Вы тут

Беларускі дызайнер выпусціла адзенне для інвалідаў-калясачнікаў


20 тысяч чалавек. Гэта насельніцтва невялікага раённага гарадка, Пастаў ці Мар'інай Горкі напрыклад. Столькі ж беларусаў маюць інваліднасць і перасоўваюцца ў калясках. Ім не хапае пандусаў у горадзе, выключальнікаў святла на ўзроўні іх рукі і зручнага адзення. Бо тое, што прадаецца ў крамах, мае крой і функцыянальнасць для здаровага чалавека, а калі ўвесь дзень праводзіш седзячы, стандартныя джынсы ўжо не здаюцца такімі камфортнымі. Блогер Аляксандр АЎДЗЕВІЧ і дызайнер Кацярына ЦІКОТА вырашылі выправіць сітуацыю і распрацавалі калекцыю для калясачнікаў.


Кошт павінен быць даступным

Аляксандр Аўдзевіч многім вядомы як падарожнік, які на ручным веласіпедзе праехаў цераз усю Еўропу — амаль чатыры тысячы кіламетраў ад Ліды да Партугаліі. Калі сустракаемся з Сашам, на ім байка і спартыўныя штаны — адзінае, у чым інвалід-калясачнік можа зручна сябе адчуваць.

— У маім гардэробе амаль усё такое, — прызнаецца малады чалавек.

За мяжой спецыяльнае адзенне выпускаюць. Але ёсць праблемы. Па-першае, цана: штаны каштуюць 70 еўра. Па-другое, знешні выгляд: рэчы функцыянальныя, але пра мінімальную адпаведнасць модзе і размовы не ідзе.

Пра тое, што ў Беларусі неабходна стварыць лінейку адзення для калясачнікаў, Саша думаў даўно. А ў снежні трапіў на паказ у рамках Сусветнага дня барацьбы са СНІДам па праграме ААН, дзе і пазнаёміўся з Кацярынай Цікотай. Прапанаваў дызайнеру сваю ідэю, і тая адгукнулася.

Першыя мадэлі тэсціраваліся на фокус-групе.

— Як калясачнікі ўспрынялі прапанову паўдзельнічаць? А вы ўявіце, што чалавека, які дрэнна бачыць, запрашаюць на прэзентацыю першых у свеце акуляраў. Няхай яны нават няякасныя будуць — гэта ж прарыў! Так і тут. Крута, што за гэту тэму ўзяліся, — лічыць Аляксандр.

Па задумцы аўтараў праекта, рэчы павінны быць даступнымі па кошце для мэтавай аўдыторыі. Для калясачніка цана на штаны складзе рублёў 55, для звычайнага чалавека, які захоча набыць штосьці з гэтай жа калекцыі для сябе, — удвая даражэй (так ён часткова аплаціць пакупку інваліда і падтрымае праект).

Падарожнік упэўнены, што інклюзіўнае адзенне можна ўвесці ў моду. «А што, сталі ж папулярнымі штаны з нізкай таліяй? Чым нашы горшыя?» — аргументуе Саша Аўдзевіч.

яб­ры він­шу­юць ды­зай­не­ра Ка­ця­ры­ну ЦІ­КО­ТУ  з за­пус­кам но­ва­га пра­ек­та.

Штаны і 18 адрозненняў

Кацярына Цікота прызнаецца, што для яе пашыў калекцыі для калясачнікаў — складаны вопыт. Каб вы разумелі: спецыялізаваныя штаны маюць 18 (!) адрозненняў ад стандартных. Дадатковыя вытачкі, накаленнікі... У інтэрнэце, вядома, знайшліся відэаролікі па стварэнні інклюзіўных рэчаў, але там улічвалася толькі 4-5 параметраў, таму многае прыйшлося распрацоўваць самастойна.

Дызайнер улічыла асаблівасці фізіялогіі і лад жыцця мэтавай аўдыторыі. Напрыклад, тое, што адзявацца трэба седзячы. У штанах не павінна быць задніх кішэняў (у іх няма сэнсу), а пярэднія трэба сканструяваць па-іншаму (напрыклад, прышыць ніжэй калень), каб было зручна класці ключы, тэлефон. Пояс ззаду мусіць быць вышэйшым, а маланка спераду значна даўжэйшая. На сукенках — ніякіх засцёжак на спіне. Лямкі — без металічных дэталяў, на рызінцы (каб было зручна адзявацца людзям з парушанай маторыкай).

Грошы на першую партыю знайшліся дзякуючы спонсару — анлайн-рэсурсу па продажы білетаў tіkеts.bу. Паказ калекцыі прайшоў у Нацыянальным аэрапорце Мінск. Параалімпійцы, медыяперсоны і проста зацікаўленыя людзі прадставілі на подыуме стыльныя і функцыянальныя камплекты. Дызайнер папярэджвае: гэта пробныя мадэлі, яшчэ не дасканалыя. Фокус-групе трэба спачатку нейкі час панасіць іх, каб зразумець, ці ўсё зручна.

Пакуль лінейка ўключае ў сябе штаны-камбінезоны і сарафаны для паўсядзённага нашэння. У далейшым з'явіцца і адзенне дзелавога стылю.

— Вельмі важна давесці справу да канца, — кажа Кацярына Цікота. — Каб калекцыю пусціць у жыццё, неабходна падтрымка легпрама. Вельмі спадзяёмся, што знойдзецца зацікаўленае дзяржаўнае прадпрыемства, якое возьмецца за вытворчасць інклюзіўнага адзення. Праект сацыяльны, таму добра было б, каб яно забяспечыла калясачнікам яшчэ і працоўныя месцы, каб яны самі маглі ўдзельнічаць у стварэнні рэчаў, зручных для сябе.

Яўген ШАЎКО, старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў:

— Я ў калясцы ўжо 16 гадоў. Па сабе ведаю, што зручнае адзенне знайсці складана. Перад тым як Кацярына пачала ствараць калекцыю, на сайце асацыяцыі мы правялі апытанне. Прасілі калясачнікаў пазначыць свае праблемы, прапановы. Вельмі шмат нюансаў. Напрыклад, «шыйнікі» — гэта асобная катэгорыя: у іх горш працуюць рукі, цяжка зашпільваць гузікі.

Што да кошту, то, лічу, павінны быць розныя цанавыя сегменты. Самыя простыя рэчы, даступныя большасці, і рэчы прэміум-класа, з цікавым дызайнам. Спадзяюся, што будуць распрацаваны тыпавыя памеры, каб людзі маглі заказаць адзенне праз інтэрнэт.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Гэта як прэзентацыя першых акуляраў»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.