Вы тут

Як папяровыя фігуркі дапамаглі стварыць сям'ю


Гісторыю кахання свайго сябра расказаў двухразовы чэмпіён свету па арыгамі Дзмітрый Лысюк.


«Матэрыяльныя рэчы ніколі не павінны стаяць на першым месцы»

— Вы думаеце, гэта звычайныя паперкі? А вось і не (усміхаецца). Дзякуючы ім у майго сябра Івана Барбука сям'я стварылася.

Пяць гадоў таму Дзмітрый Лысюк задумаў зрабіць невялічкую выстаўку ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. Але зусім нечакана яму выдзелілі вялізную залу.

— Аднаму такую маштабную выстаўку было зрабіць складана. Таму я напісаў лісты ўсім сваім сябрам-арыгамістам у Расію, Турцыю, Украіну... Кожны з іх даслаў па пасылцы: хто 10, хто 20 работ. У выніку атрымалася шыкоўная экспазіцыя. Усяго было каля 400 папяровых скульптур.

Дапамагчы з афармленнем залы я папрасіў свайго сябра Івана, які папяровай пластыкай займаецца з дзяцінства. Там ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Насця працавала ў аддзеле, які займаўся арганізацыяй нашай выстаўкі.

У той час да мяне ў госці завітаў таварыш з Кемераўскай вобласці. Прыйшлі мы разам з ім на адкрыццё. Жэня і кажа: «Ваня, ты жанаты? Глядзі, па-мойму гэтая курчавая дзяўчына да цябе неабыякавая. Не тармазі». І недзе праз год пасля той выстаўкі мы ўжо гулялі на іх вяселлі. Цяпер Ваня і Насця выхоўваюць цудоўнага сына. А мяне жартам называюць вясельным генералам ды хросным бацькам сваёй сям'і.

...Вось так жывеш сабе, займаешся арыгамі. А калі такія выпадкі здараюцца, адразу ў цуды пачынаеш верыць. На першы погляд, звычайныя паперкі, але яны такую добрую справу зрабілі.

На сваё вя­сел­ле Іван Бар­бук склаў па­пя­ро­вых жа­ні­ха і ня­вес­ту.

— Дзмітрый, што вы лічыце большым дасягненнем: перамогу ў чэмпіянатах па арыгамі альбо тое, што дзякуючы вам Ваня стварыў сям'ю?

— Вядома, тое, што Ваня стварыў сям'ю. Дасягненні ды матэрыяльныя рэчы ніколі не павінны стаяць на першым месцы. Галоўнае — людзі, адносіны. Дарэчы, мы з Іванам у гэтым падобныя. Ён на наступны год пасля таго, як ажаніўся, рыхтаваўся да ўдзелу ў чэмпіянаце па арыгамі. Усё склаў прыгожанька. Заставалася толькі сфатаграфаваць работы і даслаць. Але за паўгадзіны да фіналу ён пасварыўся з Насцяй. Я ў той год быў у ліку суддзяў. І вельмі здзівіўся, калі не ўбачыў фотаздымкаў Барбука. Назаўтра пытаюся: «Чаму не даслаў?» Аказалася, што ён проста не паспеў дафатаграфаваць, бо для яго было важней памірыцца з жонкай. «Малайчына, — кажу, — правільна зрабіў. Наступны раз пагуляеш». Дарэчы, чарговая, сёмая, алімпіяда будзе ў лістападзе. Яна праходзіць у інтэрнэце. Прыняць удзел у ёй можа кожны.

Пад­час ін­тэр­в'ю Дзміт­рый Лы­сюк склаў для нас з фа­то­гра­фам па зо­рач­цы і па­він­ша­ваў са 100-га­до­вым юбі­ле­ем га­зе­ты.

«Важна, каб у мужчыны быў занятак па душы»

Цяпер Дзмітрый з Іванам не толькі ладзяць сумесныя выстаўкі ды майстар-класы, але і сябруюць сем'ямі.

— Лічу, мне і Ваню вельмі пашанцавала, бо нашы жонкі паважаюць і падтрымліваюць наша захапленне. Важна, каб у мужчыны быў занятак па душы, які акрыляе. У адваротным выпадку, ведаю шмат такіх гісторый, ён пачынае зазіраць у бутэльку.

Што датычыцца выхавання дзяцей, то я не разумею бацькоў, якія штосьці навязваюць сваім сыночкам-дочкам ледзь не з пялюшак. Напрыклад, мы — музы́кі, значыць, малы павінен іграць на скрыпцы. А можа, ён геніяльны повар, а скрыпку проста з радасцю паслухае?.. Нічога добрага з прымусу, як правіла, не атрымліваецца. Трэба заўсёды даваць выбар, паказваць вялікую колькасць магчымасцяў. А калі абмяжоўваць ды самарэалізоўвацца за кошт дзіцяці, дык потым будзе чалавек мучыцца ўсё жыццё.

Кожны з нас нараджаецца са сваім унікальным прызначэннем, місіяй. Калі вы яшчэ не знайшлі справу свайго жыцця, ад якой вырастаюць крылы, шукайце. І няважна, колькі вам гадоў. Мне, напрыклад, было амаль сорак, калі я адкрыў для сябе свет арыгамі. Лепш знайсці позна, чым не знайсці наогул.

Ары­га­мі Дзміт­рыя ўраж­ва­юць і за­ва­рож­ва­юць.

Бліжэй да сарака гадоў у большасці мужчын пачынаецца крызіс сярэдняга ўзросту, калі адбываецца пераацэнка зробленага.

