Вы тут

Таццяна Драздоўская аб тым, як сумясціць спорт з кіраўнічай працай


Таццяна Драздоўская расказвае пра новую пасаду.

Яна даказала ўсяму свету, што ў парусным спорце могуць перамагаць не толькі марскія дзяржавы. Лепшая яхтсменка Беларусі станавілася чэмпіёнкай свету, Еўропы, пераможцай этапаў Кубка свету і абыходзіла лідараў у гэтым відзе спорту — прадстаўнікоў Галандыі, Даніі, Францыі. За яе плячыма ўдзел у пяці Алімпійскіх гульнях, а ў планах — шостая Алімпіяда. Месяц таму Таццяна ўзначаліла беларускую федэрацыю паруснага спорту, але сваю спартыўную кар'еру заканчваць пакуль не збіраецца. Як адчувае сябе яхтсменка на новай пасадзе і якія праблемы бачыць у сваім відзе спорту, яна расказала ў інтэрв'ю «Звяздзе».


— Наогул, гэта прызначэнне стала для мяне нечаканым, я толькі прыехала з этапа Кубка свету і атрымала вось такую прапанову. Скажу шчыра, пагадзілася не адразу, таму што для мяне гэта вялікая адказнасць — узначальваць федэрацыю віду спорту, да якога я так прыкіпела, аддала палову свайго жыцця. Але каманда (члены федэрацыі, выканкам, намеснікі) мяне падтрымала, я вельмі рада, што працую з прафесіяналамі, на якіх у любы момант можна спадзявацца. Яны далі мне магчымасць і далей рабіць тое, што я ўмею — ганяцца. Сумяшчаць гэта з кіраўніцтвам — мабыць, было маёй адзінай умовай, бо здаецца, я яшчэ магу быць на высокім міжнародным узроўні. Тым больш, дасягнуты яшчэ не ўсе мэты. Дарэчы, пакуль у свеце паруснага спорту ні адзін дзеючы спартсмен не ўзначальваў сваю федэрацыю.

— Калі прымалі рашэнне, з кімсьці раіліся?

— Не, бо толькі я буду адказваць за вынік сваёй працы. Можна доўга раіцца, але выбар усё роўна прыйдзецца рабіць самой.

— Як хутка заступілі на пасаду?

— На наступны дзень мне трэба было ўжо падпісаць нейкія дакументы. Паўстаў канфуз, калі мне пачалі даваць справаздачу людзі, ставіць у вядомасць нейкіх спраў, планаў. А калі некаторыя пачалі называць мяне імем па бацьку — быў шок! Я хацела б адысці ад гэтых нюансаў.

— Што захацелася змяніць у айчынным парусным спорце ў першую чаргу?

— Я ж была спартсменкай, таму не падыходзіла да гэтага пытання з боку кіраўніка федэрацыі. Змяняць усё адразу, у адно імгненне, я не магу і не трэба спрабаваць гэта рабіць. Зараз да ўсяго прыглядаюся. З боку спорту, мне здаецца, я магу даць многае, бо даўно на міжнароднай арэне, ведаю ўсю сутнасць, ды і мяне шмат хто ведае. Змяняць усё не варта — у нас выдатна працуюць трэнеры, у нас ёсць дзеці. Галоўная праблема сёння ва ўсіх відах спорту — гэта пытанне, як спыніць моладзь, якая, дасягаючы 16—17 гадоў, пакідае спорт. Цяпер не так, як у СССР — спорт адкрываў для дзяцей масу магчымасцяў. Сёння яны прыходзяць, ужо многае маючы, іх нічым не здзівіш, складана знайсці для іх матывацыю.

Што датычыцца міжнароднага вопыту, то тут таксама трэба дзейнічаць вельмі асцярожна. Возьмем Германію ці ЗША, гэта ж зусім іншыя краіны — эканоміка, маштаб. Не атрымаецца ўзяць іх мадэль і перакласці на нашы рэаліі, нам неабходна знайсці лепшыя моманты і ўзяць іх для сябе.

— Фінансавыя праблемы ёсць?

— Так, на жаль, наш від спорту дастаткова тэхнічны і вынік шмат у чым залежыць не толькі ад спартсмена, але яшчэ і ад матэрыяльнай часткі (так называюць абсталяванне, на якім выступае спартсмен-паруснік). Каб канкурыраваць на высокім узроўні, трэба адпавядаць. Калі ёсць грошы, спартсмен купляе 10 лодак і адбірае лепшую, а мы купляем адну, і ўзнікае такая сітуацыя — альбо ты ўгадаў з выбарам, альбо не. Калі не, то давядзецца змірыцца з той думкай, што ты не будзеш 3-м або 5-м, а будзеш 10-м.

Федэрацыя сёння вельмі многае робіць для спартсменаў, шукаем спонсарскую дапамогу, але гэта вельмі цяжка. Від спорту не настолькі відовішчны, гледачоў прыцягнуць складана, рамантыка з парусамі тут не працуе.

— Усё часцей у беларускім спорце кажуць пра праблему трэнерскіх кадраў...

— Калі маладым трэнерам не будуць плаціць нармальны заробак, яны будуць сыходзіць. Я не за тое, каб нашы трэнеры хадзілі па барах і сілкаваліся выключна ў рэстаранах, але тая зарплата, якая ёсць сёння, таксама не адпавядае іх узроўню і той рабоце, якую яны робяць. Праблема ў гэтым, і, калі б не фінансавы бок, з паруса б не сыходзілі маладыя спецыялісты, якія толькі што скончылі БДУФК. А яны для нас вельмі каштоўныя, бо толькі самі пакінулі спорт, ведаюць новыя тэндэнцыі. Не хочацца іх губляць, але па-чалавечы я магу іх зразумець.

