21 Кастрычнік, субота

Вы тут

У Мінску ўсё больш людзей на роварах


Яшчэ дзесяцігоддзе таму ідэя перамяшчэння па сталіцы на веласіпедах многім здавалася смешнай і нават недарэчнай. Маўляў, гэта для сельскай мясцовасці, дзе альтэрнатывы няма, а ў горадзе, калі ласка, — грамадскі транспарт. Або ўніверсальны варыянт — машына: хутка і з камфортам. Тым не менш цяпер усё больш гараджан аддаюць перавагу менавіта веласіпеду. Мы высветлілі, у чым плюсы такога выбару і як будзе развівацца веларух у найбліжэйшай будучыні.


Вага, узрост і статус не перашкода

Тое, што веласіпедыстаў стала значна больш, заўважна і без падлікаў, але па-сапраўднаму ацаніць маштабы гэтай «з'явы» дапамог велакарнавал «VІVА ровар», які сабраў у сталіцы амаль 15 тысяч удзельнікаў.

Напярэдадні свята, а па-іншаму назваць такую буйную падзею не атрымліваецца, адбылася першая веласіпедная канферэнцыя гарадоў Беларусі. Арганізатарамі выступілі грамадскія арганізацыі пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму, сваім вопытам падзяліліся замежныя эксперты і старшыня праўлення Мінскага веласіпеднага таварыства Павел ГАРБУНОЎ.

Актывіст адзначыў, што стаўленне да веларуху ў сталіцы пазітыўнае, але з лёгкім налётам здзіўлення: «Няўжо вам не холадна і не слізка зімой?» (а гэтая пара года ў нас мае ўласцівасць ой як зацягвацца).

Выразны адказ гатовы ў кожнага велааматара: «Не, пры правільным выбары адзення не холадна, так, слізка, але вельмі рэдка».

— Самае галоўнае, што цяпер адыходзіць меркаванне, быццам бы веласіпед — гэта непрэстыжна. Яго выбіраюць людзі рознага ўзросту, камплекцыі і сацыяльнага статусу. Напрыклад, паспяховы бізнесмен Аляксандр Цэнцер любіць перасоўвацца па горадзе менавіта так. Нарэшце прыйшло разуменне, што ровар прызначаны не толькі для забавы або спорту, але гэта і паўнавартасны від транспарту. Істотным бар'ерам пакуль застаецца зімовая язда. Умоўна, першага верасня ўвесь рух замірае, хоць для велапаездак восенню і больш спрыяльныя ўмовы — не так горача, — адзначыў Павел.

Згодна з апошняй статыстыкай каля 1% усіх сумарных паездак у горадзе прыпадае на веласіпед, але толькі ў 0,4% выпадкаў яго выкарыстоўваюць з утылітарнымі мэтамі, напрыклад каб дабрацца на работу або вучобу. У выніку ў Мінску ў летні час здзяйсняецца каля трох тысяч утылітарных паездак штодня. За апошнія шэсць гадоў гэтая лічба павялічылася, па розных звестках, у 7—10 разоў. Увечары паабапал праспекта Незалежнасці налічваецца каля 200 веласіпедыстаў. У цэнтры нярэдкія сітуацыі, калі на адным скрыжаванні збіраюцца 5—7 веласіпедыстаў. Да 400 чалавек карыстаецца так званым велабанам.

Веласіпедны афіцэр

Натуральна, падобны ажыятаж цягне за сабой і пэўныя змены ў гарадской інфраструктуры, якая падладжваецца пад запыты розных катэгорый грамадзян. У Мінску яшчэ ў 2011 годзе была створана веласіпедная гарадская канцэпцыя, на базе якой распрацоўваюцца гадавыя планы работ.

Цяпер у сталіцы адаптаваны для веларуху 73 вуліцы: пастаўлены спецыяльныя знакі, вылучаны асобныя дарожкі на тратуарах, паніжаны бардзюры, на некаторых — зроблены велапераезды, усяго ў Мінску іх каля 800. У астатніх гарадах гэта пакуль вялікая рэдкасць: толькі ў Полацку іх 9 і 8 у Брэсце. У Мінску ж цяпер нават у генплане пазначана сетка велашляхоў.

Велаканцэпцыя распрацоўваецца ў Магілёве і ёсць у праекце ў Брэсце, спецыяльны план мабільнасці прыняты для Полацка, дарэчы, тут збудавалі першую ў Беларусі абароненую веладарожку на тратуары. Не такая комплексная, але таксама карысная работа праводзіцца ў многіх гарадах краіны.

