24 Май, серада

Вы тут

Якія захады патрэбны для павышэння ролі мясцовага самакіравання?


На жаль, далёка не ўсе выбаршчыкі ведаюць свайго дэпутата. Ужо гутарка не ідзе пра тое, ці цікавіцца насельніцтва, асабліва ў вялікіх гарадах, пытаннямі, якія вырашаюць мясцовыя ўлады... Як зрабіць прадстаўнікоў саветаў дэпутатаў больш пазнавальнымі, а іх працу больш эфектыўнай, — пра гэта ішла размова падчас круглага стала «Роля мясцовага самакіравання ў грамадскім і сацыяльна-эканамічным жыцці рэгіёнаў і краіны ў цэлым».


У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Лілія АНАНІЧ, міністр інфармацыі Беларусі, Аляксандр ПАПКОЎ, старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Леанід ЦУПРЫК, старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ, намеснік міністра інфармацыі, Павел СУХАРУКАЎ, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», Аляксандр ІВАНОЎСКІ, прафесар-кансультант Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Іван ЛІПНІЦКІ, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, Ігар ЖУК, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, Георгій АТАМАНАЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў мандатнай, па галоснасці, самакіраванні, правапарадку і міжнародных сувязях, Віктар РАЖАНЕЦ, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, Наталля СУШКО, старшыня Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў, Жанна ВАРАБЕЙ, старшыня Бараўлянскага сельскага Савета дэпутатаў, Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ, галоўны рэдактар газеты «Мінская праўда», Тамара ВЯЦКАЯ, дырэктар радыёстанцыі «Мінская хваля», Вадзім ШЧАГЛОЎ, галоўны рэдактар газеты «Бабруйскае жыццё».

Павел Сухарукаў

Павел Сухарукаў:

На працягу апошніх 12 гадоў у газеце «Звязда» выходзіць праект «Мясцовае самакіраванне». У гэтым годзе мы перайшлі на новы фармат выдання «МС», якое цяпер выпускаецца штотыднёва на паперы павышанай якасці. У найбліжэйшай перспектыве яно будзе выдавацца сшыткам. І таму нам цікава пачуць ад вас, шаноўныя калегі, якой павінна быць прэса, што асвятляе тэму мясцовай улады, якім чынам лепей падаваць інфармацыю па гэтай тэме. Нас цікавіць, якімі павінны быць прадстаўнікі самай бліжэйшай да людзей галіны ўлады на сучасным этапе. Да новых выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў застаўся год. Якія высновы нам варта зрабіць?

Віктар Ражанец:

Ці шмат людзей прыходзяць на справаздачы дэпутата сваёй акругі? Я больш чым перакананы, зыходзячы са сваёй практыкі, што большая частка нават не задумвалася пра гэта. Затое ўсе чакаюць, што дэпутат дапаможа дарогу зрабіць, абсталяваць дзіцячую пляцоўку. Ён і павінен гэтым займацца, — калі праблема не вырашаецца арганізацыямі, якія непасрэдна за гэта адказваюць. Чамусьці нярэдка бываюць выпадкі, калі людзі напрамую звяртаюцца па дапамогу да дэпутата, абмінуўшы тыя арганізацыі, якія адказваюць за стан сваіх аб'ектаў. Дапамога — гэта адна са сфер дзейнасці дэпутата, аднак яшчэ адна не менш значная — законатворчасць на мясцовым узроўні, вынікам якой будзе паслядоўнае і планамернае вырашэнне надзённых праблем.

Не ўсе ведаюць, што ёсць тры ўзроўні мясцовых саветаў — абласны, базавы і першасны. На маю думку, дэпутаты кожнага ўзроўню маюць сваю вагу ў плане паўнамоцтваў. Але найбольш дзейсныя базавыя — раённыя і гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) саветы дэпутатаў. Таму што першасны ўзровень — гэта пасялковыя, сельскія, гарадскія (гарадоў раённага падпарадкавання) саветы дэпутатаў — не заўсёды гатовы вырашаць усе праблемы часта з-за ўрэзанасці бюджэту. Але пры гэтым яны, як ніхто іншы, блізкія да сваіх выбаршчыкаў. Абласныя саветы вырашаюць больш глабальныя пытанні, якія датычацца менавіта вобласці. А сувязнае звяно паміж імі — базавы ўзровень. У прыватнасці,
раённы.

