Вы тут

Што можна ўбачыць на цёмнай вясковай вуліцы


Дзень Незалежнасці сёлета адзначалі спакойна і па-сямейнаму — у вясковым двары, з шашлыкамі, добрым віном і цёплай душэўнай размовай аб усім і ні аб чым, якую могуць нязмушана весці толькі сапраўды блізкія людзі. Падзівіўшыся на мінскі салют на тэлеэкране, вырашылі са стрыечнай сястрой прайсціся па вясковай вуліцы. Яна ў нас фактычна адзіная і ёсць (калі не лічыць пару хат на невялікіх апендыксах па баках, якія спрадвеку паблажліва завуцца Прыцапілаўкай). Вуліца доўгая — кіламетры два з паловай, да таго ж тупіковая — выехаць з вёскі можна толькі па тым жа шляху, што і ўехаў, асабліва калі казаць пра машыну, бо для пешага ці коннага дарога наўпрост па полі, па лесе і нават цераз рэчку заўсёды пры патрэбе знойдзецца. Карацей, жывучы ў адным канцы вёскі, ды яшчэ і ў тым, дзе крама, нават тутэйшыя бываюць на супрацьлеглым канцы рэдка. Што ўжо казаць пра вяскоўцаў «сезонных», якія прыязджаюць толькі на выхадныя ці ў лепшым выпадку на пару тыдняў водпуску. Таму кожную суботу на нашай вуліцы пад вечар можна сустрэць падобных разявак-экскурсантаў — ідучы па роднай вёсцы, яны з непадробнай цікавасцю зазіраюць у двары, разглядаюць кветкі на клумбах. (Сёлета, напрыклад, дзяўчаты-зямлячкі ў сацыяльных сетках замучылі мяне пытаннем, што гэта за дзівосны падобны да каліны куст цвіце ў нас каля лаўкі...)

Карацей, у той вечар на экскурсію, якой не праводзілі з мінулага лета, выправіліся і мы. Ішлі павольна ў лёгкай ліпеньскай цемры, якая і не цемра зусім, разважалі пра тое, што ёсць рэчы, якія не мяняюцца з дзесяцігоддзямі, — і месяц, які вось-вось пакажацца з-за шабаравай бярозы, і гэты дзівосны пах разнатраўя, і кугаканне савы дзесьці ў рачных вербалозах за агародамі. Але ў гэтай спрадвечнай ідыліі найбольш яскрава відаць, як змяняецца іншае —
вёска, людзі, норавы.

Ужо ў дванаццаць гадзін вечара (дзіцячы час для вясковага лета!) на вуліцы, дзе не гарыць ні адзін ліхтар — адключылі на сезон светлых начэй, — ціха і вусцішна. Няма ў вокнах святла — стомленыя з непрывычкі агароднай працай дачнікі ўжо спяць без задніх ног. На лаўках, што сіратліва прытуліліся ля платоў, — ні моладзі, ні падлеткаў. (А яшчэ гадоў пяць назад ці не на кожнай сядзела групка ці парачка, і пры набліжэнні дарослых «экскурсантаў» яны насцярожана прыціхалі.) Усе летнія вечары — а нярэдка і цэлыя ночы — і вясковыя, і прыезджыя трынаццаці-шаснаццацігадовыя праводзілі на вуліцы, на гэтых лаўках. Думаю, не памылюся, калі скажу, што кожнаму з іх дакладна ёсць што ўспомніць. Першыя нязграбныя заляцанні, нясмелыя пацалункі, песні пад гітару, жарты і гульні — гэткая добрая жыццёвая школа ўзаемаадносін палоў. Шчыра, я часам задумваюся: а дзе вучацца пачуццям і пяшчоце сучасныя падлеткі? У сацыяльных сетках? У камп'ютарных гульнях? Яны ж проста або баяцца знаёміцца са сваімі не віртуальнымі — рэальнымі — равеснікамі, або, наадварот, паводзяць сябе жорстка і нахабна, не разумеючы, што яны не ў гульні, дзе заўсёды можна націснуць кнопку «адмяніць» і пачаць усё нанава...

Літаральна за некалькі гадоў вёска з тыповай для цэнтральнай Беларусі забудовы са зграбнымі хатамі двума-трыма вокнамі на вуліцу, акуратнымі драўлянымі агароджамі ператварылася ў выстаўку архітэктурных вычварэнняў. Высокія платы з металапрофілю — гэта яшчэ палова бяды. Хаця я тут цалкам згодна з нашым мясцовым бабылём Вітакам, які, ідучы дадому нападпітку, спыніўся ля аднаго такога плота і філасофстваваў: «Паадгароджваліся ад людзей — пэўна, маюць што хаваць»... Самае сумнае відовішча сучаснай вёскі — пакалечаныя спадчыннікамі хаты. Іхнія бацькі-дзяды, якія гэтыя хаты будавалі, нават у страшным сне, пэўна, не маглі ўявіць, што дзеткам-унукам стане цесна ўваходзіць праз адны сенцы, гатаваць на адной кухні. А дзеткам-унукам цесна. І пасля смерці старэйшых родныя браты і сёстры пачынаюць хату дзяліць. Як правіла, удоўж. Тыя, каму не пашанцавала атрымаць ва ўласнасць адзіны ўваход, праразаюць дзверы і дабудоўваюць сенцы з процілеглага боку. З блокаў, абіваюць вагонкай або сайдынгам. Як скула вырастае на баку ў вясковай хаткі. Добра яшчэ, калі на плошчы падзелу толькі два акны — кожнаму па адным. Калі тры — усё дзеліцца па справядлівасці: кожнаму па паўтара — сярэдняе напалову. Далей — болей: хтосьці са спадчыннікаў багацейшы і пачынае сваю палову аздабляць: можа новымі дошкамі абабіць, можа цэглай абкласці, а то і другі паверх дабудуе (а яшчэ нядаўна ўбачыла, як тое ж і з плотам ад вуліцы зрабілі: палова новага, палова старога — акурат па лініі падзелу). І вось ужо стаіць не хата — крывабокая падслепаватая пачвара, у якой бавяць час дачнікі, якія калісьці, пэўна, у мінулым жыцці, былі самымі блізкімі людзьмі. І з кожным годам такіх хат большае...

У шэрым змроку на свае вочы ўбачылі і наступствы надзвычайнага здарэння, аб якім колькі дзён назад гаварыла ўся вёска. На вузкай вуліцы не размінуліся пагрузчык і легкавушка, пагрузчык узбіўся на паветку, выкарчаваў дрэва. Прыязджала міліцыя, разбіраліся, а мясцовыя кабеты, замест таго каб самім прымчаць на месца падзей (як рабілі гэта яшчэ гадоў дзесяць назад), схапіліся за мабільнікі і пачалі званіць цётцы Марыі, якая жыве побач з месцам аварыі, — яна ў той дзень была галоўным ньюсмэйкерам, з задавальненнем расказваючы ўсім ахвотным падрабязнасці.

Прыцягнуліся дадому разбітыя і стомленыя. Ці то ад таго, што позна было, ці ад выпітага віна, а можа, яшчэ па якой прычыне ўзнёслы настрой таго добрага святочнага вечара кудысьці знік. Праўда, ненадоўга: сонца, якое ўжо а палове шостай засвяціла ў шыбу, безапеляцыйна пачынала новы дзень.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Бяссонне ў летнюю ноч

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.