Вы тут

Свята пісьменства распачнецца дзействам «Беларускі шлях»


Яно стане часткай урачыстага адкрыцця і пройдзе пад знакам дзвюх важных дат — 1155-годдзя Полацка і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Пра гэта ішла гаворка падчас пасяджэння Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята, якое днямі прайшло ў Полацку пад старшынствам намесніка прэм'ер-міністра Васіля Жарко, піша БЕЛТА. Таксама ў абмеркаванні важных пытанняў падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства ўзялі ўдзел міністры інфармацыі і культуры, прадстаўнікі іншых зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў.


Свята беларускага пісьменства, якое сёлета пройдзе ў самым старажытным горадзе Беларусі, стане сапраўды важнай падзеяй культурнага жыцця ўсёй краіны. Так, плануецца, што асвятляць яго будуць больш як сто журналістаў айчынных і замежных СМІ. Сама праграма святкавання лагічна аб'яднае расказы пра нашу культуру, гісторыю, літаратуру, выдатных землякоў. Пройдзе фэст сярэднявечнай культуры «Рубон», запланаваны ўжо традыцыйны круглы стол літаратараў, у якім прымуць удзел прадстаўнікі 15 краін свету. Адбудзецца фінал конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», фінальныя мерапрыемствы навукова-асветнай экспедыцыі «Дарога да святыняў». Адной з галоўных пляцовак стане Музей беларускага кнігадрукавання, тут пройдзе адразу некалькі выставак: будуць прадстаўленыя манеты ад Нацыянальнага банка, Псалтыры з усёй Беларусі, старадрукаваныя выданні.

— Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці, адзін з найбуйнейшых культурных цэнтраў, гэты горад сімвалізуе беларускую духоўнасць, — заўважыла міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ. — Сучасная Беларусь — міралюбівая, дружалюбная, адкрытая свету краіна, якая ў наш няпросты час імкнецца захаваць сябе. Беларускі шлях — гэта шлях да ўзаемапавагі і ўзаемаразумення, шлях да згоды і міру, сацыяльнай справядлівасці і духоўнага развіцця чалавека.

Важнай пляцоўкай Дня беларускага пісьменства стане старажытны Сафійскі сабор, тут будуць праходзіць канцэрты. Таксама плануецца прэзентацыя выстаўкі-пленэру «Полацк у гравюрах сучасных мастакоў».

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Гісторыя, духоўнасць, кніга

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Нязвыклая форма — заўсёды штуршок для пошуку.

Культура

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Дзе замежнікі вывучаюць савецкую архітэктуру.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра бунт малога, выпадак на ферме і цікавае выступленне на вяселлі.