Вы тут

Жыццё як забава


Гэтым разам хацела напісаць пра каханне. Каму ж пра яго не марыць, як цяперашнім васямнаццацігадовым? І тут чытаю на ўсіх сайтах, як па-дурному, інакш не скажаш, загінуў хлопец 18-ці гадоў у Камянецкім раёне. Вы, мабыць, таксама чыталі: катаўся з таварышам, толькі таварыш сядзеў за рулём «Мазды», а ён — на капоце машыны. І вядома, у нейкі момант не ўтрымаўся, зляцеў з капота проста пад колы. Натуральна, вадзіцель не паспеў адрэагаваць, і ліхач памёр на месцы.


У панядзелак гэтага хлопчыка пахавалі. Я яго крыху ведала, бо з пятага па дзявяты клас ён вучыўся ў адным класе з маімі дзецьмі. Пасля заканчэння базавай школы пайшоў у нейкае прафтэхвучылішча, скончыў яго, магчыма, ужо і пачаў працаваць. А ў пятым ці шостым класе ён некалькі разоў быў у нас дома. Запомніла яго, бо ў хлопца імя не зусім прывычнае для нас — Султан. Здаецца, яго бацька прыехаў з адной з паўднёвых рэспублік. І яшчэ запомніўся вялікай цікавасцю да маёй работы. Я тады некалькі дзён працавала дома за камп'ютарам мужа, бо рабочы зламаўся. Дык вось ён вельмі жыва цікавіўся тым, што я раблю. Распытваў, як пішуцца нататкі і як напісанае потым трапляе ў газету. Таму гэты чарнявы хлопчык і паказаўся мне забаўным. Хаця інтарэс яго можна зразумець, ён рос у шматдзетнай сям'і ці не самым старэйшым, і сваю маці бачыў пастаянна занятай малымі ды кухняй. І яшчэ, ён мне падаўся выхаваным, бо калі мае дзеці сабралі некалькі пакетаў цацак для іхніх малых, вельмі ветліва падзякаваў...

І вось гэтага хлопца, які ў дзесяці- ці адзінаццацігадовым узросце быў не малым і абяцаў вырасці ў высокага ды статнага юнака, і, відаць жа, вырас, ужо няма. Гэта значыць, не народзяцца яго дзеці і ўнукі, не стане ён адметным працаўніком. А маці яго да канца сваіх дзён будзе несці крыж гаротніцы.

Што ж падштурхоўвае сучасных маладых на такія бяздумныя, безадказныя, нават злачынныя ў дачыненні да самога сябе, учынкі? Хлопцы знайшлі сабе забаву ў выглядзе экстрэмальнай язды. Аднаму з іх, таму, хто сядзеў за рулём, 19 гадоў, ён, як аказалася, правоў на кіраванне не мае. Такое «катанне» яны, цалкам верагодна, бачылі ў цяперашніх нізкапробных стужках, якіх процьма ў інтэрнэце і якія чамусьці любіць глядзець моладзь. З другога боку, чаму ж не глядзець: думаць не трэба, а драйву многа. Калі ж за падобным праглядам бавіць некалькі гадзін штодзённа, яно нікуды не дзенецца, у падсвядомасці абавязкова адкладзецца. А калі з крытычным мысленнем напруга, то ўзнікае вельмі вялікая спакуса — паўтарыць. Было ж некалі ў Брэсце адразу пасля выхаду на экраны серыяла «Брыгада». Затрымалі групу падлеткаў, якія крыўдзілі старога. Потым яны румзалі ў міліцыі, карцінна размазвалі соплі па тварах, рабілі нявінныя вочы і казалі, што гулялі ў «брыгаду». Ну, калі робяць нешта супрацьпраўнае ў адносінах да іншых, то можна і пакараць. А калі дапускаюць падобнае ў дачыненні да сябе, то кара, як бачым, сама знаходзіць. І бывае яна часам непамерна жорсткай, несправядлівай. Але што зробіш!

Як пакаралі сябе дзікунскім чынам тыя маладыя людзі, што прадавалі ўласныя органы. Пра гэтыя выпадкі пісалі крыху раней у сеціве, нават нашы парламентарыі выказалі занепакоенасць фактамі, якія сталі вядомыя. Аказалася, не самыя бедныя, зусім не жабракі, можна сказаць, звычайныя маладыя людзі прадавалі свае ныркі падпольным гандлярам, каб, напрыклад, зладзіць шыкоўнае вяселле альбо паехаць на адпачынак за мяжу, ды таму падобнае. І нікому з іх не стукнула ў галаву, што яны фактычна робяць сябе інвалідамі. Але прага да прыгожага жыцця, якое навязваюць шматлікія серыялы і якое пераварочвае свядомасць, перасіліла. Тут ужо не мінутны парыў імкнення да экстрыму, як было з няшчасным хлопцам-брастаўчанінам. Рашэнне па продажы ўласнага органа можа быць прынятае толькі свядома, таму пра ўчынак, відаць, можна гаварыць, што ён недзе на мяжы паталогіі. Але ж не на пустым месцы яна ўзнікла, яе фарміравала гадамі ў галовах сучаснікаў ідэалогія грамадства спажывання. Яна паступова замяняе сабой сістэму поглядаў многіх, асабліва зусім юных, і дзейнічае ўмела, цераз прафесійную рэкламу, прыгожую карцінку, той жа ўдала злеплены рамеснікамі ад кінематаграфіі фільм. У выніку маем што маем. Як з гэтым змагацца і што супрацьпаставіць, толкам не ведаем. Аказваецца, укласці ў галаву падрастаючага пакалення аксіёму аб тым, што жыццё самае каштоўнае і ім нельга раскідвацца, як цацкай, цяпер не так і проста.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

І хто будзе працаваць на Еўрапейскіх гульнях у Мінску.

Грамадства

Моцныя духам

Моцныя духам

Апошнія дні адзін з рэдактараў падпольнай «Звязды» правёў у фашысцкім засценку побач са сваімі паплечнікамі.

Грамадства

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ёсць ў Глыбоцкім раёне, недалёка ад вёскі Запруддзе, высокая гара, якую мясцовыя жыхары называюць Карпацкай. 

Грамадства

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Будзьце пільныя ў дачыненні да таго, што і як ясце, іначай проста не пазбегнуць непрыемнасцяў.