Вы тут

Хто павінен прымаць меры да «містычных» экстрэмістаў?


Гэта разгубленае, калі не сказаць роспачнае, пісьмо прыйшло ў рэдакцыю з вёскі на Віцебшчыне ад спадарыні М. (па меркаваннях, якія стануць зразумелыя далей, я не называю ні прозвішча аўтаркі, ні дакладнага месца дзеяння). Чытачка прасіла ў газеты аднаго: каб пераслалі яе допіс у кампетэнтныя органы, якія дапамогуць рашыць праблему. Каюся: ліст мы нікуды не пераслалі. Бо праблема ў ім — з вобласці маралі і ні пад крымінальнае, ні пад адміністрацыйнае заканадаўства не падпадае, гэтаксама як і пад валявое рашэнне якой бы то ні было галіны ўлады. Зрэшты, аб усім па парадку.


У спадарыні М. — канфлікт з суседкай (з кім не бывае?). Прычым канфлікт з адценнем містыкі, бо яго каталізатарам паслужылі словы... варажбіткі. «Суседка абвінаваціла мяне ў тым, што я нібыта навяла на яе псоту, і з-за гэтага яна хварэе. Яшчэ прыгадала, што пяць гадоў назад здохла ў яе карова — таксама па маёй віне. Штурхнула мяне і злосна закрычала: «Не падыходзь да мяне ніколі, забойца, чараўніца!» Аказалася, пра псоту ад мяне ёй сказала варажбітка. У мяне мільганула думка, што суседка проста з'ехала з глузду, але калі яе муж падключыўся: маўляў, «мы ўсё ведаем, а хто наклаў мне ў машыну іголак?», я зразумела, што гэта не жарт, а цяжкае абвінавачванне. Яны настолькі ўпэўненыя ў трызненні гэтай варажбіткі, што пераканаць іх у адваротным немагчыма. А я ні ў чым не вінаватая перад імі. Ніякіх адносін я не маю ні да тых іголак, ні да хваробы гаспадыні, ні да падзяжу той каровы... Думаю, не я адна пакутую ад падобных ілжэчараўнікоў. Можа быць, час ужо прымаць меры, бо шарлатанства наносіць шкоду нявінным людзям, як і тэрарызм... А калі варажбітка скажа забіць мяне («ведзьму»), і тады гаспадыня хварэць перастане, і карова ўваскрэсне?! Хіба можна вяртацца грамадству ў Сярэднявечча? Мы ж жывём у ІІІ тысячагоддзі, і такімі «лекарамі» павінна займацца пракуратура...»

Прачытаўшы гэты «крык душы», можна ўспрыняць яго па-рознаму. Можна скептычна ўсміхнуцца: дзве кабеты — адна прымхлівая, другая больш, чым трэба, бярэ да галавы — пасварыліся, і што тут такога? Можна паспачуваць аўтарцы пісьма: вёска ёсць вёска, у цеснай супольнасці, дзе ўсім да ўсіх ёсць справа, ёй цяпер нялёгка і насамрэч даводзіцца апраўдвацца не толькі перад суседзямі, але і перад іншымі, бо рэпутацыя ў вачах аднавяскоўцаў несумненна пахіснулася. Можна пагадзіцца з высновамі допісу: падобнымі выпадкамі павінны займацца кампетэнтныя органы, але тут жа і адмовіцца ад гэтай ідэі, бо дзе шукаць «доказную базу»?

Дый прававой нормы ў нас такой няма, каб за «чараўніцтва» ды «варажбу» да адказнасці прыцягваць, не ў Сярэднявеччы ж сапраўды жывём і не сярод афрыканскіх плямён з іх крывавымі культамі...

Але разважаць, на маю думку, тут найперш трэба аб іншым. У плоскасці агульнай культуры цывілізаваных людзей, гістарычнай памяці і павагі да спрадвечных традыцый, якія нашы пра-пра... фарміравалі на працягу не аднаго стагоддзя. На жаль, і першага, і другога, і трэцяга ў нашым грамадстве сёння назіраецца дэфіцыт.

