Вы тут

Сэрца дзяўчыны належыць футболу


Вы сустракалі ў сваім жыцці футбольнага эксперта — дзяўчыну? Ёсць такая ў Віцебску — Настасся Пішчулава. За пяць гадоў яна сабрала багатую калекцыю атрыбутаў, якія звязаны з «гульнёй мільёнаў». Яна лёгка можа прымусіць чырванець самых заўзятых фанатаў, бо цудоўна разбіраецца ва ўсіх нюансах гісторыі футбола.


Паненка гадзінамі можа расказваць пра вядомых гульцоў, пра форму, міжнародныя спаборніцтвы... Найлепшым падарункам для яе будуць «ружы для фанатаў» — шалікі, паштоўкі, налепкі, нават карты — усё, што звязана з футболам. У яе калекцыі ёсць аўтографы зорак. Гэтыя і іншыя экспанаты можна ўбачыць на выстаўцы «Футбол — гульня мільёнаў» — у Віцебскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе Настасся працуе дырэктарам. Ён знаходзіцца ў прыгарадзе Віцебска — у аграрным гарадку Акцябрская.

Карэспандэнту «Звязды» ў размове з Настассяй прыходзілася перыядычна казаць пра любоў да хакея, бо сорамна было прызнавацца, што пра многае не ведаў са свету футбола.

Усё пачалося з «Еўра»

Падобнай выстаўкі ў Беларусі яшчэ не было. Яе экспазіцыя будзе даступная для агляду на працягу лета. Згодна з заявай ФІФА, у футбол на планеце гуляюць каля 250 мільёнаў чалавек. З іх больш за 20 мільёнаў — жанчыны! Для сапраўдных аматараў футбола выстаўка — «кландайк эмоцый».

У сям'і калекцыянера Настассі Пішчулавай ніхто не захапляецца футболам. Нават старэйшы брат.

— З дзяцінства любіла глядзець футбол. А пасля «Еўра-2012» зразумела, што маё сэрца належыць гэтай гульні. Першая любоў і на ўсё жыццё — «Рэал Мадрыд», — расказвае яна.

У 2013-м Настасся купіла білет на матч у сталіцы Іспаніі. Яе ўразіла ўсё: стадыён на 85 тысяч гледачоў, музей у чатыры паверхі, сама гульня.

— Білет у музей каштуе 19 еўра — дарагавата, але задавальненне вартае таго. Дазваляюць нават у службовыя памяшканні зайсці. У раздзявалку, напрыклад. Від з самага верху арэны незабыўны. А сярод сувеніраў нават соскі для немаўляці! Так, з сімволікай каманды! Я купіла дражэ, — расказвае фанатка.

Ад іншых заўзятараў футбола Насту адрознівае тое, што яна не ўжывае піва і, як правіла, глядзіць матчы дома. Сваякі вымушаны саступаць ёй месца насупраць экрана тэлевізара.

Яна з захапленнем расказвае, як у Мадрыдзе паважаюць футбол. Нават перакрываюць цэнтр горада, каб капітан каманды завязаў на шыі статуі багіні Кібелы, усталяванай у фантане на плошчы Сібелес, флаг Іспаніі з гербам мадрыдскага «Рэала». А прыхільнікі «Рэала» на кожнай 7-й хвіліне любога матча стоячы згадваюць гульца Хуаніта, які гуляў пад 7-м нумарам і загінуў у аўтакатастрофе... Футбол у Іспаніі як рэлігія.

У пошуках экспаната

Настасся па адукацыі менеджар у галіне турызму. Скончыла ў Полацку каледж-філіял ВДУ імя П. М. Машэрава. Як большасць жанчын, добра разбіраецца ў модзе. Але любоў да футбола перыядычна бярэ верх. Падчас нашай размовы была ў футболцы, на спіне якой яе прозвішча.

— Зрабілі пад заказ для мяне (усміхаецца). Конкурс выйграла на лепшае фота з сімволікай «Рэала». Выставілі маё фота на стадыёне, і наведвальнікі сайта прагаласавалі... А вы ведаеце, колькі ў гульцоў камплектаў формы? — пытае нас яна.
 — Тры: для дамашніх матчаў, выязных і запасная.