Аляксандр Папкоў

Аляксандр Папкоў:

Вы выказалі думку, што чалавек адразу павінен звяртацца непасрэдна ў арганізацыю... І што, ён будзе хадзіць па інстанцыях, па гэтым замкнёным коле? Я працую больш чым 40 гадоў ва ўладных структурах і ведаю, што можна так «накіраваць» чалавека, ён да другога прышэсця не адшукае адказ на сваё пытанне. Калі чалавек прыйшоў да дэпутата і абазначыў праблему, то трэба калі не вырашыць яе ў адзін момант, то хоць бы акрэсліць тэрмін, калі вынік будзе дасягнуты. Мы не маем права адштурхнуць запыт чалавека. А калі вырашыць штосьці не атрымліваецца, то навошта нам такі дэпутат?

Народны абраннік павінен задавальняць інтарэсы людзей. Кожны дэпутат мае права выносіць пытанні на неабходны ўзровень. Перш за ўсё, гэта сесія. Бо ні адзін орган, акрамя сесіі, не зацвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на сваім тэрытарыяльным узроўні. Ад таго, наколькі разумна мы будзем фарміраваць іх, наколькі востра будзем адзначаць тыя праблемы, якія ёсць у пэўным рэгіёне, сяле ці горадзе, будзе залежаць дабрабыт краіны.

Менавіта дэпутаты мясцовых саветаў фарміруюць бюджэт і зацвярджаюць яго. І даходную, і расходную частку. Таму, калі сёння ў чалавека няма магчымасці напіцца чыстай вады, нармальна пад'ехаць да дома, вырашыць пытанні бяспекі свайго дзіцяці, — хто першым павінен падняць гэтую праблему на дзяржаўным узроўні і вырашыць яе? Вядома, дэпутат. Аб уладзе, аб дзяржаве, аб кіраванні на дзве трэція судзяць па тым, як вырашаюцца пытанні людзей на месцах.

Раней, у савецкія часы, многія пытанні на сябе брала дзяржава і вырашала іх. Сёння ж узровень мясцовага самакіравання трэба падняць на такую вышыню, каб яно магло без перашкод вырашаць разнастайныя сацыяльныя праблемы.

Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук правёў даследаванне. Ведаюць сваіх дэпутатаў рэспубліканскага і абласнога ўзроўню адпаведна толькі кожны дзясяты і сёмы рэспандэнты. Крыху лепш ідуць справы з веданнем дэпутатаў раённых і сельскіх саветаў. Адпаведна, 28% і 21%. Менш за ўсё сваіх дэпутатаў ведаюць у буйных гарадах. Праведзенае сацыялагічнае апытанне насельніцтва сведчыць аб тым, што дэпутаты саветаў усіх узроўняў досыць рэдка бачацца са сваімі выбаршчыкамі. Толькі ад 2,5% да 10% апытаных грамадзян на працягу апошняга года перыядычна сустракаліся са сваімі дэпутатамі. Што датычыцца ўзроўню інфармаванасці насельніцтва аб працы саветаў, то па выніках сацыялагічнага апытання на поўную інфармаванасць паказала ад 0,7% да 2,8%. Атрымліваецца, што людзі не заўжды ведаюць, чым займаецца ўлада.

Аляксандр Карлюкевіч

Аляксандр Карлюкевіч:

Сапраўды, сітуацыя складваецца так, што трэба праінфармаваць выбаршчыкаў пра іх правы і магчымасці, у тым ліку і абавязкі. Гэта задача не толькі дадатку «Мясцовае самакіраванне», але і іншых сродкаў масавай інфармацыі. Сёння ў краіне зарэгістравана больш за 1600 газет, часопісаў, альманахаў, бюлетэняў. Не ўсе з іх — выданні грамадска-палітычныя, але тыя, чые праблемна-тэматычныя кірункі знаходзяцца ў фармаце зносін з уладай, павінны больш увагі звяртаць на дадзеную тэму. Задача і «МС», і іншых СМІ — спалучыць дэпутата і выбаршчыка.

