22 Чэрвень, чацвер

Вы тут

Сяргей Далідовіч: Куды больш прыемна быць спартсменам, чым трэнерам


Пра пенсію ў 44 гады і медаль Алімпійскіх гульняў, які можна выйграць ужо скончыўшы кар'еру.

У спорце ён ужо каля 30 гадоў, сёння Сяргей без сумненняў самы вядомы лыжнік нашай краіны. У яго кар'еры было шэсць Алімпійскіх гульняў, але не было алімпійскіх медалёў. Усе гады, якія ён правёў у зборнай, Далідовіч быў у статусе лідара, а пасля Гульняў-2014 у Сочы стаў для сваіх калег трэнерам, але неўзабаве ўсё ж сам вярнуўся на лыжню. У гэтым сезоне пасля чэмпіянату свету спартсмен прыняў канчатковае рашэнне паставіць лыжы ў кут, але спорт пакідаць не спяшаецца. Пасля завяршэння кар'еры прайшоў усяго месяц, мы сустрэліся з Сяргеем, каб даведацца, як ён правёў гэты час, і пагаварыць пра далейшыя перспектывы лепшага лыжніка краіны.


— Сяргей, развітвацца са спортам балюча для любога спартсмена?

— Так. Можа, мне троху лягчэй, таму што я плаўна да гэтага ішоў, хацеў заканчваць кар'еру яшчэ два гады таму, пасля Алімпіяды ў Сочы. Потым памяняліся некаторыя абставіны, і на год я яшчэ вырашыў застацца, але цяпер маё рашэнне канчатковае. Можна сказаць, два сезоны працаваў гуляючым трэнерам у мужчынскай камандзе, гэта быў бясцэнны вопыт, у якім мне штосьці спадабалася, штосьці не. Але калі б зараз прапанавалі такую ж ролю, я адмовіўся б, бо зразумеў: на двух крэслах уседзець немагчыма.

Цяпер прайшоў усяго месяц з таго моманту, як я перастаў трэніравацца, 1 красавіка яшчэ бег марафон. Але гэта, дарэчы, калі не лічыць маіх трохгадзінных шпацыраў з дзіцячай каляскай, калі малодшая дачка спіць. Мае трэніроўкі зараз, напэўна, выглядаюць менавіта так.

— Назад не цягне?

— Вясной, пасля цяжкага сезона мала ў каго ўзнікае жаданне вярнуцца да трэніровак, нават у дзеючых спартсменаў. Зараз у лыжнікаў яшчэ ідзе асэнсаванне вынікаў сезона. Але хутка, думаю, мяне пачне ламаць, арганізм за столькі гадоў прывык да сур'ёзных фізічных нагрузак.

— Нават на інтэрв'ю вы прыйшлі з сям'ёй, цяпер больш часу ўдзяляеце родным?

— Ды я наогул вельмі сямейны чалавек і заўсёды ім быў. У мяне тры дачкі, малодшая яшчэ зусім маленькая, мне цікава назіраць за яе сталеннем, як яна спазнае гэты свет, колькі адкрыццяў для яе на кожным кроку. З іншымі дзецьмі ў мяне такой магчымасці не было, спорт адбіраў вельмі шмат эмоцый, таму што ў паўсілы я ніколі не працаваў.

Біяграфічная даведка

Сяргей Далідовіч нарадзіўся 18 мая 1973 года ў Оршы. У Кубку свету дэбютаваў у 1993 годзе, у сакавіку 2001-га атрымаў сваю першую і адзіную перамогу на этапе Кубка свету. Лепшым дасягненнем у агульным выніковым заліку з'яўляецца 31-е месца ў сезоне 2000/01.

За сваю кар'еру прымаў удзел у 6 Алімпіядах (1994—2014) і 12 запар чэмпіянатах свету (1995—2017). Лепшы вынік на Гульнях паказаў у 2014 годзе ў Сочы — 5-е месца ў мас-старце на 50 км. На чэмпіянатах свету выходзіў на старт у 34 дысцыплінах. Лепшы вынік — 4-е месца ў скіятлоне на 30 км на чэмпіянаце свету 2011 года.

— Які перыяд вашай кар'еры запомніўся больш за ўсё?

— Напэўна, першыя перамогі. Вядома, асобна стаіць вікторыя этапу Кубка свету ў 2001 годзе, з ёй не параўнаецца ні 5-е месца на Алімпіядзе ў Сочы, ні іншыя добрыя выступленні. Наогул за кар'еру ў мяне было 3 подыумы (подыум у лыжным спорце — гэта першыя 6 месцаў) чэмпіянату свету, гэта сур'ёзны ўзровень, але калі ты менавіта першы — гэта заўсёды іншае. Няважна — на чэмпіянаце рэспублікі ці свету.

— Гады лічылі, колькі вы ўжо ў спорце?

