Вы тут

Трэці працоўны семестр афіцыйна адкрыўся ў Астраўцы


Падчас цырымоніі студэнты зводнага беларуска-расійскага студэнцкага атрада імя двойчы Героя Савецкага Саюза, маршала Мікалая Крылова атрымалі сімвалічныя працоўныя пуцёўкі, паўдзельнічалі ў «Адкрытым дыялогу» на тэму «Моладзь будуе Саюз», а таксама правялі майстар-класы для прысутных на аб'ектах Беларускай атамнай электрастанцыі, якія ўзводзяцца. Усяго сёлета ў Астраўцы будзе працаваць 278 байцоў. Гэта дванаццаць лінейных атрадаў, сфарміраваных на базе ўстаноў адукацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі, і тры лінейныя атрады з профільных навучальных устаноў Расіі.


Без гі­та­рыс­таў у бу­дат­ра­дзе не абы­сці­ся.

Трапляюць толькі найлепшыя

Будоўля ў Астраўцы мае статус усебеларускай не выпадкова — сёлета тут будуць прадстаўлены навучальныя ўстановы з усіх без выключэння рэгіёнаў краіны. У Брэсцкай вобласці гэта Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, у Віцебскай — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, у Гомельскай — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, у Гродзенскай —
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы і яго філіял Лідскі каледж, у Магілёўскай — Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Сталіца прадстаўлена Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім дзяржаўным энергетычным каледжам. Расіяне прыехалі з Обнінскага інстытута атамнай энергетыкі, Нацыянальнага даследчага ядзернага ўніверсітэта «МІФІ», што ў Маскве, Ніжагародскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і Маскоўскага дзяржаўнага будаўнічага ўніверсітэта.

Як сцвярджаюць арганізатары са Штаба працоўных спраў БРСМ, падбор байцоў для работы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі праходзіў на конкурснай аснове. Улічваліся ўзрост кандыдатаў, паспяховасць навучання, здароўе, наяўнасць будаўнічай спецыяльнасці не ніжэй за 2—3 разрад, актыўная жыццёвая пазіцыя. Самымі запатрабаванымі на будоўлі сталі прафесіі муляра, бетоншчыка, арматуршчыка-бетоншчыка, цесляра-бетоншчыка, геадэзіста, маляра. Дарэчы, працуюць байцы не толькі непасрэдна на АЭС. Яны дапамагаюць ствараць інфраструктуру і ў самім горадзе: узводзяць жылыя дамы, новую бальніцу. Частка студэнтаў шчыруе нават на мытні. Усе папярэдне прайшлі навучанне і стажыроўкі па сваіх відах работ у Вучэбным цэнтры Беларускай АЭС.

— Я ў студэнцкім атрадзе ўпершыню, — дзеліцца навучэнец Лідскага каледжа, баец атрада «Маналіт» Яўген КАРПЯНКОЎ. — Вельмі хацеў паехаць менавіта ў Астравец, але гэта было няпроста, бо ўсе ахвотныя праходзілі даволі складаны адбор. Для мяне паездка ў першую чаргу стане вельмі карысным досведам, бо ўбачыць такую вялікую будоўлю «з сярэдзіны» ўдаецца далёка не кожнаму. Акрамя таго, цікава будзе пазнаёміцца з байцамі з іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама расійскімі студэнтамі. Не буду хаваць, заробак таксама не на апошнім месцы.

І праца, і традыцыі

Усіх байцоў засялілі ў «інтэрнат» — па сутнасці, звычайны новы жылы дом у Астраўцы. Усе кватэры абсталяваны бытавой тэхнікай, гаспадарчымі прыладамі. Аплачваюць памяшканні арганізацыі-наймальнікі. Студэнты абедаюць у сталовых на тэрыторыі БелАЭС, а вось снедаюць і вячэраюць усе за ўласныя сродкі. Гэта павінен кампенсаваць немалы па мерках студэнцкіх атрадаў заробак — паводле слоў арганізатараў, у сярэднім байцы атрымаюць па 500 рублёў за месяц.

— Да ўдзелу студэнтаў у будаўніцтве аб'ектаў БелАЭС у мяне самае станоўчае стаўленне, — расказвае генеральны дырэктар РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» Міхаіл ФІЛІМОНАЎ. — Лічу, што яны акажуць нам вялікую дапамогу. Памятаю сябе ў якасці байца будатрада, мы аддаваліся рабоце поўнасцю. Ды і па досведзе папярэдніх гадоў бачу, як яны ўплываюць на іншых, — заводзяцца самі і калег падштурхоўваюць. Таму нічога, акрамя пазітыву, я ад студэнтаў не чакаю. Яны могуць выконваць усе будаўнічыя работы, але робіцца гэта толькі пад наглядам больш дасведчаных будаўнікоў.

