24 Май, серада

Вы тут

Пяць уражанняў ад «Еўрабачання-2017»


У мінулыя выхадныя завяршылася адно з самых маштабных і рэйтынгавых забаўляльных тэлешоу ў свеце — 62-і міжнародны песенны конкурс «Еўрабачанне». Перамогу ў ім — нечакана пасунуўшы італьянскага фаварыта букмекераў — атрымаў прадстаўнік Партугаліі Сальвадор Сабрал, які з песняй на роднай мове «Amar Pelos Doіs» («Любіць за дваіх») паставіў адразу два рэкорды. Так, па-першае, спявак усталяваў новую планку атрыманых балаў — 758. А па-другое, яго трыумфальнае выступленне — гэта першая перамога Партугаліі на конкурсе за паўстагоддзя ўдзелу!


Пе­ра­мож­ца «Еў­ра­ба­чан­ня» Саль­ва­дор Са­брал ра­зам са сва­ёй сяст­рой Лу­і­зай — аў­та­рам яго пес­ні.

Нягледзячы на ашаламляльны поспех, нацыянальным героем Сальвадор Сабрал сябе не лічыць, адзначаючы жартам, што гэта месца ўжо трывала занята Крышціяну Раналду.

На фоне Партугаліі, пагадзіцеся, Беларусі з 14-гадовай гісторыяй выступленняў на еўравізійнай сцэне скардзіцца на занятае сёлета 17-е месца ніяк не выпадае. Дый, па вялікім рахунку, і няма на што: наш гурт «NavіBand» упершыню прывёз і шырока разрэкламаваў на шоу беларускую мову, двойчы выканаў сваю песню ў прамым эфіры для шматмільённай аўдыторыі і дакладна запомніўся многім гледачам па ўсім свеце. Самі артысты на рэдкасць адэкватна, без эмацыянальных перагібаў, успрынялі свой вынік. Летам выканаўцы плануюць шмат выступаць на фестывалях і запісваць новы альбом, а з беларускай публікай абяцаюць сустрэцца ўжо 3 чэрвеня на вялікім адкрытым канцэрце каля сталічнай ратушы.

А пакуль амаль усе сёлетнія ўдзельнікі дазволілі сабе маленькія творчыя канікулы. Затое арганізатарам расслабляцца рана. Паводле слоў выканаўчага прадзюсара «Еўрабачання» Яна Ола Санда, падрыхтоўка да шоу 2018 года пачнецца ўжо на наступным тыдні, калі будуць агучаны прыкладныя даты правядзення конкурсу ў Партугаліі.  Развітваючыся з чарговым яскравым шоу, нагадаем, чым яно найбольш запомнілася.

«Дрэс-код»

Абсалютная большасць удзельнікаў сёлета выбралі для выступленняў уборы ў чорна-белай гаме, а падобныя адна да адной белыя паўпразрыстыя сукенкі часам выклікалі сапраўдную блытаніну. Папулярныя раней касцюмы-трансформеры выкарысталі хіба малдаване, у нумары якіх бэк-вакалісткі імкліва ператвараліся ў нявест.

Інсталяцыі

Адразу некалькі краін задзейнічалі сёлета ў сваіх пастаноўках не толькі камп'ютарныя спецэфекты, але і незвычайныя дэкарацыі. У беларусаў, нагадаем, гэта быў лятучы човен. Украінскія рокеры выступалі на фоне вялізнай галавы, у якой у кульмінацыйныя моманты свяціліся пражэктары-вочы, хлопец з Аўстрыі, чымсьці нагадваючы айсберг у акіяне, выступаў у аблоках на фоне вялізнага бліскучага Месяца, дуэт з Сербіі выкаціў на сцэну дзве бутафорскія гарматы,
а прадстаўнік Ірландыі спяваў сваю незвычайную калыханку на паветраным шары. Дапамаглі гэтыя рэчы далёка не ўсім, але шоу зрабілі безумоўна цікавейшым.

Людзі і жывёлы

Італьянскі спявак Франчэска Габані, які ў сваёй песні ўпікнуў еўрапейцаў у масавай і сляпой залежнасці ад інтэрнэт-экспертаў, сацыяльных сетак, сэлфі і іншых модных штук, для найлепшага адлюстравання вобраза выбраў малпу. Але не сапраўдную — паводле правілаў «Еўрабачання», у нумарах нельга задзейнічаць жывёл, — а чалавека ў касцюме гарылы, які, здаецца, стаў адным з самых папулярных персанажаў сёлетняга конкурсу.