Леанід Цупрык

Леанід Цупрык:

Дэпутат павінен быць пазнавальны сярод тых, хто яго абраў. Вось возьмем тыраж раённай газеты — каля 6 тысяч экзэмпляраў. Памнажаем на 3 ці 4, па колькасці членаў сям'і. Значыць, калі рэгулярна ў ёй друкуюцца матэрыялы аб працы дэпутата, аб прамых лініях, аб прыёмах грамадзян, якія ён праводзіць, то, напэўна ж, чалавек павінен запомніць хоць бы прозвішча дэпутата! Ёсць інтэрнэт, ёсць адпаведныя сайты. Але існуе адзін нюанс: чалавек не абавязаны чытаць усё, што яму прапануецца.

Галоўны сакрэт пазнавальнасці дэпутата — гэта выніковасць. Галоўны вынік працы —
вырашаныя праблемы выбаршчыкаў. Але тут галоўная складанасць у тым, што яны, праблемы, вельмі разнапланавыя. Дэпутат выказвае інтарэсы людзей, але людзі вельмі розныя. Тым не менш рашэнне пытанняў выбаршчыкаў для дэпутата павінна быць першараднай задачай.

Калі адбываецца распрацоўка законапраекта, мы зацікаўлены ў тым, каб ён быў поўным, вычарпальным, выканальным. У законе «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ў главе 3 размова ідзе пра тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне. У артыкуле 26 гаворыцца, што «асноўнай мэтай тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання з'яўляюцца развіццё і ажыццяўленне на адпаведнай частцы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ініцыятыў грамадзян па пытаннях мясцовага значэння». Менавіта гэтая структура можа вырашыць існуючыя праблемы. Гэтая частка закона недастаткова выкарыстоўваецца людзьмі, у тым ліку і мясцовымі саветамі. І калі артыкул 26 будзе працаваць, а яго магчымасці пачнуць цалкам выкарыстоўвацца, многія пытанні грамадзян пачнуць вырашацца хутчэй.

Кажучы пра іншыя якасці дэпутата, думаю, што ён павінен успрымаць усё новае, выкарыстоўваць прагрэсіўныя падыходы, ведаць, як і што адбываецца ў свеце, як працуе мясцовае самакіраванне ў іншых краінах, асабліва ў найбліжэйшых суседзяў —
у СНД і ў Еўропе. Многія тамтэйшыя працэсы ў дадзенай сферы супадаюць з нашымі: звязаныя з тэрытарыяльным дзяленнем, узбуйненнем мясцовых суполак. І безумоўна, сам дэпутат павінен мець энергію для самаразвіцця і актыўнай працы.

Георгій Атаманаў

Георгій Атаманаў:

На маю думку, трэба больш увагі ўдзяляць развіццю грамадскага самакіравання на месцах. Я другое скліканне ў Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў займаюся непасрэдна гэтай праблематыкай. Так, у нашых мікрараёнах дзейнічаюць калегіяльныя органы, але Мінск досыць спецыфічны ў гэтым плане рэгіён, дзе існуе адзіны орган самакіравання — гэта Мінскі гарадскі Савет, у якім працуе 57 дэпутатаў. Больш падобных структур няма.

Калі ў 2010 годзе ў нас працавала 38 камітэтаў тэрытарыяльнага самакіравання, то сёння іх ужо 129. Трэба было адшукаць 129 актывістаў, гатовых вырашаць праблемы на сваёй тэрыторыі. Мы пайшлі далей. У сталіцы 9 раёнаў, і адзін з нашых дэпутатаў гарадскога Савета з'яўляецца старшынёй раённага грамадскага Савета камітэтаў тэрытарыяльнага самакіравання. У раёнах мы штоквартальна праводзім конкурс на самы лепшы Камітэт грамадскага самакіравання, раз на год падводзім вынікі. Акрамя таго, мы адшукалі магчымасць у бюджэце сталіцы выдзеліць сродкі для грамадскіх дзеячаў, якія працуюць у камітэтах.

