Вы тут

«Афіцэры ў адстаўцы не пайшлі сядзець на лаўцы...»


Што было — было: адзін дзяцюк з дзяўчынай пазнаёміўся, размову завёў. «Ты, — пытаецца, — увесь час у Піцеры жывеш?» — «Не, — адказвае, — спачатку жыла ў Ленінградзе, потым — у Пецярбургу». — «А чаму пераехала?»

Думаеце, пасля такога пытання дзяўчына цягу дала? Не... Яна ў таго хлопца нават заначавала праз нейкі час. Раніцай з душа выйшла ў адным ручніку. «У цябе там, — кажа, — два віселі: з літарай «М» і «Ж». Гэта для мужчын і жанчын? Я правільна выбрала?» — «Не, — кажа гаспадар, — з літарай «М» значыць для морды...»

Вось пасля гэтага яму ўжо капец?..

Магчыма, але марудны, бо яны ў ЗАГС пайшлі, распісаліся. А ўжо адтуль...


Новая традыцыя: калі мост злучае два берагі, то шлюб — дваіх закаханых. Пабраўшыся, яны зачыняюць, замыкаюць свае сэрцы для іншых, ключ кідаюць у ваду: усё, маўляў, яго ніколі, ніхто не знойдзе, замок не адамкне, мужа з жонкай не разлучыць...

А вось тут ёсць варыянты, як той казаў. У тым ліку — і подпісаў да здымка. Можна яшчэ раз паглядзець на яго (верхні) і міжволі пагадзіцца са спадаром Міколам Кісялём з Мінска:

З-за дзяцей сватамі сталі:

Хай у згодзе пажываюць,

А не як марскія хвалі —

Прыбягаюць ды ўцякаюць...

Дзеля іх ды ўнукаў шчасця

Не дадзім замок іх скрасці!

Вось і стаяць мужыкі — вартуюць. Здавалася б, добрую справу робяць. Ці... марную, бо

Ні замочкі, ні пярсцёнкі

Не ўратуюць шлюб.

Не ўтрымаеш, браце, жонку,

Калі стаў не люб, —

заўважае спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска. І тым самым нагадвае стары анекдот. Муж у жонкі пытаецца, чаму яна заручальны пярсцёнак няправільна носіць — не на тым пальчыку? «Таму, — адказвае, — што не за тога замуж выйшла». Бывае. Адкуль...

Разважаюць мужыкі:

«На халеру тут замкі?

Модна вешаць у дзень шлюбу?

А праз месяц — муж нялюбы:

Тут вяселле, тут развод —

Добра, як працягнуць год.

Піша так спадарыня Раіса Васільева з Гомеля. І, вядома ж, не без падстаў: бачыць, што побач дзеецца. Як і спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў:

Хто ў сям'і не хоча згоды?!

Хто б не вешаў той замок?!..

Ды няма найлепшай моды,

Чым замок ды на раток.

Што праўда, тое праўда. І найлепш — не на адзін, як лічыць спадарыня Сафія Міцкевіч з Валожыншчыны:

Каб сужэнцы долю мелі,

Разлучыць ніхто не мог,

Цешчы трэба ад вяселля

На замок узяць раток.

І свекрыві не зашкодзіла б.

У адной, дарэчы, неяк спыталі, чаму яна так добра з нявесткай ладзіць? Адказала: «Таму што я трохі слепаватая, трохі глухаватая...» А калі яшчэ і крыху нямая...

Пра цесцяў ды свёкраў анекдотаў не чуваць. Хіба вершы да нашага здымка. «На мой погляд, — піша, напрыклад, спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — гэтыя дзядзькі з зайздрасцю глядзяць на чужое вяселле — з прыгожымі строямі, кветкамі, галубамі, замкамі, гучным бібіканнем машын... І пры гэтым адзін аднаму гавораць:

— Бач, картэж які імчыць,

Яго запал —

Нібы харал

Да неба з радасцю ляціць...

— А час рабіць наадварот:

Біць у званы, калі развод,

Каб ведаў навакольны люд:

«Дапамажыце, драма тут!»

Лёгка сказаць, а вось дапамагчы... Свой розум у кожнага: мы ці не ўсе ім багатыя, праўда... заднім, як правіла: гэта значыць, што спачатку нешта зробім, а потым, падумаем, прыйдзем да высноў. Тут і цяпер толькі дзве з іх: «Жанчыны, шчаслівыя ў першым шлюбе, часцей адважваюцца на другі» і «Трэці шлюб часта сведчыць, што памылкай не былі і два першыя».

