Вы тут

У доме-музеі Якуба Коласа можна ўбачыць новы партрэт Песняра


Разам з іншымі графічнымі работамі Міхася Басалыгі ён экспануецца ў межах выставачнага праекта «Словы і рэчы: невядомыя калекцыі», прымеркаванага да 135-годдзя Якуба Коласа.


На выстаўцы «Мастацкія вобразы роднага краю» прадстаўленыя прадметы, рукапісы і мастацкія работы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, а таксама з прыватнай калекцыі Міхася Басалыгі. Невялікая экспазіцыя змяшчае асабістыя рэчы, якімі карыстаўся паэт, яго адзенне і посуд, праз фотаздымкі і рукапісы расказвае пра стасункі Якуба Коласа з перакладчыкамі яго вершаў на рускую мову. Адметная мастацкая частка выстаўкі — тут можна пабачыць графічныя работы Міхася Басалыгі, якія ён выканаў для зборніка перакладаў паэзіі Коласа на рускую мову, што пабачыў свет тры дзесяцігоддзі таму, а таксама для выдання трылогіі «На ростанях», якое выйшла ў 2006 годзе.

— Вельмі рэдка мы паказваем на выстаўках адзенне Якуба Коласа, тут жа можна пабачыць капялюш, гальштук і кашулю, якія насіў паэт. Вельмі рэдка дэманструем і вось гэты кубачак, адзіны з тых, што застаўся з дома Коласа пасля вайны, — распавядае старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля АДАМОВІЧ. — Калі сын паэта Даніла першы вярнуўся ў Мінск у 1944 годзе і прыйшоў да бацькаўскага дома, што ў той час знаходзіўся ў парку Горкага, то на яго месцы пабачыў толькі яму. Знайшоў аскепкі кубачка, які нашы супрацоўнікі рупліва склеілі.

У цэлым жа новая выстаўка дэманструе, як выявы, намаляваныя мастаком, ператвараюцца з асобнай графічнай работы ў ілюстрацыю да кнігі. Тут упершыню шырокай публіцы прадстаўлены арыгінальныя ілюстрацыі да трылогіі «На ростанях», можна пабачыць, якімі ўявіў Міхась Басалыга прыгажуню Ядвісю, настаўніка Лабановіча. Экспазіцыя прадстаўляе таксама фотаздымкі перакладчыкаў вершаў беларускага класіка на рускую мову і іх рукапісы. Гэта, напрыклад, Сяргей Гарадзецкі, з якім сябраваў Колас, Яўген Мазалькоў (дарэчы, менавіта яму класік перад смерцю пісаў ліст, які і сёння ляжыць на стале ў яго мемарыяльным кабінеце), Аляксандр Пракоф'еў.

— Асобнай увагі заслугоўвае партрэт Якуба Коласа, напісаны Міхасём Басалыгам сёлета, — дадае Наталля Аляксандраўна. — Тут мастак паспрабаваў паказаць вобраз класіка ў часы Вялікай Айчыннай вайны, у 1942 годзе. Гэта быў вельмі цяжкі год у жыцці паэта. Ён знаходзіўся ў эвакуацыі ў Ташкенце, сям'я нічога не ведала пра сына Юрку і шукала яго. У нас у фондах ёсць партрэт работы мастачкі Таццяны Жырмундскай, намаляваны менавіта ў дзень нараджэння Коласа ў 1942 годзе. Міхась Басалыга хоць не бачыў паэта ў той дзень, аднак здолеў вельмі добра паказаць яго вобраз.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Словы, увасобленыя ў графіцы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.

Спорт

Анастасія Марыніна:  «Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча»

Анастасія Марыніна: «Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча»

Гэта адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Грамадства

«Захад-2017». Постфактум

«Захад-2017». Постфактум

Задачы сумеснага стратэгічнага вучэння выкананы на высокім узроўні.

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.