19 Жнівень, субота

Вы тут

Спявачка Алёна Варона: Змяняючы свет, пачынай з сябе


Быць жаноцкай знешне, а ў душы — рокершай-бунтаркай. З'яўляцца адначасова стылістам, швачкай, спявачкай і рэжысёрам. Адной выхоўваць сына і выступаць у якасці лідара гурта, у складзе якога — тры хлопцы. Не разгубіцца, не апусціць рукі, калі з каманды сыходзяць музыканты, а ты застаешся сам-насам са сваімі песнямі. Усе гэтыя парадоксы існавання жанчыны на рок-сцэне выдатна ведае Алёна ВАРОНА, лідарка гурта «Варона». Не так даўно каманда прадставіла новы міні-альбом і праз тыдзень рыхтуецца прэзентаваць кліп. Пра важнасць быць цвёрдай з паплечнікамі, уменні скарыстоўваць цяжкасці дзеля развіцця і сэнс тэксту як аснову для музыкі — наша гутарка з Алёнай Варонай.


— Дэвіз гурта — «рок, які натхняе станавіцца лепшым». Але ж у грамадскай свядомасці рок-музыка пераважна асацыіруецца з кепскімі якасцямі, шкоднымі звычкамі. Сваёй музыкай вы імкняцеся даказаць, што такое меркаванне — памылковае?

— У самым пачатку свайго творчага шляху я грала кепскую музыку, часам не трапляла ў ноты. Выходзіла на сцэну толькі дзеля задавальнення. Але з цягам часу людзі змяняюцца, таму паступова нашы песні і тэксты напоўніліся глыбокім сэнсам. А слоган, які ты згадала, насамрэч з'явіўся нядаўна і суадносіцца, найперш, з новым міні-альбомам «Пачні з сябе». Імкнёмся спяваць для таго, каб людзі, якія нас слухаюць, нешта зразумелі, знайшлі. Магчыма, пасля канцэрта нехта задумаецца і насамрэч стане лепшым для сябе. А ўжо потым — для іншых. Гэта ў сваю чаргу можа змяніць свет. Сваім прыкладам — не так даўно я кінула курыць — паказваю, што можна быць іншай. У нейкім сэнсе сама перарадзілася разам са сваімі песнямі.

— Тады чаму менавіта рок? Такі сэнс можна ўкладаць у музыку іншых стыляў.

— Я вельмі люблю гэты кірунак і не бачу сябе ў іншай музыцы. Рок дае пэўную разрадку слухачам. Яны паскачуць на канцэрце — і стане лягчэй успрымаць свет. А чаму б не паскакаць пад песні з сэнсам? Гэта крута.

— Як жанчына пачуваецца на беларускай рок-сцэне, дзе тусоўка ў асноўным мужчынская?

— З падлеткавага ўзросту я сябе адчувала «пацанкай». Мне падабаліся матацыклы, курткі-«касухі», хацелася апранацца, як хлопец. Гэта цяпер — што бачна па фотасесіях і канцэртах — я не адмаўляюся ад сукенак, больш жаноцкіх вобразаў. Але як і тады, так і сёння, я «свой пацан» у тусоўцы. Таму што рок-н-рольная энергія ў мяне засталася. Канешне, калі ў року з'явіцца дзяўчынка ў сукеначцы, якая будзе спяваць тоненькім галаском на фоне брутальнай музыкі, гэта будзе выглядаць ненатуральна. Няважна, у якім жанры ты працуеш, галоўнае, каб усё выглядала гарманічна.

— Фірмовы стыль гурта для ўсіх музыкантаў распрацавалі з гэтай прычыны?

— Неяк я пачула добрае выказванне, што слабага чалавека крызіс — тут маюцца на ўвазе і фінансавыя праблемы, і творчы пошук, і цяжкасці ў стасунках — падаўляе, а для моцнага — гэта шанц прачнуцца. Знайсці ў сабе сілы перагледзець жыццё і зрабіць нешта такое, што ён не зрабіў бы ў звычайных абставінах. Вось у нас зараз не хапае сродкаў на сцэнічныя касцюмы, таму іх я раблю сама. Сукенкі для выступленняў сама шыю, прычоскі-макіяж, увесь вобраз сабе і хлопцам таксама прыдумляю. Я па прафесіі цырульнік-стыліст, некалі вучылася на швачку. І ведаеш, мне нават падабаюцца такія творчыя эксперыменты: сваё выглядае лепш, чым куплёнае. Я ўжо нават думаю, можа, мне краму адзення адкрыць (смяецца).

— У сваім гурце ты лідар-дыктатар ці ў вас дэмакратыя? Як хлопцы рэагуюць на тое, што галоўная ў камандзе — жанчына?