Ведаеце, да дэпутата людзі прыходзяць не з радасці. За сем гадоў працы ні аднаго такога выпадку ў мяне не было. Заўжды ідуць з бядой. Таму трэба быць псіхалагічна падрыхтаваным, каб выслухаць чалавека, паспрабаваць зразумець, стаць на пазіцыю таго, хто да цябе звярнуўся, адшукаць спосаб рашэння праблемы.

Аляксандр Папкоў:

Задача дэпутата заключаецца не толькі ў тым, каб вырашыць асобна ўзятую побытавую праблему, а каб падняць пытанні, актуальныя для кожнага. Я хачу падкрэсліць, што часта стрымліваючым фактарам у дзейнасці могуць стаць фінансы і іх недахоп.

Ігар Жук

Ігар Жук:

Усё адно, каб падняць статус органаў мясцовага самакіравання, бюджэту ніколі не хопіць. Мы арыентуемся на вопыт нашых суседзяў: Літвы, Польшчы, іншых краін. Бюджэты мясцовых органаў у Еўропе і ў нас, у прынцыпе, можна супаставіць па памеры. Самае галоўнае, там органы мясцовага самакіравання шукаюць пазабюджэтныя сродкі, там усе займаюцца праектнай, грантавай дзейнасцю. Нашы сельскія і раённыя саветы толькі на пачатку гэтага шляху. Прыедзьце ў той сельсавет, які выйграў такі грант, няхай невялікі — 10 ці 20 тысяч долараў, — але гэтыя грошы пайшлі на добраўпарадкаванне тэрыторыі, асвятленне дарог, рамонт сацыяльнага аб'екта. Гэта адразу заўважна. Такога дзейснага старшыню сельскага Савета будуць ведаць і без агітацыі. Падчас выбарчай кампаніі ў Еўропе адбываецца аналіз: што дэпутат ці кіраўнік мясцовай адміністрацыі канкрэтна прыўнёс на сваю тэрыторыю? Неблагі вопыт, які можна пераняць. Тым больш сёння мы цвёрда стаім на нагах і таму можам займацца дэцэнтралізацыяй улады, даваць больш аўтаноміі органам мясцовага самакіравання.

Аляксандр Іваноўскі

Аляксандр Іваноўскі:

У нашай краіне мясцовая ўлада — гэта дзяржаўная ўлада. Так адбываецца не ва ўсіх дзяржавах. Такая сістэма, як наша, валодае станоўчай якасцю — хуткадзейнасцю. Можна за два дні выдаць Указ Прэзідэнта. У савецкія часы на дакумент падобнага ўзроўню магло пайсці 3,5 месяца. Таму, калі мы задзейнічаем чужы вопыт, то павінны яго разумова адаптаваць. У Шатландыі, напрыклад, дэпутат дае справаздачу па 30 крытэрыях. На першым месцы — навыкі і кампетэнтнасць. Мы вывучалі гэтыя крытэрыі ў розных рэгіёнах. У кожным з іх яны свае: у адных 2, у іншых — 66. У той жа час у Беларусі кампетэнцыі дэпутатаў замацаваныя ў адпаведным законе, пра іх кожны можа даведацца. Я прапаную два кірункі, па якіх можна ацаніць работу дэпутата: непасрэдна зробленае ім для выбаршчыкаў і якая ад праведзенай работы эфектыўнасць у выніку.

Аляксандр Папкоў: Але для чаго выкарыстоўваюцца крытэрыі ацэнкі дэпутата? Каб ён у канцы сваёй працы выйшаў з гэтай паперай і сказаў: вось я ўнёс, вось я зрабіў? Дэпутат — гэта абраннік народа. Яго павінен ацэньваць народ.

Аляксандр Іваноўскі: Я мяркую, што частка, якая датычыцца актыўнасці, выніковасці працы ў рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, узаемадзеяння са СМІ, можа быць выкарыстана пры справаздачы дэпутата. У той жа час канчатковы вынік павінен выходзіць з работы Савета ў цэлым. Калі казаць пра сацыяльныя стандарты, то іх можна сабраць, яны існуюць у нас у органах кіравання. Паказчыкі, пра якія я кажу, таксама закладзены ў органах улады. Вельмі важна не блытаць выканаўчую ўладу і працу дэпутата.