А зрэшты, на здымку нашы чытачы ўбачылі не толькі новую традыцыю, але і адгалоскі старой. «У вёсках Паазер'я, — піша, напрыклад, спадар Іван Сіманёнак з Пастаў, — на вяселлі хадзілі не толькі тыя, каго запрашалі: збіраліся ўсе, каб паслухаць музыку, патанцаваць, паглядзець на маладых... Дарэчы, іх бацькі і няпрошаных гасцей за сталы садзілі альбо выносілі пачастунак».

Адкуль, трэба разумець, радкі:

На вяселле паглядзець

Дружбакі рашылі:

«Мо, сто грам перападзе?»

Але ж іх адшылі!

На тварах напісана.

І нічога не паробіш: мяняюцца часы, мяняюцца норавы і традыцыі. Што застаецца нязменным? Чытайце: «Гэтыя спадары, — піша Ягор Жылук з Мар'інай Горкі, — выбралі вельмі зручнае месца для знаёмства з жанчынамі. Па-першае, на вяселлях адразу відаць, хто з іх у пары, а хто не, па-другое, усе яны такія прыгожыя, прыбраныя — хоць пад вянец! Адразу ж! І таму

Хлопцы мост аберагаюць?

Яны жонак выбіраюць...

Дык глядзіце й вы, дзяўчаты,

На прыгожых... Нежанатых...

У прыватнасці, пакуль, бо, на думку спадарыні Васільевай:

Мужыкі — халасцякі,

Думаюць пасватацца:

Можа ж, знойдуцца жанкі,

Што на іх паквапяцца?

Бяры болей, як той казаў: гэта значыць, што знайсціся могуць (паводле спадарыні Войцік з Бабруйска) не толькі жанкі:

Вешай ты хоць сто замкоў, —

Зводзяць дзеўкі мужыкоў!

І баяцца гэтага, як пісаў адзін знаўца, мужчынам не варта: ну што яны — тыя дзеўкі — могуць зрабіць? Ну «раскруціць» на грошы, ну сапсаваць настрой... Ну жыццё зламаць. І ўсё.

Спадар Мікалай Старых з Гомеля піша пра іншы «аблом». «Асобныя з маіх знаёмых з трывогай чакаюць выхаду на «дзембель», на пенсію. І не столькі таму, што цяжка будзе пражыць на меншыя грошы, колькі таму, што не ведаюць, чым тады займацца, што рабіць з ранку да вечара дзень пры дні? Менавіта ім, — піша Мікалай Валянцінавіч, — я прысвячаю свае радкі:

Маладым у нас дарога,

А старым?..

Няўжо нічога?

Порах ё ў парахаўніцах?

Дык шчыруйма на зямліцы!

На прагляды серыялаў

Часу пойдзе ў вас нямала.

Можна кніжкі пачытаць,

Пастаяць-пагандляваць...»

А ўрэшце, як лічыць спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, зноў уладкавацца на працу:

Афіцэры ў адстаўцы

Не пайшлі сядзець на лаўцы:

Не ўзялі ў кадравікі —

Дык гайда ў вартаўнікі.

Думаеце, што гэта праца не бі ляжачага? Паводле спадарыні Чыгрынавай, ні ў якім разе, бо:

Ой нялёгка, ой не проста

Адстаяць вось так дзянёк,

Каб хаця парэнчы моста

Нейкі бомжык не звалок.

І сапраўды: якая ж песня без баяна? А мост без парэнчаў? Ды і на металалом іх шкада.

А зрэшты, здымак, як здаецца спадару Віктару Сабалеўскаму з Узды, зусім не пра тое:

З ціхай вёскі мужыкі

Трапілі ў сталіцу.

На вісячыя замкі

Сталі падзівіцца.

— Марнатраўства! — дзед Анціп

Выдае выснову —

Сто замкоў! А плот адзін...

Ды і той не новы!

Дык ці варта яго так пільна ахоўваць? Спадарыня Чыгрынава лічыць, што не, бо ў новым стагоддзі новы, так бы мовіць, характар крадзяжоў:

Капітаны і маёры

Падаліся у вахцёры,

Каб ніводзін з несуноў

Міма «вахты» не прайшоў.

Дзівакі вы, афіцэры,

Хто ж выносіць нешта ў дзверы?

Сёння «інтэлектуалы»

«Нажываюць» капіталы.

Маюць свой дэвіз яны:

Хто не крадзе, той дурны.