— У мяне у той час яшчэ былі праблемы са здароўем, ляжаў у бальніцы. Трэба было нечым сябе заняць. Хтосьці красворды разгадваў, хтосьці газеты чытаў... Мяне гэта ўсё не захапляла. І вось зусім выпадкова ў рукі трапіў кавалак паперы. І мне прыйшла думка скласці арыгамі. Паспрабаваў. Спадабалася. Адразу ж адчуў, што гэта маё.

Сёння без арыгамі Дзмітрый не ўяўляе свайго жыцця. Яму падабаецца рабіць складаныя рэчы.

— Калі толькі вучыўся, карыстаўся гатовымі схемамі. Апошнім жа часам вельмі хочацца самому штосьці прыдумваць, мадэляваць. У мяне ёсць каля 15 аўтарскіх работ. Сярод іх і галактыка. Менавіта яна мне прынесла першае месца на чэмпіянаце ў 2015 годзе. Я не шукаю лёгкіх шляхоў, выкарыстоўваю незвычайную паперу альбо сам танірую звычайную акрылавымі фарбамі. Гэта вельмі цікавы і творчы працэс.

«Дырэктар падтрымлівае маё хобі»

Дзмітрый скончыў фізічны факультэт БДУ. Цяпер працуе інжынерам-даследчыкам. Займаецца наладкай спектральнага абсталявання ў адной са сталічных арганізацый.

— Мне вельмі пашанцавала з кіраўніцтвам, дырэктар падтрымлівае маё хобі. Нядаўна наша фірма была на выстаўцы ў Маскве, дык я ўпрыгожыў стэнд сваімі арыгамі і зрабіў 3D-візітоўкі з багіняй перамогі Нікай у падарунак для партнёраў. Гэта вельмі выгадна вылучыла нашу фірму сярод астатніх. І, як паказвае практыка, творчая атмасфера толькі спрыяе наладжванню дзелавых кантактаў.

Да 8 сакавіка каляжанкам зрабіў па матыльку. Іх было 25, і ўсе непадобныя адзін на аднаго, як і самі жанчыны. Вось радасці было! Мне падабаецца дарыць прыемныя эмоцыі людзям. Часта, пакуль еду ў аўтобусе, складаю якую-небудзь фігурку. А пасля дару. І дзецям, і дарослым. Нядаўна выклікаў сваім падарункам шчырую ўсмешку ў заклапочанай чымсьці жанчыны, якая ехала з працы. Мне падалося, што яна на секундачку пачала жыць «тут і цяпер», забылася пра свае праблемы.

Адна з работ арыгаміста знаходзіцца ў Лі «Скрэч» Пэры, ямайскага музыкі, аднаго з заснавальнікаў стылю рэгі.

— Адмыслова для яго я зрабіў цмока Руй-зіна, вельмі складаная і прыгожая мадэль. Складваў яе каля 4 месяцаў. І калі мой кумір прыехаў у Мінск з канцэртам, я яму яе падарыў. Так споўнілася мая даўняя мара асабіста пазнаёміцца з музыкам.

Яшчэ адна мара Дзмітрыя неўзабаве, спадзяюся, таксама споўніцца. Ён хоча адкрыць уласную студыю, дзе зможа перадаваць сваё майстэрства іншым.

— Арыгамі — цудоўны спосаб баўлення часу як для дзяцей, так і для дарослых. Сёння і адны і другія не вылазяць з тэлефона. Гэта вельмі небяспечна. Я, напрыклад, у дзяцінстве любіў клеіць пластмасавыя самалёцікі, складваў мазаікі, канструктары, ды шмат чаго. Цяпер жа хлопчыкам і дзяўчаткам змалку навязваецца ўсё гатовае. Ім нічога самім не трэба рабіць. І гэта вельмі сумна... Чым менш дзеці будуць развіваць дробную маторыку, тым у іх менш будзе развітая фантазія, кемлівасць, логіка і мэтанакіраванасць.

— Дзмітрый, за 8 гадоў вы зрабілі вельмі шмат незвычайных папяровых скульптур. А не думалі знайсці ім практычнае прымяненне?

— Думаю. Вось гэтую мазаіку з паперы я, напрыклад, аформіў як лавец сноў. І цяпер яго можна падвесіць над ложкам дзіцяці. А вось гэты чырвоны самалёцік ужо паспеў зняцца ў рэкламе сотавага аператара. Мае папяровыя батоны выкарыстоўваліся ў афармленні музычнага альбома. Ёсць яшчэ задумкі працаваць у дызайне інтэр'ера. Вось гэтае белае сэрца, напрыклад, служыць у мяне дома абажурам. Яно зроблена з будаўнічай паперы — даўгавечнага матэрыялу. Каб надаць трываласць сваім вырабам, дадаткова прапітваю іх экалагічнымі лакамі. Была думка заняцца і ювелірнымі ўпрыгажэннямі. Кулон зрабіў, бранзалет на руку. Іх вельмі цяжка складаць. Але пакуль людзі не гатовыя аддаваць вялікія грошы за папяровую біжутэрыю (усміхаецца).

Сёлета на папяровыя скульптуры Дзмітрыя Лысюка і Івана Барбука можна было падзівіцца ў Наваполацку, Крычаве ды ў Гомелі. У Мінску ж выстаўка адбудзецца з 14 па 28 жніўня ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», якая знаходзіцца ў Палацы Рэспублікі. Прыходзьце. Уваход бясплатны.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzieja@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Каханне і арыгамі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.

Спорт

Анастасія Марыніна:  «Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча»

Анастасія Марыніна: «Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча»

Гэта адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Грамадства

«Захад-2017». Постфактум

«Захад-2017». Постфактум

Задачы сумеснага стратэгічнага вучэння выкананы на высокім узроўні.

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.