Павел Сухарукаў: Па сутнасці пытання, якое падняў Аляксандр Уладзіміравіч, хацелася б паслухаць дэпутатаў розных узроўняў. Пачуць іх думкі: як яны ацэньваюць крытэрыі эфектыўнасці працы дэпутата? Чым павінен займацца дэпутат, каб яго выбаршчыкі падчас справаздачы далі яго рабоце станоўчую ацэнку?

Жанна Варабей

Жанна Варабей:

На сённяшні дзень у нас склалася пэўная сістэма работы па ўзаемадзеянні органаў мясцовай улады, дэпутацкага корпуса і органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Для таго каб эфектыўна вырашаліся пастаўленыя задачы — а гэта перш за ўсё павышэнне ўзроўню якасці жыцця насельніцтва. — велізарнае значэнне мае персанальны склад дэпутацкага корпуса. На першы план выходзіць асоба кіраўніка, жыццёвы вопыт і прафесійныя якасці, неабыякавая пазіцыя да таго, што адбываецца на тэрыторыі. Акрамя таго, важнай якасцю для дэпутата і любога кіраўніка ў прынцыпе з'яўляецца ўменне слухаць чалавека і здольнасць пачуць яго.

Што датычыцца нашай сістэмы, то, акрамя 15 дэпутатаў сельсавета, у кожным населеным пункце абраны стараста. Усе яны з'яўляюцца добрымі памочнікамі для мяне. Самае галоўнае, каб дэпутаты былі сумленнымі і справядлівымі. Не давалі тых абяцанняў, якія не змогуць выканаць. Аказвалі ўсялякае садзейнічанне і стараліся вырашаць усе праблемы грамадзян. Бо дэпутат — гэта сувязнае звяно паміж людзьмі і ўладай. І я не згодна з тым, што для вырашэння канкрэтнай праблемы людзі павінны адразу ісці ў канкрэтную службу. Мы прадстаўляем інтарэсы грамадзян. Паўнамоцтваў мясцовых саветаў хапае, каб дэпутаты маглі адстойваць інтарэсы перад спецыялізаванымі арганізацыямі, акрамя таго, у нас наладжаны цесныя сувязі з гэтымі структурамі. І людзі бачаць, што мы працуем, і ацэньваюць працу дэпутата па канкрэтным рэальным выпадку. Яшчэ адзін важны фактар — гэта стаўленне саміх людзей, як яны ацэньваюць тое, што ўжо зроблена. Тут роля дэпутата таксама не апошняя: трэба правесці тлумачальную работу аб беражлівых адносінах да таго ж двара, да той жа вуліцы. Акрамя таго, я згодна, што ацэнкі дзейнасці дэпутата павінны даваць людзі. Дарэчы, у нас людзі ведаюць дэпутатаў.

Іван Ліпніцкі

Іван Ліпніцкі:

Жанна Аляксандраўна, часам бывае, што некаторыя людзі не ведаюць дэпутатаў па сваёй выбарчай акрузе, нягледзячы на шырокае інфармаванне ўсіх удзельнікаў працэсу яшчэ ў перыяд выбарчай кампаніі. Узнікае заканамернае пытанне: чаму? Пагадзіцеся, што ёсць пэўны сэнс у выказванні: добрая ўлада тая, якую не заўважаюць. Значыць, дэпутаты робяць усё, каб людзі спакойна жылі і працавалі. У ходзе прамой лініі з насельніцтвам, на сходах, асабістых прыёмах грамадзян многія кажуць: трэба вырашыць дадзеную праблему сёння і менавіта ў гэты тэрмін. І мы гэта робім. Але трэба разумець, што ёсць праблемы, вырашэнне якіх патрабуе пэўнага часу, сродкаў, камісійнага абмеркавання, канкрэтнага выезду на месца. Ёсць бюджэт, ёсць планы, і роля дэпутата, — у тым ліку растлумачыць і данесці да ведама сваіх выбаршчыкаў гэтыя пытанні. Часам людзі нібы і не разумеюць, што для пабудовы тых жа дарог патрэбны немалыя сродкі. Вырашаем і гэтыя праблемы. Часам прапануем нейкую частку неабходнай працы рабіць калектыўна з насельніцтвам. І людзі згаджаюцца, бо бачаць вынікі.