А ў «разумных», кажуць, расклад такі: той, хто выносіць нешта па драбязе, можа трапіць у Магадан ці Варкуту; той, хто «ў асабліва буйных памерах» — у Лондан ды Парыж. Можа, нават з сямействам, на ПМЖ (пастаяннае месца жыхарства)...

Ёсць у пошце радкі і пра тых, хто не хоча ні ў Варкуту, ні ў Лондан, то-бок не краў, не крадзе і не будзе. Такіх, паводле спадарыні Чыгрынавай, раней шмат было — двое «ў кадры»:

Жылі хлопцы лёгка, проста,

Душы ў іх былі наросхрыст.

Мелі мала, ды хапала...

Усё інакш сягоння стала:

Там замкі, а там ахова.

І народ паўсюль нервовы:

Цэны, меры ды паперы...

Усюды — міліцыянеры...

Мы ў часе недаверу.

Але ж пры гэтым, на думку спадара Анатоля Кашэвіча з Лельчыцкага раёна:

Глядзяць арлы услед жанчынам,

Як гэта здаўна павялося.

А што яшчэ рабіць мужчынам?

Старым — хоць гэта засталося.

Не будзем спрачацца наконт узросту, хоць падстава, вядома ж, ёсць (прычым крыўдная для арлоў). Адзначым, што, апроч іншага, застаўся іх багаты жыццёвы досвед, пра які так хораша піша спадарыня Гудачкова:

Дзед Піліп і дзед Антось

Прыгадалі маладосць:

«Не было ж у нас пытання,

Зберагчы як шлюб-каханне?

Без замкоў, не на паперцы,

У сваім розуме ды сэрцы!

Пра тое ж і фінальныя радкі ад спадара Івана Астроўскага з Мінска:

На вяселлях асабліва

Зычаць пары жыць шчасліва...

Напрыдумваюць замоў,

Нападпісваюць замкоў...

Каб каханне зберагчы,

Раяць выкінуць ключы.

Усё добра, ды нарэшце

Пажадаў бы я усім

Ключ-каханне мець у сэрцы.

І не толькі маладым!

Вось на гэтай прыгожай ноце і добра б завяршыць чарговы агляд, але трэба падвесці вынікі, а значыць, нагадаць, што на папярэднім конкурсным здымку (гл. «Звязда» ад 17 мая) была жанчынка з кошыкам, у галёшах-скараходах. Вершаў пра яе ды адмысловы абутак было напісана шмат, так што вызначыць найлепшыя вельмі складана. «Ну, па-першае, аўтары, — піша спадар Гаўрыш, і мы з ім цалкам згодныя, — узнялі столькі розных тэм, зрабілі столькі нечаканых высноў, здзівілі такімі складнымі рыфмамі, што толькі сляпы не ўбачыць, які ж таленавіты і мудры ў нас народ — сапраўдны стваральнік адметнай мовы, адметнага фальклору... А таму са старонак любімай беларускай газеты не павінен сыходзіць конкурс на найлепшы подпіс да здымка».

Не павінен, значыць, будзем спадзявацца, не сыдзе — пакуль ёсць такія аўтары, такія чытачы (яны ж — сябры вялікага чытацкага журы)!

Паводле яго меркаванняў, аўтарамі найлепшых радкоў да папярэдняга здымка прызнаны сужэнцы Астроўскія з Мінска, спадары Віктар Сабалеўскі з Узды і Мікалай Старых з Гомеля, Ягор Жылук з Пухавіччыны, спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска і Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў.

З гэтым вось, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал бягучага года накіроўваецца ў Жыткавічы.

Хочаце, каб газета прыходзіла і да вас? Не пытанне, як той казаў: выпісвайце (зрабіць гэта аніколі не позна), альбо ўважліва глядзіце на новы конкурсны здымак, рыфмуйце свае радкі (пажадана не больш за восем у прапанове, колькасць якіх не абмяжоўваецца) і дасылайце ў рэдакцыю. Шанц на выйгрыш заўсёды ёсць.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

І хто будзе працаваць на Еўрапейскіх гульнях у Мінску.

Грамадства

Моцныя духам

Моцныя духам

Апошнія дні адзін з рэдактараў падпольнай «Звязды» правёў у фашысцкім засценку побач са сваімі паплечнікамі.

Грамадства

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ёсць ў Глыбоцкім раёне, недалёка ад вёскі Запруддзе, высокая гара, якую мясцовыя жыхары называюць Карпацкай. 

Грамадства

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Будзьце пільныя ў дачыненні да таго, што і як ясце, іначай проста не пазбегнуць непрыемнасцяў.