Вы тут

Журналіста падрыхтаваць даражэй, чым філолага?


Беларускія ВНУ агучылі кошт навучання для першакурснікаў на 2017/2018 навучальны год.


У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце год навучання на спецыяльнасцях «лячэбная справа», «педыятрыя» і «фармацыя» будзе каштаваць для беларусаў 2200 рублёў. Падрыхтоўка фармацэўтаў на завочнай форме навучання значна таннейшая — усяго 880 рублёў. А самае дарагое «задавальненне» — падрыхтоўка будучых стаматолагаў (2570 рублёў).

Але для замежных студэнтаў кошты ў БДМУ зусім іншыя — 4 тысячы долараў за год незалежна ад спецыяльнасці. А пры ўмове навучання на англійскай мове (а такая магчымасць таксама ёсць) ім давядзецца заплаціць яшчэ больш — ад 4900 да 5500 долараў.

Між іншым, калі яшчэ колькі гадоў таму медыцынская адукацыя лічылася ў нас адной з самых дарагіх, то сёння па цэнах лідзіруюць востразапатрабаваныя ў моладзі спецыяльнасці Белдзяржуніверсітэта і БДУІР. Насамрэч, ну хто з выпускнікоў не марыць пра кар'еру дыпламата ці спецыяліста ў буйной ІТ-кампаніі з добрым заробкам? Але за ажыццяўленне мары давядзецца заплаціць кругленькую суму, прычым гэта яшчэ зусім не гарантыя таго, што кар'ера потым складзецца так, як уяўлялася.

Напрыклад, у БДУ кошт навучання на факультэце міжнародных адносін вагаецца ад 2765 да 2851 рубля ў залежнасці ад спецыяльнасці, на юрыдычным факультэце — ад 2593 да 2851 рубля, на эканамічным складае 2765 рублёў. Дзіўна, але і ў Інстытуце журналістыкі цэны зашкальваюць: год навучання на спецыяльнасці «журналістыка» па ўсіх напрамках (акрамя аўдыявізуальнай) ацэнены ў 2593 рублі, на міжнароднай і аўдыявізуальнай журналістыцы — у 2708 рублёў. Атрымліваецца, што падрыхтаваць урача цяпер танней, чым майстра слова?

Пры гэтым кошт падрыхтоўкі на філалагічным факультэце на спецыяльнасцях «беларуская філалогія» і «руская філалогія» — самы нізкі ў БДУ (2030 рублёў). Відавочна, што попыт з боку абітурыентаў моцна ўплывае на «цэннікі» на адукацыю...

Самы папулярны сярод абітурыентаў БДУІР — факультэт камп'ютарных сістэм і сетак. Тут за год навучання давядзецца заплаціць 2750 рублёў. Для ўсіх спецыяльнасцяў факультэта камп'ютарнага праектавання, факультэта радыётэхнікі і электронікі і факультэта тэлекамунікацый кошт складзе 2255 рублёў, для факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання, інжынерна-эканамічнага факультэта — 2530 рублёў.

У БНТУ самае дарагое навучанне на архітэктурным факультэце — 2797 рублёў за год, а самае таннае — на спецыяльнасцях спартыўна-тэхнічнага, інжынерна-педагагічнага факультэтаў і асобных спецыяльнасцях прыборабудаўнічага і будаўнічага факультэтаў — 2429 рублёў.

Падаражэла навучанне і ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. З верасня платнікі на першым курсе на дзённым аддзяленні будуць аддаваць 2210 рублёў у год. Іх папярэднікі ў мінулым годзе плацілі 2018 рублёў.

У Міністэрстве адукацыі тлумачаць: кошт навучання залежыць ад тарыфнай стаўкі першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый, а таксама тарыфаў на паслугі (работы, тавары) для юрыдычных асоб, у тым ліку на камунальныя паслугі, паслугі сувязі і іншыя.

Вышэйшую адукацыю на ўмовах аплаты ў Беларусі атрымліваюць прыкладна палова ад агульнай колькасці студэнтаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.

Спорт

Анастасія Марыніна:  «Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча»

Анастасія Марыніна: «Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча»

Гэта адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Грамадства

«Захад-2017». Постфактум

«Захад-2017». Постфактум

Задачы сумеснага стратэгічнага вучэння выкананы на высокім узроўні.

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.