Вы тут

Як магілёўская інавацыйная фірма рухае наперад прамысловасць


У кожным чалавеку, па сутнасці, жыве вынаходнік. Сведчанне таму шматлікія конкурсы на лепшыя ідэі. Але чаму ж тады мы пастаянна гаворым пра тое, што нам не хапае чагосьці новага і перадавога? Менавіта на гэтую тэму мы сёння гутарым з дырэктарам магілёўскай інавацыйнай фірмы СТРІМ Сяргеем Радкевічам.

Дарэчы, СТРІМ расшыфроўваецца, як сучасныя тэхнічныя рашэнні і метады. Іншымі словамі, тут не толькі прапануюць ідэі, але яшчэ і ўкараняюць іх у жыццё.


100 ідэй для прадпрыемства

Гэта сёння Сяргей Радкевіч і яго аднадумцы паспяховыя бізнесмены, але ў пачатку 2000-х, калі нават само слова «інавацыя» практычна не сустракалася ў лексіконе беларусаў, усё было інакш. Чатыры таварышы, выпускнікі тэхнічных ВНУ, якія працавалі інжынерамі на адным з магілёўскіх прадпрыемстваў, загарэліся жаданнем стварыць нешта карыснае для народнай гаспадаркі краіны. У якім стане яна знаходзілася ў канцы 90-х, не трэба тлумачыць. Шалёная інфляцыя, развал, адчай, няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Наогул дзіўна, што знаходзіліся людзі з «залатымі» мазгамі, якія і не думалі збегчы ў больш паспяховыя краіны і даражэй сябе прадаць. Нават пры тым, што іх ідэі на родным прадпрыемстве ўхвалялі, але браць на ўзбраенне адмаўляліся. «Гэта я зараз разумею, чаму так адбывалася, — усміхаецца Сяргей. — Праблемы, як казаў прафесар Праабражэнскі, пачынаюцца з бязладдзя ў галаве. Бязладдзе было паўсюды. Кіраўніцтва разумела, што трэба рабіць нейкія новыя рэчы, але калі незразумелыя мэты, праграмы, схемы матывацыі, недастаткова фінансаў, гэта ўсё накладае абмежаванні».

Тэхнапарк, які падтрымаў тады маладых дзівакоў, стаў для іх выратавальным кругам. Яны дагэтуль яму ўдзячны. Бо на той момант былі ўжо на грані адчаю. У іх паверылі і нават не звярталі ўвагі на тое, што ім не хапала грошай на арэнду. Толькі з часам кампанія стала на ногі і нават расшырылася.

Аў­тар рас­пра­цоў­кі сіс­тэ­мы кі­ра­ван­ня ця­га­вым элект­ра­пры­ва­дам для Бе­лА­За Анд­рэй Шва­я­коў.

Знаходка для БелАЗа

СТРІМ па-ранейшаму рэзідэнт тэхнапарка, але даўно ўжо набыў самастойнасць. Цераз тры гады пасля стварэння кампаніі знайшоўся нарэшце той заказчык, які ў іх паверыў, — БелАЗ. «На прадпрыемстве працаваў выпускнік аднаго з нашых таварышаў — выкладчыка Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ). На БелАЗе на той момант існавала праблема з мадэліраваннем работы электрычнай трансмісіі. Мы прапанавалі яе вырашыць. Пасля звярнулі ўвагу на тое, што можам палепшыць сістэму кіравання самазвала. І нам зноў даверылі. У выніку сёння фактычна працэнтаў на 80 белазаўскія самазвалы сыходзяць з канвеера з нашымі падсістэмамі. У нас цяпер вельмі цесныя ўзаемаадносіны з БелАЗам, за час супрацоўніцтва з'явілася некалькі сумесных праектаў».

Гэта толькі на першы погляд здаецца, што рэалізаваць ідэю проста. Аўтар распрацоўкі сістэмы кіравання цягавым электрапрывадам для БелАЗа Андрэй Шваякоў расказвае, што пачынаў свой праект яшчэ шэсць гадоў таму. І толькі сёлета атрымалася запусціць у эксплуатацыю першую машыну. «Мы шмат эксперыментавалі на палігоне БелАЗа, — кажа ён. — Гэта была першая беларуская распрацоўка электрапрывада з асінхронным рухавіком. У канцы гэтага года плануем скончыць распрацоўку новага энергаэфектыўнага прывада. Яго беларускага аналага пакуль не існуе».