Штогод камплекты мяняюцца. Такім чынам, больш старая па часе вырабу — найбольш каштоўная для калекцыянераў. Самая старая футболка ў калекцыі Насці — 1998 года. Купіла ў Мадрыдзе. А тыраж адпаведнай сувенірнай прадукцыі невялікі — максімум пару тысяч. Захопленыя футболам шукаюць такія экспанаты ў інтэрнэце на аўкцыёнах, у крамах сэканд-хэнд. Адну з пакупак у віцебскай краме Настасся паказала нам. Каштуе некалькі рублёў. І не падробка, а ад вытворцы. Для параўнання, новы камплект, калі яго купляць у краме клуба, можа каштаваць больш за 150 еўра.

— Некаторыя вядомыя мадэльеры ахвотна ствараюць спартыўную форму. Японскі дызайнер адзення Ёджы Ямамота такім чынам «адзеў» «Рэал», — расказвае дзяўчына.

Самыя каштоўныя шалікі — «футбольныя ружы для фанатаў» — да пэўнага матча, калі на іх указаны дата і каманды, якія гуляюць. У калекцыі Пішчулавай і такія ёсць.

У Акцябрскую — па эмоцыі

На выстаўцы можна ўбачыць футболкі, у аналагах якіх гулялі Пеле, Ранальдзіньё, Месі, Раналду і многія іншыя. Шмат білетаў з розных матчаў Лігі Еўропы і Лігі чэмпіёнаў. Сярод асабліва дарагіх сэрцу калекцыянера экспанатаў — аўтографы знакамітых гульцоў: з швейцарскага і нямецкага клубаў. Настасся Пішчулава напісала ім лісты і атрымала такія цудоўныя падарункі. Для тых, хто не разбіраецца ў футболе, экспазіцыя таксама будзе вельмі цікавай. Ад налепак, паштовак, часопісаў, газет, якія тут прадстаўлены, цяжка адарвацца. Ёсць, напрыклад, паштоўка 1948 года з фота каманды «Зеніт».

Ад экскурсавода можна даведацца шмат цікавых фактаў. Напрыклад, пра тое, што радзіма футбола — Англія. Там у ХІХ стагоддзі з'явіліся клубы і афіцыйна пачалі праводзіць турніры. Але малюнкі з выявай гульні за шмат вякоў да гэтага з'явіліся ў Егіпце, ёсць выявы і ў пірамідах майя. Невытлумачальна, але ў гэтую гульню гулялі народы розных кантынентаў, не ведаючы, што недзе за акіянам ёсць таксама футбалісты.

А вось жыхарам сучаснай Грэнландыі не пашанцавала. Міжнародная футбольная асацыяцыя забараніла мець каманду, бо... мала травы на востраве!

Дырэктар музея раскажа пра тое, што самы доўгі матч адбыўся 11 красавіка 2009 года ў Вялікабрытаніі. Ён доўжыўся 36 гадзін! На таварыскай сустрэчы ніяк не маглі вызначыць пераможцу. Потым падлічылі, што кожны футбаліст правёў на полі па 18 гадзін і прабег прыкладна па 70 кіламетраў. А самы вялікі лік мае прыкладна 150 галоў! Столькі забіла каманда Мадагаскара ў свае пустыя вароты ў знак пратэсту супраць несправядлівага судзейства...

Настасся расказала, што ў яе ёсць сябар — заўзятар іншага футбольнага клуба. Яны дамовіліся выключаць мабільныя тэлефоны, каб не нерваваць адно аднаго, калі гуляюць іх любімыя каманды. На развітанне пацікавіўся ў калекцыянера: напэўна, яе каханы — футбаліст, або такі ж захоплены футболам? Аказваецца, сур'ёзных стасункаў у дзяўчыны пакуль няма. Цікава, што атрымаецца, калі яе будучы выбраннік будзе хварэць не за «Рэал»...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фо­та Вік­та­ра НІ­КА­ЛА­Е­ВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сотні тысяч юных беларусаў атрымаюць пуцёўкі на аздараўленне

Сотні тысяч юных беларусаў атрымаюць пуцёўкі на аздараўленне

Самыя яркія ўспаміны дзяцінства ў многіх — паездкі ў дзіцячы лагер.

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.

Грамадства

Людзей палілі ў хляве, хто выбягаў — сустракалі агнём

Людзей палілі ў хляве, хто выбягаў — сустракалі агнём

Гэтымі днямі споўнілася 75 гадоў, як знішчылі жыхароў вёсак Любель-Поль і суседняй Вулькі Гарадзішчанскай. 

Эканоміка

Выбіраем недарагі і даступны крэдыт на жыллё

Выбіраем недарагі і даступны крэдыт на жыллё

Правілы гульні ў крэдыты змяніў Нацыянальны банк краіны.