Канкурэнцыю яму складаў хіба што яшчэ больш дзіўны персанаж — «конь у паліто». Дакладней, зноў жа чалавек у касцюме каня, які не толькі ўпрыгожыў сцэнічную пастаноўку Азербайджана, але і прайшоў у складзе дэлегацыі па чырвонай дывановай дарожцы.

Моўная палітра

Заклік святкаваць разнастайнасць сёлета знайшоў падтрымку ў многіх удзельнікаў — традыцыйную большасць англамоўных кампазіцый удала разбавілі не толькі нумары Італіі, Іспаніі, Францыі і Харватыі, але таксама жанравыя эксперыменты і этнічныя матывы ад Румыніі, Венгрыі, Беларусі і Партугаліі.

Прыгоды на пятую кропку

Фінал шоу азмрочыла хуліганская выхадка — адзін з гледачоў выскачыў на сцэну падчас выступлення леташняй пераможцы Джамалы і прадэманстраваў на камеры... уласную аголеную пятую кропку. Ахоўнікі, спахапіўшыся, вывелі парушальніка — ім аказаўся ўкраінскі пранкер Васіль Сядзюк, вядомы сваімі скандальнымі выхадкамі ў дачыненні да многіх знакамітасцяў, у тым ліку спявачкі Мадонны, галівудскіх акцёраў Уіла Сміта і Леанарда Дзі Капрыа. Аматара правакацыйнай славы, натуральна, затрымалі, і яму пагражае пакаранне ад штрафу да 5 гадоў пазбаўлення волі — аднак з прамога эфіру агіднага ўчынку не выкінеш...

Музычны арбітраж

Нагадаем, паводле абноўленых летась правілаў галасавання на «Еўрабачанні» нацыянальныя журы і гледачы выстаўляюць ацэнкі паасобку. На конкурсе ж агучваюцца спачатку балы ад суддзяў з кожнай краіны, а потым — сумарныя балы ад усіх гледачоў, што дадае інтрыгі ў выбары пераможцы.

Дарэчы, у беларускую судзейскую калегію сёлета ўвайшлі галоўны спецыяліст аддзела канцэртна-фестывальных праектаў упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Іна Мардусевіч, спявачка і педагог па вакале Людміла Куц, прадзюсар і кампазітар Леанід Шырын, спевакі Вікторыя Алешка і Аляксей Грос.

У фінале нашы выканаўцы набралі 50 балаў ад журы (па 12 ад Азербайджана і Украіны, 7 ад Аўстрыі, 5 ад Харватыі, па 3 ад Грэцыі і Малдовы, па 2 ад Мальты, Балгарыі і Латвіі, па 1 ад Ізраіля і Вялікабрытаніі), і 33 ад гледачоў (8 паставіла Украіна, 6 — Грузія і Латвія, 4 — Польшча, 3 — Чэхія, 2 — Эстонія і Ізраіль, 1 — Літва і Малдова), што і прынесла выніковае 17-е месца.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фота eurovіsіon.tv

Загаловак у газеце: Шоу павінна працягвацца

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як палепшыць дзелавыя і інвестыцыйныя ўмовы ў Беларусі

Як палепшыць дзелавыя і інвестыцыйныя ўмовы ў Беларусі

 Адна з галоўных пераваг Беларусі — геаграфічнае становішча.

Грамадства

Вясновыя палы на Оталава

Вясновыя палы на Оталава

Адно з найпрыгажэйшых азёр Беларусі — Оталава —  знаходзіцца ва Ушацкім раёне. 

Грамадства

Чаму рыбакі супраць арэнды ўчастка Прыпяці

Чаму рыбакі супраць арэнды ўчастка Прыпяці

Наш карэспандэнт паспрабаваў высветліць, у чым заключаюцца прычыны канфлікту.

Грамадства

​Як аб'яднаць эканамічны рост з экалагічным дабрабытам?

​Як аб'яднаць эканамічны рост з экалагічным дабрабытам?

Гэтае і іншыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі ХІV Рэспубліканскага экалагічнага форуму.