— Час пошукаў скончыўся, — кажа Сяргей Радкевіч. — Цяпер мы сябе выразна пазіцыянуем кампаніяй, якая працуе выключна на аўтамабільны рынак краіны. Наогул добра рабіць можна толькі адну рэч. Нельга быць прафесіяналам ва ўсім. Гэта як на вайне. Трэба засяродзіцца на кропцы ўдару і біць ў адну цэль. Наша кропка — аўтамабільная прамысловасць. І наша місія ў тым, каб самыя сучасныя тэхнічныя рашэнні прысутнічалі на беларускіх прадпрыемствах.

БелАЗ, МАЗ, МТЗ, Гомсельмаш, Амкадор, Магілёўтрансмаш, ЗКЦ, АўтаЛіда, Белкамунмаш — кампанія бярэцца за рашэнні іх тэхнічных праблем. Усе праекты вузкаспецыялізаваныя, робяцца выключна пад заказчыка. Толькі пасля таго як яны апрабаваліся і заказчык застаўся задаволены, СТРІМ стварае для яго серыйную прадукцыю.

Сёння перспектыўны кірунак — развіццё электратранспарту. І ў кампаніі тут таксама ёсць што прапанаваць. На яе тэрыторыі знаходзіцца зарадная станцыя для электрамабіля, зробленая па праекце галоўнага канструктара кампаніі Аляксея Яфрэмава. Ён жа ўладальнік аднаго з нямногіх пакуль што ў Магілёве электрамабіляў.

— Запраўка зроблена як даніна трэнду, — усміхаецца ён. — Увесь свет паступова адыходзіць ад рухавікоў унутранага згарання. У Еўропе, ЗША павялічваецца колькасць электразаправак. У Беларусі іх можна пералічыць па пальцах. У Магілёве наогул адна — толькі ў нас.

Кампанія гатова зрабіць для горада роўна столькі электразаправак, колькі трэба. Парадокс у тым, што заказаў пакуль няма. Але, напэўна, гэта справа часу. Бо не можа Магілёў заставацца ў баку ад новых павеваў. Тым больш што нядаўна атрымаў у падарунак ад кітайцаў два электробусы.

— Мы хацелі паставіць станцыю ў цэнтры горада, былі перамовы з уладамі, — кажа Аляксей. — На пачатковым этапе атрымалі дабро, а потым усё заглухла. Але патрэба ў такіх станцыях непазбежна. У краіне ёсць праграма па стымуляванні попыту і набыцці электрааўтамабіляў. Адзін з пунктаў — развіццё станцый для электрападзарадкі за кошт бюджэтных сродкаў, будаўніцтва іх на аўтамагістралях і ў гарадах.

За­рад­ка для элект­ра­аў­то.

Умоўна існуе тры тыпы такіх заправак — блок зарадкі ад бартавой сеткі магутнасцю да 3 кВт, больш хуткі варыянт зарадкі да 20 кВт, які плануецца ўстанаўліваць у грамадскіх месцах, і станцыі зарадкі магутнасцю да 50 кВт для аўтамагістраляў, якія зараджаюць акумулятар за паўгадзіны. СТРІМ робіць станцыі для гарадскіх вуліц.

— Я карыстаюся аўто паўтара года, але адразу ж стала зразумела, што дзесьці яшчэ трэба мець зарадную станцыю, акрамя той, што на рабоце, — адзначае галоўны канструктар. — Для магіляўчан, якія вырашаць перасесці на электрамабіль, на першым этапе будзе дастаткова ў горадзе дзвюх станцый. Да таго ж у нас ёсць варыянты на любы густ — для дома, напрыклад. Вешаеце ў гаражы гэты прыбор і зараджаеце.

