Вы тут

Учора родныя і сябры праводзілі ў армію першых прызыўнікоў гэтай вясны


Па традыцыі першымі ў войска адправілася ваенная эліта — будучыя прадстаўнікі сіл спецыяльных аперацый і Мінскай ваеннай камендатуры, а таксама сухапутных войскаў. Ці настроены юнакі на вайсковую службу, карэспандэнты «Звязды» даведаліся падчас урачыстай цырымоніі адпраўкі, якая прайшла ў Мінскім гарадскім ваенным камісарыяце.


— Самае галоўнае, што наш сын хоча служыць, — не хаваюць радасці бацькі прызыўніка Дзмітрый і Наталля Сітнікі. — Больш за тое, ён марыць стаць афіцэрам.

Усвядомленым выбарам служба ў войску з'яўляецца і для Андрэя Тушынскага. Маці юнака, Ганна Гарыеўна, якая выпраўляе сына, прызнаецца, што настрой у іх баявы. А па-іншаму і быць не можа: Андрэй будзе служыць у сілах спецыяльных аперацый. Юнак упэўнены, што зробіць усё дзеля таго, каб быць годным нашчадкам сваіх гераічных продкаў. Адзін прадзед мінчаніна, да Вялікай Айчыннай начальнік міліцыі ў Лідзе, у вайну быў сувязным партызанскага атрада на Гомельшчыне. Вядома, што яго расстралялі немцы, дзе пахаваны партызан, ніхто не ведае. Другому прадзеду Андрэя, у адрозненне ад многіх курсантаў, якія з лёгкай рукі лётчыка пасля паскораных курсаў накіроўваліся на фронт, пашчасціла дачакацца Перамогі.

Каля 10 тысяч прызыўнікоў папоўняць армейскія шэрагі гэтай вясной. Служба ў рэзерве чакае амаль тысячу грамадзян.

— Сёння ў армію ідуць самыя лепшыя прызыўнікі, юнакі, якія па сваіх маральна-псіхалагічных якасцях годна выканаюць свой воінскі абавязак, — адзначае намеснік начальніка Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік Юрый КУЗЬМІН. — Самае галоўнае, што ў іх ёсць жаданне служыць. Большасць з іх матываваныя для праходжання вайсковай службы на шматлікіх воінскіх пасадах. Многія ўжо цяпер выказваюць жаданне ў далейшым працягнуць службу па кантракце.

Не выключае такі варыянт і сённяшні навабранец Антон Аляшкевіч, якога прыйшлі праводзіць у армію тры прыгажуні — бабуля, мама і дзяўчына (на фота). Хлопец жартуе, што калі Ангеліна дачакаецца яго з войска, то абавязкова павядзе яе ў загс. Бабуля Антона лічыць, што кожны хлопец павінен адслужыць у арміі. «Толькі прайшоўшы шлях маладога байца, можна стаць сапраўдным мужчынам. Я ўвогуле люблю людзей у форме, і каб была мая воля, то і дзяўчат бы забіралі ў войска: ім гэта таксама не нашкодзіць», — пераканана Марыя Мікалаеўна, якая сама не адзін год прысвяціла арміі.

Ірына Андрэеўна, маці прызыўніка Фадзі, не можа стрымаць слёз: перажывае, што працяглы час не ўбачыць свайго сыночка. Бацька хлопца, Сулейман, супакойвае яе тым, што служба ў войску пойдзе на карысць прафесійнай дзейнасці сына. Аказваецца, Фадзі па адукацыі — фельчар, таму служба ў падраздзяленні медыцынскага забеспячэння не дазволіць яму страціць навыкі.

— Маладыя людзі, якія прыходзяць з войска, мяняюцца ў лепшы бок, — перакананы бацька прызыўніка Вячаслаў Часновіч. — Армія загартоўвае характар, волю, мужнасць.

Адпраўка ажыццяўляецца ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і вайсковыя фарміраванні. Гэтай вясной выкліку на прызыўныя камісіі падлягае каля 50 тысяч грамадзян нашай краіны. У ваенных камісарыятах завяршаецца медыцынскі агляд прызыўнікоў. Прызыўнымі камісіямі ў адносінах да грамадзян Беларусі ўжо вынесена больш як 30 тысяч рашэнняў.

Сёлета прадастаўлена звыш 20 тысяч адтэрміновак. Асноўную частку — больш як 80% — складаюць адтэрміноўкі для працягу адукацыі. Іншыя юнакі гэтай вясной не пойдуць у войска па сямейных абставінах, у сувязі са станам здароўя і набыццём ваенна-тэхнічных спецыяльнасцяў, з ажыццяўленнем дэпутацкіх паўнамоцтваў і на падставе ўказаў Прэзідэнта Беларусі.

...Бацькі, сваякі і сябры развітваюцца са сваімі прызыўнікамі. Наступны раз, падчас цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі, якая адбудзецца 10 чэрвеня, яны ўбачаць ужо вайскоўцаў, спадзяёмся, сапраўдных абаронцаў сваёй Айчыны.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Служыце — і вяртайцеся!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

Як гэта паўплывала на рынак доўгатэрміновай арэнды жылля?

Грамадства

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Спажывец — не скаржнік, а кліент.

Грамадства

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Cпецыялісты б'юць трывогу: 25 працэнтаў проб вады з грамадскіх калодзежаў сёння не адпавядаюць санітарным патрабаванням.