— Раней была дэмакратыя, і гэта нічым добрым не скончылася. Таму я зразумела, што патрэбны жорсткі таталітарызм. Канешне, мы абмяркоўваем нашы справы разам, але калі я адчуваю патрэбу стукнуць кулаком аб стол, то раблю гэта. Так, хлопцам цяжка, калі жанчына імі камандуе. Асабліва складана было мне. Здараліся моманты, калі мяне не слухалі, а потым аказвалася, што я мела рацыю. Наш калектыў існуе з 2013 года, і за гэты час у каманду прыходзілі новыя людзі. Цяпер у нас новы склад, калі яго набірала, то кіравалася наступным прынцыпам: будзе так, як сказала я, калі вы згодныя, то мы граем разам. Так, быць лідарам — вельмі складана, бо даводзіцца рабіць большую частку работы. Хочацца бачыць побач людзей, для якіх гурт «Варона» стане галоўнай справай жыцця, як для мяне і гітарыста Сашы Гулько, які граў яшчэ ў самым першым складзе. Сёння з намі выступаюць таксама басіст Дзіма Кутузаў і барабаншчык Саша Кунскі.

— Вы часам выступаеце на дабрачынных фестывалях, ладзіце бясплатныя канцэрты. Для «Вароны» камерцыйны складнік, работа за ганарар не стаіць на першым месцы?

— Цяпер імкнёмся граць менш канцэртаў, але з узнагароджаннем. Усё змянілася літаральна сёлета, калі ў каманды з'явіўся менеджар Іван Андрушчанка. Раней практычна заўсёды гралі бясплатна. З-за гэтага ў нас нават паўнафарматнага альбома свайго няма! Нельга ўзяць грошы ад сваіх дзяцей, жонак, з сем'яў на гурт, варта іх зарабляць самім. А потым укладваць сродкі ў запіс, фірменную прадукцыю, развіццё. Гаворка не ідзе пра вялікія грошы, любыя сродкі даюць нам магчымасць развівацца, рабіць больш якасныя запісы. Мне падаецца, што жаданне выступаць за ганарар — гэта рост. Ты ўжо наіграўся на фестывалях, дзе публіка нават не імкнецца зразумець, пра што ты спяваеш. На гэтым этапе існавання гурта мы робім акцэнт на сэнсе песень, таму хочацца выступаць найперш там, дзе нас пачуюць. Але дабрачыннасць таксама павінна быць, тут справа ў тым, каб людзі, кіруючыся нашым прыкладам, самі захацелі зрабіць нешта добрае. Каб чалавек стаў больш чалавечным.

— На якую публіку вы арыентуецеся, хто прыходзіць на вашы канцэрты?

— Самыя розныя людзі. Здараецца, што нехта не можа прыйсці, бо ў клубе, дзе мы выступаем, палітыка «18+». Ведаю, што «Варону» добра ўспрымаюць і 6—7-гадовыя дзеці, на фэстах я часам бачу цэлыя сем'і. Мама з татам слухаюць, а дзеткі танцуюць пад сцэнай. Мне здаецца, што было б выдатна, каб музыка гурта збірала ўсіх людзей, як бы пафасна гэта ні гучала.

— Рыхтуецца да выхаду ваш кліп «Хваля», які здымаўся і ў Беларусі, і ў Камбоджы. Як так атрымалася?

— Гэта вельмі цікавая гісторыя. Будзе пэўнага кшталту эксперымент. Мой сябар, гукарэжысёр Аляксей Хальчэня, з'ехаў жыць у Камбоджу. Так атрымалася, што раней ён напісаў мне аранжыроўку на песню «Хваля», але некалькі месяцаў яна проста ляжала. Ён зараз зводзіў нам сінгл і згадаў тую аранжыроўку, прапанаваў яе дарабіць. Мы з хлопцамі абмеркавалі і вырашылі сыграць гэтую песню. Ужо пазней разам прыйшлі да высновы, што трэба зняць кліп. Я паспрабавала сябе як рэжысёр, зрабіла раскадроўку, напісала сцэнарый. Частку матэрыялу знялі ў Беларусі, частку — у Камбоджы. Ужо праз тыдзень можна будзе пабачыць вынік. Самой цікава, што атрымаецца.

— Не так даўно ты адсвяткавала народзіны адмысловым канцэртам гурта «Варона». Чаму менавіта канцэрт?

— Гэта штогадовая імпрэза, мы іх ладзім з 2013 года. Першы канцэрт адыгралі камандай менавіта на мой дзень нараджэння. Тады ўсё прайшло выдатна, нават «Нейра Дзюбель» спяваў. Адзін год я выступала з акустычнай праграмай. Стараюся, каб кожны канцэрт на дзень нараджэння праходзіў па-рознаму. Летась гурты — удзельнікі імпрэзы — рыхтавалі каверы на мае песні. А сёлета мы вырашылі правесці сольны канцэрт. Гэта было цяжкавата, бо з новым складам граем толькі некалькі месяцаў. На такія выступленні — а на іх мы прынцыпова робім бясплатны ўваход — прыходзяць мае сябры, прыхільнікі, гэта выдатная магчымасць пабачыцца і пагутарыць.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».

Грамадства

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Гэтых дзвюх сябровак у кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл ведаюць усе.

Грамадства

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Быць у працэсе пошуку — нармальны стан любога дзіцяці.