Якім павінен быць дэпутат? Трэба зразумець, што дэпутаты ўжо ёсць. І гэта людзі, вядомыя ў акрузе. Напрыклад, часцей за ўсё гэта кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, настаўнікі і дырэктары школ, якім выбаршчыкі аказалі свой давер і якія на высокім узроўні выконваюць свае абавязкі. Дэпутатамі толькі Мінскага абласнога Савета з пачатку склікання прынята больш за 200 рашэнняў па пытаннях паўсядзённага жыцця насельніцтва — і гэта таксама вялікая праца.

Аляксандр Папкоў:

Сёння стаіць пытанне: што трэба зрабіць для таго, каб укараніць элементы Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання? Каб кадры на месцах маглі вырашаць надзённыя праблемы. Мы маем права ствараць так званыя асацыяцыі. Яны існуюць у Гродне і Магілёве, але пакуль ніякай змястоўнай ідэі ў сабе не нясуць. Таму ў хуткім часе мы на Савеце па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання паглядзім, што трэба зрабіць. Ёсць такая ідэя, каб ва ўсіх абласцях мець гэтыя асацыяцыі. І трэба стварыць нацыянальную асацыяцыю, па сутнасці — міністэрства, якое будзе працаваць за кошт гаспадарчай дзейнасці. І мы павінны стварыць адпаведныя структуры, якія будуць напрацоўваць пэўную прадукцыю і ствараць фонды для вырашэння праблем жыццезабеспячэння. У рэшце рэшт, нам трэба зарабляць грошы і даць мясцовым саветам інструмент, праз які яны будуць вырашаць гэтыя пытанні. За гэты год мы будзем назапашваць вопыт, каб у будучыні такую арганізацыю мець. У Бараўлянскім сельскім Савеце дэпутатаў ёсць патэнцыял, людзі гатовыя працаваць. Але ёсць рэгіёны, у якіх існуюць складанасці, каб абраць дэпутата. Таму трэба шукаць людзей неабыякавых. І важна адзначыць, што мы павінны менш абмяркоўваць, а больш рабіць. Закатаць рукавы і працаваць. Увесь сэнс мясцовага самакіравання заключаецца ў тым, каб зрабіць нешта на гэтай зямлі і людзі гэта ацанілі.

Наталля Сушко

Наталля Сушко:

Я адназначна згодна з тым, што ацэнку дэпутату павінен даваць выбаршчык, таму што людзі аддаюць свой голас за дэпутатаў. А што значыць «аддаць голас»? Гэта значыць менавіта гэты чалавек з'яўляецца аўтарытэтным грамадзянінам і можа агучыць праблемы, зрабіць усё магчымае, каб іх вырашыць. У першую чаргу дэпутат павінен быць неабыя-
кавым чалавекам, ён павінен навучыцца жыць праблемамі людзей сваёй акругі, прапускаць іх праз сябе, перажываць іх так, як і яго выбаршчык.

Маё глыбокае перакананне заключаецца ў тым, што павінна быць зваротная сувязь з дэпутатам. Калі чалавек будзе агучваць сваю праблему менавіта дэпутату, то ў нас стане нашмат менш скаргаў і зваротаў, якія паступаюць у розныя органы. На жаль, да нас людзі не ідуць з добрым. Чалавек нясе нам свой боль, сваю бяду, сваю праблему. І дэпутат павінен пачуць і, не даючы лішніх абяцанняў, прыкласці ўсе намаганні, сваю кампетэнтнасць і асабістую зацікаўленасць, каб па магчымасці гэтую праблему вырашыць.

Дэпутат павінен быць адкрытым для ўсіх. Ён абавязаны ісці ў народ, праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, сустракацца з працоўнымі калектывамі, удзельнічаць у мерапрыемствах рознага ўзроўню. Трэба быць прыкладам актыўнай жыццёвай пазіцыі і далучаць сваіх выбаршчыкаў да ўдзелу ў грамадскай дзейнасці. Толькі разам усе мы зможам палепшыць якасць нашага жыцця і вырашыць праблемы жыццезабеспячэння грамадзян. Мы павінны быць народнымі, а не іншароднымі дэпутатамі.

