Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра становішча зборнай краіны па хакеі на чэмпіянаце свету ў Францыі, дзясятую перамогу брэсцкага гандбольнага клуба ў Кубку Беларусі і сенсацыйную вікторыю «Слуцка» над БАТЭ ў футбольным чэмпіянаце краіны.


1. Зборная Беларусі перайграла каманду Славеніі на чэмпіянаце свету па хакеі 5:2. Аднак гэта вікторыя яшчэ не забяспечыла падапечным Дэйва Льюіса захаванне месца ў эліце сусветнага хакея. Наша зборная ўжо не апусціцца ніжэй сёмага месца, аднак яно пры пэўных абставінах можа не выратаваць ад вылету. Зборная Даніі, якая будзе гаспадыняй ЧС-2018, абаронена ад вылету ў ніжэйшы дывізіён, такім чынам, згодна з рэгламентам, калі датчане зоймуць апошняе месца ў групе А, то эліту пакінуць восьмая каманда групы B, а таксама найгоршая са зборных, якія занялі сёмыя месцы. Параўноўваць іх будуць па колькасці ачкоў, розніцы шайбаў, колькасці закінутых шайбаў і нумары пасеву перад ЧС-2017.

Нагадаем, сёння наша зборная правядзе апошні матч на чэмпіянаце з камандай Нарвегіі.


2. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова дзясяты раз стаў уладальнікам Кубка краіны. Фінал чатырох адбыўся ў Гомелі на мінулых выхадных, у матчы за галоўны прыз сышліся сталічны СКА і брэсцкі БГК.

Большая частка гульнявога часу прайшла ў роўнай барацьбе, і толькі ў канцы сустрэчы брэсцкія гандбалісты здолелі пайсці ў адрыў і выйгралі з перавагай у 6 мячоў — 37:31. Гэта чацвёрты запар поспех БКГ у фінальных матчах Кубка Беларусі супраць мінскіх армейцаў.

У гульні за 3-е месца ў кубкавым розыгрышы гандбалісты гродзенскага «Кронана» адолелі «Гомель» з мінімальнай перавагай — 27:26.


3. Футбалісты «Слуцка» нанеслі першае паражэнне ў чэмпіянатах краіны барысаўскаму БАТЭ. У матчы 8-га тура чэмпіёны Беларусі прайгралі з мінімальным лікам — 0:1. «Віцебск» у сябе дома разграміў гасцей з «Мінска» — 3:0. Футбалісты мінскага «Дынама» перамаглі брэсцкіх дынамаўцаў 1:0 і выйшлі на першы радок у турнірнай табліцы, абышоўшы на адзін бал БАТЭ.

Учора ўвечары адбыліся яшчэ чатыры сустрэчы: «Дняпро» — «Гомель», «Нафтан» — «Гарадзея», «Тарпеда-БелАЗ» — «Нёман», «Іслач» — «Шахцёр». Завершыцца 8-ы тур сёння матчам «Крумкачы» — «Славія».


4. Мужчынская зборная краіны па валейболе заняла другое месца на міжнародным турніры ва Украіне. У ходзе спаборніцтваў на прыз мэра горада (Івана-Франкоўска) падапечныя Аляксандра Сінгаеўскага саступілі зборнай Украіны — 1:3, а пазней абыгралі зборную Латвіі — 3:1 і маладзёжную зборную (U-21) Украіны — 3:0.

Каманда, завяршыўшы ўдзел у турніры, працягне рыхтавацца да адборачных матчаў чэмпіянату свету ў Маладзечне, а з 24 па 28 мая згуляе ў кваліфікацыйным турніры ў Заграбе. Сапернікамі нашай зборнай за права згуляць на сусветным форуме стануць каманды Сербіі (24 мая), Нарвегіі (25 мая), Харватыі (26 мая), Швейцарыі (27 мая) і Даніі (28 мая).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Шанцы застацца ў эліце

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

Як гэта паўплывала на рынак доўгатэрміновай арэнды жылля?

Грамадства

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Спажывец — не скаржнік, а кліент.

Грамадства

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Cпецыялісты б'юць трывогу: 25 працэнтаў проб вады з грамадскіх калодзежаў сёння не адпавядаюць санітарным патрабаванням.