22 Кастрычнік, нядзеля

Вы тут

Лішняя гадзіна: радасць ці галаўны боль?


Калі павінны распачынацца заняткі ў школах: у 8 ці 9 гадзін раніцы? Гэта пытанне сёння ва ўсіх на слыху. Прычым меркаванні і бацькоў, і саміх школьнікаў наконт гэтага падзяліліся. Бацькоў малодшых школьнікаў хвалюе найперш адсутнасць магчымасці асабіста адвесці дзіця ў школу, калі пачатак заняткаў будзе перанесены на 9 гадзін. Не моцна ўзрадаваліся і старшакласнікі, якім збіраюцца падарыць лішнюю гадзіну сну. Многія з іх займаюцца ў другой палове дня з рэпетытарамі і вяртаюцца дадому даволі позна. Пры гэтым ім яшчэ трэба падрыхтавацца да ўрокаў на заўтра. Бацькі школьнікаў, якія вучацца ў другую змену, увогуле ў роспачы...


— Адміністрацыі школ, дзе дзеці вучацца ў дзве змены, будуць самі прымаць рашэнне аб пачатку заняткаў — або ў 8.30, або ў 9.00, але ў школу можна будзе прыводзіць дзяцей да 8-й раніцы, — заспакойвае ўсхваляваных бацькоў прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла ВЫСОЦКАЯ. — Гадзіну да заняткаў дзеці будуць пад наглядам, з імі будуць займацца педагогі — фізічнай размінкай ці творчымі практыкаваннямі.

Статыстыка сведчыць, што прыкладна ў трэцяй частцы агульных сярэдніх навучальных устаноў краіны заняткі пачынаюцца а 8-й гадзіне раніцы, яшчэ столькі ж устаноў пачынаюць урокі ў 8.30 і каля 30% — а 9-й гадзіне. Графік пачатку ўрокаў рэгулюецца санітарнымі нормамі і правіламі. Там прапісана, што заняткі не павінны распачынацца раней за 8 гадзін раніцы і заканчвацца пазней за 20:00. Але 9 гадзін, на думку санітарных урачоў, больш удалы час для пачатку ўрокаў.

Па словах Людмілы Высоцкай, адміністрацыі школ, дзе дзеці вучацца ў адну змену, разглядаюць магчымасць пачатку заняткаў з 9 гадзін. Школам, якія працуюць у дзве змены, будзе больш праблематычна перабудавацца, таму што зацягнецца вучэбны працэс, і там разглядаюць магчымасць пачатку ўрокаў або ў 8.30, або ў 9.00. Пакуль міністэрства праводзіць маніторынг сітуацыі, вывучае меркаванні бацькоў, настаўнікаў, адміністрацый школ.

А як у іншых краінах? У Расіі і Украіне час пачатку ўрокаў у школе — у 8 гадзін. Аднак, як і ў нас, з улікам абставінаў ён можа змяняцца. У Польшчы, Літве, Латвіі вучоба таксама часцей за ўсё пачынаецца ў 8 гадзін. У некаторых школах Кітая ўрокі пачынаюцца ў 7.30, у Японіі — у 8.45, у ЗША — паміж 8 і 9 гадзінамі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Каментары

Рэальны малюнак. Каменная горка. перагружаныя школы, 35 чалавек у класе. вучоба ў дзве змены. Калі кожны клас разбіваецца на тры групы для заняткаў англійскай мовай, дзяцей проста няма куды садзіць. У выніку заняткі ўжо ідуць у школьнай бібліятэцы, і мы жартуем, калі так будзе працягвацца, хутка дзеці стануць вучыцца, прабачце, у калідорах і санвузлах. школа на столькі загружана, што настаўнікі, якія б маглі займацца з адоранымі вучнямі, скардзяцца, што такія заняткі проста няма дзе праводзіць. Па гэтай жа прычыне няма і падтрымліваючых заняткаў для слабых вучняў -- шкада такіх дзетак, калі бацькі самі не садзяцца з імі за падручнікі, альбо не наймуць рэпетытара -- дзеці проста перастаюць засвойваць школьны матэрыял. А калі вучняў у класе 35 -- настаўнік не можа дайсці да ўсіх, у каго ўзніклі складанасці з вучобай. ужо з першага класа бацькі наймаюць дзеткам рэпетытараў і гэта пры тым, што большасць хлопчыкаў і дзяўчынак яшчэ да паступлення ў школу ўмелі чытаць і лічыць. з-за "перагруза" ў нашым раёне ў многіх школах не хапае ні гурткоў, ні факультатываў. Так, у дачкі, што вучыцца на другую змену наогул няма нічога, акрамя стандартных заняткаў (ні воднага факультатыва ці гуртка). А ў сына, які вучыцца ў іншай школе, факультатывы ідуць ў 7 (!) гадзін раніцы. некаторыя школы, каб хоць неяк выкруціцца -- факультатывы ставяць перад урокамі на 7 гадзін раніцы (!). Добра, што існуе сістэма дадатковай адукацыі, дзе дзеці малююць, спяваюць, вучаць музыку, займаюцца спортам і ў тым ліку навукай. на жаль, у многіх школах гэтага ўжо няма. Нават урокі малявання і працы ў пачатковай школе некаторыя настаўнікі выкарыстоўваюць для таго, каб пазаймацца з вучнямі пісьмом і матэматыкай. Але калі дзіця пачынае вучыцца ў другую змену , часта і гуртковая дзейнасць накрываецца. вадзіць яго на заняткі, якія заканчваюцца пасля 7,8 і нават 9 гадзін пагодзіцца не кожная маці, акрамя таго вечары для многіх бацькоў -- час сумеснай працы з дзецьмі над хатнімі заданнямі. уявіце, што будзе, калі ў школах з двума зменамі заняткі змесцяцца яшчэ на паўгадзіны.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.