Велапаркоўкамі ў сталіцы ўжо нікога не здзівіш, цяпер па горадзе з'яўляюцца спецыяльныя гаражы. Па словах Паўла Гарбунова, у новых раёнах, якія будуюць з улікам патрэб сучасных гараджан, людзі нават стаяць у чарзе, каб атрымаць права карыстацца велагаражамі за абаненцкую плату. Дарэчы, самая буйная велапаркоўка ў Беларусі знаходзіцца не ў Мінску, а каля Бярозаўскага шклянога завода, яна разлічана на некалькі сотняў веласіпедаў.

— Каб веласіпедны рух эфектыўна развіваўся, гораду неабходны адзіны адказны за гэта чалавек: веласіпедны афіцэр або саветнік мэра, як у Кіеве, дзе ён працуе на грамадскіх пачатках. У многіх гарадах гэтая пасада ўжо ўбудаваная ў адміністрацыйны апарат. Дарэчы, пост аператара веласіпеднага руху прадугледжаны і мінскай канцэпцыяй, аднак гэтая пасада яшчэ вакантная. Такі падыход дапаможа разгрузіць упраўленне спорту і турызму і больш выразна сачыць за выкананнем будаўнічых работ, суправаджаючы кожны аб'ект. Не ўсе рашэнні, якія прымаюцца цяпер, на наш погляд, аптымальныя. Напрыклад, зараз будуюць веладарожку паміж вуліцай Якубава і Лошыцкім паркам, якая каштуе мільён долараў. За палову гэтай сумы можна было б зрабіць пракат на 500 веласіпедаў (узяў у адным месцы горада — аддаў у іншым) і на працягу трох гадоў яго абслугоўваць. Гэта быў бы новы «выбух» веларуху ў Мінску. Гарадскі каардынатар растлумачыў бы перавагі такога кроку і вылічыў бы эканамічную выгаду, — разважае Павел.

Пункты рамонту і велапарад

У многіх еўрапейскіх краінах карыстаюцца пірамідай транспартных прыярытэтаў, дзе на вяршыні знаходзяцца пешаходы, потым ідуць веласіпедысты і грамадскі транспарт, далей — машыны, якія рухаюцца, і толькі ўнізе — тыя, якія стаяць. Менавіта таму хуткасць руху па горадзе зніжаюць да 30 км/г, так нядаўна зрабілі ў Хельсінкі, а цэнтр і ўвогуле закрываюць для аўтамабіляў, вызваленае месца аддаюць пад веладарожкі. У выніку нязручныя для руху падземныя пераходы адыходзяць у мінулае. Пры гэтым час прыпынку на святлафорах падладжваецца пад адзнаку 20 секунд на кіламетр шляху.

Сам веларух падмацоўваецца грунтоўна прапрацаванай заканадаўчай базай. Так, у Нідэрландах, дзе веласіпеды папулярныя не менш за аўтамабілі, стандарты якасці веладарожак распісаны на 250 старонках. Міністэрства архітэктуры Беларусі таксама нядаўна распрацавала даволі падрабязныя метадычныя рэкамендацыі, якія будуць распаўсюджаны ў найбліжэйшы час. Гатовы і чарнавік дапаўненняў у Правілы дарожнага руху, якія рэгулююць гэтую сферу.

Шмат абавязкаў бяруць на сябе велаактывісты. У сталіцы, напрыклад, яны арганізавалі бясплатны пункт рамонту «Маячок», рыхтуюць мерапрыемствы, звязаныя з бяспекай руху, выкарыстаннем начнога святла, разам з камітэтам прыродных рэсурсаў Мінгарвыканкама і ДАІ праводзяць Дзень без аўтамабіля. Брэсцкая велаарганізацыя займаецца тлумачальнай работай з людзьмі, якія ходзяць па веладарожках. У Гомелі правялі велапарад, які сабраў паўтары тысячы ўдзельнікаў. Салігорскім актывістам удалося дамовіцца з мясцовым тэхнікумам, дзе бясплатна зварылі 11 велапарковак, пасля чаго іх расставілі па ўсім горадзе. Па ўсёй Беларусі пры падтрымцы ЕС цяпер запушчаны буйны праект па прасоўванні веларуху, разлічаны на 30 месяцаў.

— Тое, што ровары цяпер у трэндзе, відаць нават па тым, калькі розных відаў іх з'явілася. Ёсць, напрыклад, драўляныя або з эксклюзіўным дызайнам. У найбліжэйшай будучыні з'явіцца больш хуткасных электравеласіпедаў, грузавых і нават трохколавых мадэляў для дарослых, — падвёў вынік Павел Гарбуноў.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Новы паварот

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.