Сту­дэн­ты з Го­ме­ля пра­цу­юць на бу­доў­лі геа­дэз­іс­та­мі.

У вольны ад работы час для байцоў будзе арганізавана насычаная забаўляльная праграма. Спартакіяда, кубкі па валейболе і стрытболе, турніры па міні-футболе, настольным тэнісе, шахматах, спартыўна-інтэлектуальны квэст «Жыві студатрадам», інтэлектуальныя гульні «Што? Дзе? Калі?» і «Sсіеnсе Quіz», конкурсы цалінных лагераў, студатрадаўскіх касак, фотакрос «У аб'ектыве студатрад», працоўныя дэсанты, экскурсіі — вось далёка не поўны спіс мерапрыемстваў, што запланаваны для будатрадаўцаў да канца жніўня. Скончыцца работа Усебеларускай маладзёжнай будоўлі падвядзеннем вынікаў: узнагароджаннем найлепшых беларускіх і расійскіх атрадаў, якія вызначаць паводле працоўных паказчыкаў, і ўрачыстым закрыццём.

— Мы ўжо чацвёрты год збіраемся на гэтай пляцоўцы, і ўвесь час бачым, як будуецца наша АЭС, — сказаў на цырымоніі адкрыцця першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй БЕЛЯКОЎ. — Знаходзячыся тут, я адчуваю гонар за нашу краіну, за тое, што мы больш як дваццаць гадоў паспяхова будуем незалежную Беларусь, што застаёмся сябрамі з братняй Расіяй. Разам мы ствараем нашу будучыню, і менавіта моладзь сваім шчыраваннем даказвае, што мае правільныя прыярытэты: праца і сяброўства. Гэта вялікае дасягненне студатрадаўскага руху, які мы здолелі захаваць. Упэўнены, што аб'ект, які мы ўзводзім, будзе яшчэ адным прадметам нашага гонару.

Галоўная каштоўнасць — досвед

На другім энергаблоку беларускія студэнты шчыруюць у будучай машыннай зале. Хутка тут усталююць турбіну, якая і будзе выпрацоўваць электрычнасць, пакуль жа работа ідзе літаральна пад адкрытым небам.

— Мы займаемся геадэзічнымі работамі — замяраем адлегласць паміж канструкцыямі, правяраем адпаведнасць праекту, — тлумачыць студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, што ў Гомелі, Аляксандр КІСЯЛЁЎ. — Для мяне галоўная перавага студатрадаў заключаецца ў досведзе, якія тут можна атрымаць. Ва ўніверсітэце шмат чэрцім, а вось практыкі не стае. Першае, што тут кідаецца ў вочы, — вялікая ўвага ахове працы. А яшчэ падабаецца, што старэйшыя рабочыя, што называецца, «носу не задзіраюць», — усё нам тлумачаць, ахвотна дапамагаюць. Стаўленне да нас самае сур'ёзнае, гэта не можа не радаваць.

Зусім побач узводзіцца будынак самога рэактара. Працуюць тут ужо расійскія студэнты з профільных ВНУ. Яны дапамагаюць вязаць 40-міліметровую арматуру, якую дастаўляюць на вышыню ва ўжо сагнутым выглядзе. Разаграваць і згінаць яе нельга — гэта можа парушыць трываласць металу. Пазней канструкцыю зальюць бетонам, а ўжо ў жніўні на другі энергаблок даставяць корпус рэактара, пасля чаго пачнецца яго ўстаноўка.

— Працую тут ужо практычна тыдзень, ніякіх складанасцяў няма, — кажа студэнт маскоўскага Нацыянальнага даследчага ядзернага ўніверсітэта «МІФІ»Станіслаў АНДРЭЕЎ. — Увогуле, не баюся фізічнай працы, ды і арміраванне для мяне — не новая справа. Я разглядаў некалькі варыянтаў, куды мог бы паехаць. Напрыклад, была магчымасць трапіць на АЭС у Азёрску. Але там працуе ўсяго адзін атрад — гэта не вельмі цікава. Таму вырашыў прыехаць у Беларусь. Усяго ў атрадзе нас 24 чалавекі, усе з розных курсаў і спецыяльнасцяў. Пасля выпуску буду займацца эксплуатацыяй АЭС, таму для мяне гэта неверагодна каштоўны досвед. У Астраўцы мне падабаецца — горад невялікі, але вельмі зручны і прыгожы. Калі будзе магчымасць вярнуцца ў Беларусь, абавязкова гэта зраблю.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Байцы будаўнічага фронту

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.

Спорт

Анастасія Марыніна:  «Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча»

Анастасія Марыніна: «Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча»

Гэта адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Грамадства

«Захад-2017». Постфактум

«Захад-2017». Постфактум

Задачы сумеснага стратэгічнага вучэння выкананы на высокім узроўні.

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.