Хоць, трэба прызнаць, цывілізаваным і рацыянальным чалавекам перастаеш адчуваць сябе вельмі хутка пасля прагляду «Бітвы экстрасэнсаў», «Чорнага і белага» ці яшчэ якой пастановачнай халеры з трасцай, якіх на шматлікіх каналах — і айчынных, і суседскіх — хапае. Я ўжо не кажу пра рэкламу ў перадачах для хатніх гаспадынь (дзеля справядлівасці варта сказаць, што тут размова пра каналы не беларускія, але ж вялікай колькасці людзей даступныя) — на экране з'яўляюцца брутальны барадаты маг ці варажбітка з баявой расфарбоўкай на твары і з кіпцюрамі бы ў драпежнай птушкі і абяцаюць вылечыць ад любой немачы, вярнуць каханага, засцерагчы ад сурокаў. Гавораць гэта так пераканаўча, што колькі разоў паглядзіш — і ўжо знаходзіш у сябе незразумелыя балячкі і праблемы, робіш выснову, што без містычнага ўмяшальніцтва нядобразычліўцаў тут не абышлося, пачынаеш збіраць чамаданы, каб ехаць у Кіеў ці Маскву запісвацца да таго тэлевізійнага мага на прыём, а потым вырашаеш пашукаць свайго, дамарослага, якому шлях на тэлебачанне закрыты, але ж развешваць на слупах улёткі і даваць аб'явы ў сеціве ніхто не забараняў... Звоніш, знаходзіш, ідзеш «на сеанс», выкладваеш кругленькую суму. І, вядома ж, за такія грошы верыш усяму, што тая «ведзьма ў сямі пакаленнях» табе напляла. Сказала, што ва ўсім вінаватая суседка — ату суседку, сказала сабраць пад поўняй зямлю з дванаццаці магіл — аглядваючыся, валачэшся ноччу на клады...

Ёсць яшчэ варыянт — бясплатны. Вялікая сметніца пад назвай інтэрнэт. Шчыра кажучы, нават не падазравала, колькі містычнага паскудства там беспакарана ў свабодным доступе размешчана. Пацікавілася — жахнулася. «Як навесці смяротную псоту на палюбоўніцу мужа», «Што трэба для навядзення псоты на немаўля» — валасы дыбам становяцца ад падобных падрабязных «інструкцый», якіх — сотні, калі не тысячы. Можа, мае рацыю наша чытачка, і трэба сапраўды да тых, хто займаецца падобнымі практыкамі, хто распаўсюджвае падобную інфармацыю, прымаць меры, як да экстрэмістаў?..

І вось тут час гаварыць аб гістарычнай памяці і аб павазе да спрадвечных традыцый. У народзе да сферы непадуладнага рацыянальнаму тлумачэнню (а што такая сфера ў нашым жыцці існуе, прызнаюць сёння ўсе, нават закасцянелыя скептыкі) заўсёды ставіліся з вялікай асцярожнасцю.

Так, былі ў вёсках знахары — іх хаты стаялі наводшыбе, да іх ішлі толькі ў самых крайніх выпадках, бо ведалі, што атрымаць, не аддаўшы (не ў матэрыяльным плане), немагчыма. Спроба кагосьці сурочыць, прываражыць, нават праклясці лічылася вялікім грахом, была і яшчэ адна перасцярога: усё абавязкова вернецца да цябе, калі так саграшыў. І гэта веданне, гэта няпісанае «табу» было самым дзейсным засцерагальным механізмам ад панавання цемрашальства, якое, калі прыгледзецца, сапраўды пачынае квітнець у ХХІ стагоддзі. (Нядаўна пачула, што на сталічных могілках усё часцей праводзяць нейкія рытуалы: бяруць зямлю з пахаванняў, прыкопваюць у іх фотаздымкі, раздрукаваныя з сацыяльных сетак). Пакуль мы не ўспомнім спрадвечную навуку дзядоў, якая засцерагала ад падобных дзеянняў, небяспечных калі не ў фізічным, дык у духоўным сэнсе дакладна, і для самога «містыка», і для іншых людзей, — ніякія забаронныя меры не дапамогуць.

У прынцыпе, гэта ўжо ў плоскасці свабоды сумлення і выбару. Але, акрамя іх, даў жа нам для нечага Божачка мазгі і душу.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Словы і справы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

Як гэта паўплывала на рынак доўгатэрміновай арэнды жылля?

Грамадства

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Спажывец — не скаржнік, а кліент.

Грамадства

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Cпецыялісты б'юць трывогу: 25 працэнтаў проб вады з грамадскіх калодзежаў сёння не адпавядаюць санітарным патрабаванням.