На сёння распрацоўкай электразаправак у краіне займаюцца ўсяго тры кампаніі — у Мінску, Віцебску і Магілёве. Гэтага дастаткова, каб забяспечыць Беларусь неабходным абсталяваннем, лічаць у СТРІМе. Незразумела толькі, чаго мы чакаем. Сёння ў свеце актыўна развіваецца электра-аўтамабілебудаванне. Імкліва з'яўляюцца і электробусы, і электрагрузавікі.

Трэба быць апантаным

У кабінеце Сяргея Радкевіча ёсць палічка з кнігамі, якія, як ён лічыць, павінен сёння мець кожны сучасны кіраўнік. «Гэта класіка менеджменту, — тлумачыць ён. — Свет вельмі хутка мяняецца, і тая метадалогія кіравання, якая існавала 20 гадоў таму, цяпер не працуе. Павелічэнне колькасці работнікаў інтэлектуальнай працы падняло пытанні ўнутранай культуры кампаніі, яе ўнутраных каштоўнасцяў на першы план. І калі кіраўніцтва не жадае разумець гэтую праблематыку, яго прадпрыемства асуджана на правал.

Праблемы, як прывабіць заказчыка, зараз для кампаніі не стаяць так востра, як раней. Ды і попыт на ўнікальныя праекты ў краіне ўжо іншы, чым 15 гадоў таму. СТРІМ сёння болей клапоціцца пра імідж, які трэба пастаянна падтрымліваць. А гэта не менш важна, чым знайсці заказчыка.

— Мне цяпер патрэбны памочнік, гэтакі эйчар, — разважае кіраўнік. — З ім было б прасцей праводзіць тыя змяненні, якія адбываюцца ў кампаніі. Калі спачатку яна мела больш тусовачны стыль, дзе ўсе свае людзі, то зараз, калі яна расце і прыходзяць новыя супрацоўнікі, цяжка бывае знайсці агульную мову. Любая кампанія — гэта працяг заснавальнікаў, а навічкі не заўсёды іх разумеюць. Мы спачатку глядзім, каб чалавек супадаў па духу, а пасля пераходзім да ацэнкі яго прафесійных навыкаў. Бо па складзе мыслення ён павінен быць яшчэ і тэхнар.

Га­лоў­ны кан­струк­тар Аляксей Яфрэмаў пра­па­ноў­вае ма­біль­ны ва­ры­янт элект­ра­за­праў­кі.

Да распрацовак праектаў СТРІМ прыцягвае ў тым ліку і адораных студэнтаў і аспірантаў БРУ. Некаторыя з іх тут праходзяць пераддыпломную практыку. На базе тэхнапарка другі год існуе сумесная з БРУ лабараторыя, дзе прадстаўнік кампаніі дапамагае студэнтам накіроўваць свае веды ў патрэбнае рэчышча. Для гэтага СТРІМ стварыў усе неабходныя ўмовы — абсталяваў памяшканне стэндамі і камп'ютарамі.

— Праблема не столькі ў тым, што пачаткоўцам не хапае ведаў, многім проста нестае цікавасці, — дзеліцца набалелым Сяргей Радкевіч. — Хацелася б, каб студэнты былі больш захопленыя. Яшчэ Альберт Эйнштэйн казаў, што геній — гэта 1% таленту і 99% уседлівасці. Цяперашняе пакаленне гоніцца за хуткім вынікам, а наша прафесія патрабуе ўседлівасці і захопленасці. Бывае, малады чалавек захоплены, але потым з тых ці іншых прычын гэта знікае, таму наша місія — такіх людзей падхопліваць і накіроўваць на мэту. Бо, калі мы жадаем узысці на Эверэст, у нас будуць разадраны рукі. Але ён усё жтакі пакорыцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Злучаючы тэхналогіі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

І хто будзе працаваць на Еўрапейскіх гульнях у Мінску.

Грамадства

Моцныя духам

Моцныя духам

Апошнія дні адзін з рэдактараў падпольнай «Звязды» правёў у фашысцкім засценку побач са сваімі паплечнікамі.

Грамадства

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ёсць ў Глыбоцкім раёне, недалёка ад вёскі Запруддзе, высокая гара, якую мясцовыя жыхары называюць Карпацкай. 

Грамадства

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Будзьце пільныя ў дачыненні да таго, што і як ясце, іначай проста не пазбегнуць непрыемнасцяў.