— Вы ўпэўнены, што кіраўніцтва федэрацыяй не паўплывае на вашы спартыўныя вынікі?

— Так, нягледзячы на тое, што цяпер у мяне, вядома, стала менш часу і больш адказнасці. Напрыклад, калі трэба ўдзяліць час маладым спартсменам, я не магу сказаць «не», у мяне не можа быць прычын на гэта, я проста не знаходжу іх для сябе.

— Алімпіяда ў Бразіліі стала для вас пятай...

— Так, а яшчэ вельмі няўдалай. У нашым класе на Гульнях лодкі прадастаўляюць арганізатары, каб усе былі ў аднолькавых умовах, але аднолькавым нічога не бывае. Просты прыклад: у мяне мачта была настолькі жорсткая, што паказаць высокі вынік было проста немагчыма, а датчанка, якая заняла 3-е месца, кожны дзень гнула мачту ў адваротны бок, бо яна была настолькі мяккая, што пасля кожнага дня выгіналася. Такія праблемы меліся ў многіх. Францужанка, якая на працягу двух гадоў не выпадала з сусветнай 10-кі, стала 20-й, я — 19-й. Вядома, гэта не той вынік, на які я разлічвала.

— Думкі скончыць кар'еру пасля гэтага былі?

— Не, мяне ўсе вельмі моцна падтрымалі, не было ніякага ціску. Мне здаецца, больш за ўсё я сама сябе дакарала і прыгнятала. Таму што па натуры максімаліст і не магу змірыцца з дрэнным вынікам, магчыма, было б нават лягчэй, калі б мяне «затапталі». Трэнер, які падчас гонкі сядзіць у катары і бачыць усё збоку больш аб'ектыўна, чым сам спартсмен, таксама сказаў, што са штаноў выскачыць немагчыма, я зрабіла ўсё, што магла.

— У самым пачатку нашай размовы вы сказалі, што не ўсе мэты дасягнуты...

— Усё, акрамя алімпійскага медаля, у мяне ўжо ёсць. Я ўзначальвала сусветны рэйтынг, была чэмпіёнкай свету, Еўропы, двойчы выйгравала Кубак Еўропы, але пакуль усё адно не магу спыніцца. У нас расце моладзь, ёсць перспектыўныя дзяўчаты. Калі яны будуць на маім узроўні, то магчыма, прыйдзецца развітацца з гэтай марай.

Пакуль у стане, я буду рабіць усё магчымае для сваёй федэрацыі, краіны і людзей, якія вельмі шмат для мяне зрабілі. Не для таго, каб нешта даказаць, а каб аддзячыць.

— Але ўсё ж сваёй галоўнай перамогай вы называеце нараджэнне сына.

— Так, яна і спартыўная, у тым ліку, таму што праз год і тры месяцы пасля гэтага я выйграла чэмпіянат свету. Да 6-га месяца цяжарнасці выходзіла на ваду і паўнавартасна трэніравалася, потым ужо займалася ў басейне. Нараджэнне сына стала магутным штуршком для мяне, аднаўленне павінна было прайсці вельмі хутка, мы з трэнерам разлічвалі на гэта. Аднак, выйшаўшы на звычайную прабежку, я зразумела, што не бягу, а іду гусіным крокам. Пасля такога цяжка пераадолець сябе і сказаць: «Таня, ты можаш!» Толькі дзякуючы трэнеру, які ўвесь час казаў: «Нічога, паступова набяром форму!», я паверыла ў сябе.

— Часта вы казалі пра тое, што пра Беларусь у свеце вельмі мала ведаюць, цяпер нешта змянілася?

— Не, я ў такім шоку заўсёды знаходжуся. У сусветнай эліце паруснага спорту я ўжо гадоў 20, а нас усё роўна працягваюць блытаць з Балгарыяй. Літаральна нядаўна, на апошнім этапе Кубка свету ў Францыі, я вельмі добра прайшла медальную гонку, фінішавала другой, а каментатар, каментуючы рэгату на беразе, кажа: «Таццяна Драздоўская з Балгарыі ідзе другой на гэтым адрэзку». Патэлефанавала нашаму прэс-сакратару федэрацыі, сказала, што абавязкова трэба пісаць ліст у Міжнародную федэрацыю, — няхай арганізатары і людзі, якія маюць дачыненне да паруснага спорту, вучаць краіны. Яны ж не называюць Аўстралію Аўстрыяй або Германію Алжырам, таму што выдатна ведаюць, якія санкцыі будуць ужыты.

— У найбліжэйшы час наша краіна прыме шэраг буйных спартыўных турніраў, хтосьці кажа, што гэта лішнія выдаткі, а хтосьці, наадварот, рады гэтым падзеям. Як ставіцеся да пытання вы?

— Я — як не эканаміст, а вялікі аматар спорту — лічу, што для Беларусі гэта вельмі добра. Па-першае, шмат дзяцей можна зацікавіць такімі мерапрыемствамі, прыцягнуць да спорту, па-другое, буйныя спартыўныя спаборніцтвы — гэта заўсёды відовішчнае, цікавае, прыгожае свята, гэта гуртуе людзей і стварае добрую атмасферу ў грамадстве.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Рамантыка з парусамі не працуе»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Як у Саудаўскай Аравіі змагаюцца з карупцыяй?

Як у Саудаўскай Аравіі змагаюцца з карупцыяй?

Афіцыйныя крыніцы пакуль устрымліваюцца ад падрабязных каментарыяў.

Грамадства

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Як у нашай краіне вырашаецца праблема з утварэннем і ўтылізацыяй адходаў.

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц? 

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017).