Аляксандр Папкоў:

Ёсць адна вельмі вялікая і глабальная праблема цяперашняга этапу — гэта наша моладзь. Мы павінны на месцах, асабліва ў рэгіёнах, бачыць, чым займаецца наша моладзь. Сёння моладзь іншая, і запыты іншыя. Маладыя людзі больш адукаваныя. Мы павінны напрацоўваць тут адпаведныя падыходы. Не зробім гэта сёння — заўтра могуць быць праблемы.

Моладзь для нас першасная, яна — будучыня краіны. Акрамя таго, неабходна прапрацаваць пытанне пашырэння паўнамоцтваў дэпутатаў. Мы павінны добра даследаваць наша заканадаўства. Калі мы ставім вялікія задачы, то павінны даваць адпаведныя магчымасці для рэалізацыі. Таму і праз СМІ шукаем падыходы, каб інфармаваць наша насельніцтва. Магчыма, аднаго нашага дадатку  да «Звязды» «Мясцовага самакіравання» — недастаткова, каб падымаць глабальныя праблемы.

Лілія Ананіч

Лілія Ананіч:

Я хацела б адзначыць, што мы абмяркоўваем найважнейшую тэму. Гэтая тэма павінна быць у цэнтры ўвагі ўсіх грамадска-палітычных выданняў. На рускай мове, на беларускай мове, таму што гэтая тэма — усё тое, што звязана з жыццём людзей. І я згодна, што адной газеты тут недастаткова. Таму я ўношу такую прапанову: давайце разам знойдзем нейкую форму, паглядзім на прыкладзе найлепшых рэгіёнаў, як працуе наша рэгіянальная прэса, якія ў яе дасягненні. Каб усё працавала эфектыўна, патрэбен глыбокі аналіз і зацікаўленасць. Давайце падзелімся гэтым вопытам, каб сродкі масавай інфармацыі больш эфектыўна ўплывалі на рэалізацыю задач, якія сёння стаяць перад нашымі органамі ўлады.

У сучасным свеце СМІ павінны быць лёгкімі на ўздым. І не на словах, а на справе. Бачыць перамены і самім дэманстраваць магчымасць мяняцца ў лепшы бок для больш эфектыўнай работы. Я лічу, што для вырашэння канкрэтных праблем людзей існуюць канкрэтныя службы, аднак стаўленне да таго ці іншага пытання праз мясцовую ўладу павінна быць выразным і зразумелым. Звярнуліся людзі — значыць, трэба так правесці работу, каб чалавек не адчуў, што ён не цікавы.

Аляксандр Папкоў: Хачу звярнуць увагу, што круглы стол праходзіць пад эгідай сродкаў масавай інфармацыі. СМІ павінны расказваць аб праблемах і пытаннях, якія агучваюцца з вялікай трыбуны. Бо, па сутнасці, гэта тыя ўстаноўкі, паводле якіх павінна развівацца дзяржава.

Калі мы гаворым аб ацэнцы дзейнасці любога органа дзяржаўнай улады, трэба звяртаць увагу на вырашэнне канкрэтных задач.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Вераніка ПУСТАВІТ
pustavit@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Умець слухаць і чуць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як палепшыць дзелавыя і інвестыцыйныя ўмовы ў Беларусі

Як палепшыць дзелавыя і інвестыцыйныя ўмовы ў Беларусі

 Адна з галоўных пераваг Беларусі — геаграфічнае становішча.

Грамадства

Вясновыя палы на Оталава

Вясновыя палы на Оталава

Адно з найпрыгажэйшых азёр Беларусі — Оталава —  знаходзіцца ва Ушацкім раёне. 

Грамадства

Чаму рыбакі супраць арэнды ўчастка Прыпяці

Чаму рыбакі супраць арэнды ўчастка Прыпяці

Наш карэспандэнт паспрабаваў высветліць, у чым заключаюцца прычыны канфлікту.

Грамадства

​Як аб'яднаць эканамічны рост з экалагічным дабрабытам?

​Як аб'яднаць эканамічны рост з экалагічным дабрабытам?

Гэтае і іншыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі ХІV Рэспубліканскага экалагічнага форуму.