаецца спадзявацца, што гледачоў будзе прыходзіць з кожным разам усё болей.

Ганна КУРТАСАВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

І хто будзе працаваць на Еўрапейскіх гульнях у Мінску.

Грамадства

Моцныя духам

Моцныя духам

Апошнія дні адзін з рэдактараў падпольнай «Звязды» правёў у фашысцкім засценку побач са сваімі паплечнікамі.

Грамадства

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ёсць ў Глыбоцкім раёне, недалёка ад вёскі Запруддзе, высокая гара, якую мясцовыя жыхары называюць Карпацкай. 

Грамадства

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Будзьце пільныя ў дачыненні да таго, што і як ясце, іначай проста не пазбегнуць непрыемнасцяў.