— У прафесійным, можна лічыць, што з 7-га класа, калі я пайшоў у спартыўны інтэрнат і пачаў рабіць свае першыя сур'ёзныя крокі, стаў трэніравацца разумна. Прыйшлі першыя поспехі, і тады я зразумеў, што магу паказваць годныя вынікі. У мой час не было меркантыльных інтарэсаў у спорце, як у цяперашняга пакалення. Калі заканчвалі 10-ы клас, настаўніца папрасіла напісаць у запісках, чаго хацеў бы дамагчыся кожны з нас. Я напісаў, што хачу трапіць у зборную СССР і выканаць майстра спорту. У зборную Саюза трапіць не паспеў па часавых рамках, але калі б СССР пратрымаўся яшчэ хоць бы год, то ў юніёрскай камандзе быў бы дакладна.

— Што напісалі б у такой запісцы цяпер?

— Быў бы ўжо менш сціплы, пажадаў бы быць як мінімум прызёрам чэмпіянатаў свету і Алімпійскіх гульняў. Цяпер тыя нашы жаданні выглядаюць смешна, мне здаецца, сучасныя дзеці мараць мець усё і адразу. І гэта, дарэчы, на мой погляд, вялікая праблема сёння. У нас былі зусім іншыя арыенціры, а цяпер па сваіх дзецях бачу, што ім нашмат цяжэй пераварваць інфармацыю і дамагацца чагосьці, вакол шмат спакус — гаджэты, інтэрнэт.

— Але і ў ваш час былі спакусы, можа, крыху іншыя...

— Так, усе парушалі рэжым, тут няма чаго хаваць. І зараз, і тады. Але калі б я моцна захапляўся гэтымі парушэннямі, то столькі гадоў не бегаў бы. Спакусы, кампаніі існавалі заўсёды, але мяне гэта неяк абмінула. У 7-м класе я, дзякуй Богу, з'ехаў з роднага горада — Оршы, тады там была вельмі напружаная крымінагенная абстаноўка. Многія мае сябры адтуль ужо скончылі сваё зямное жыццё.

— За вашымі плячыма шэсць Алімпіяд, якая з іх стала асаблівай?

— Асабняком, напэўна, стаяць першая і апошняя. У Нагана ў 1998-м мне было 25, а ў Сочы ў 2014-м — 40, таму гэта дзве розныя рэчы, немагчыма нават параўноўваць. Першыя Гульні — гэта адкрыццё, а ўсе астатнія — толькі параўнанне. Усё маё жыццё мералася алімпійскімі цыкламі, нягледзячы на гэта, яно было вельмі яркім, усе моманты памятаю, яны непаўторныя. Напэўна, буду настальгаваць.

Татавы дочкі: Вольга, Дар'я і зусім маленькая Злата.

— На Алімпіядзе ў Сочы, дзе вы сталі пятым, наперадзе аказаліся расіяне Лягкоў і Выглежанін, якія цяпер падазраюцца ва ўжыванні допінгу. Гэта значыць, магчыма, яны скралі ў вас алімпійскі медаль?

— У мяне наогул няма ніякіх думак з гэтай нагоды. За хлопцаў крыўдна. Пакуль па іх пытанні не вынеслі ніякіх рашэнняў, да канца 2017 года, можа, паўстане яснасць. Штосьці зменіцца ў маім жыцці, калі я атрымаю алімпійскі медаль? Вядома, не. Адна справа, калі ты атрымліваеш узнагароду адразу пасля гонкі і разумееш, што на алімпійскім п'едэстале, а іншая, калі прайшло ўжо 4 гады. Я заўсёды імкнуўся быць першым, перамагчы, аказацца на п'едэстале і лічу, што годна прадстаўляў сваю краіну шмат гадоў. Сказаць, што вось гэты медаль можа змяніць гісторыю маёй кар'еры ў такім узросце, пры такой колькасці гонак — не.

— Спартсмен можа хутка стаць любімчыкам публікі і адным правалам так жа хутка трапіць у няласку, з вамі такое было?

— Шмат хто праходзіць праз выпрабаванне славай, але ў мяне яе, як такой, і не было. Нават пасля перамогі на Кубку свету 16 гадоў таму. Тады гэта ўспрынялі неяк спакойна, можа, гэта было настолькі нечакана, што прайшло міма прэсы і балельшчыкаў. Цяпер, напэўна, было б зусім па-іншаму.

Практычна пасля кожнай гонкі ў сеціве з'яўляліся каментарыі, і я зараз схлусіў бы, калі б сказаў, што не чытаю форумы. Але ўспрымаць усё, што там пішуць, за чыстую манету таксама нельга. Выдатна разумею, што немагчыма добра бегаць заўсёды, выступаць зусім дрэнна — сорамна. Прыязджаць і займаць апошнія месцы — дрэнна. Але, напрыклад, бегаць на чэмпіянаце свету ці Кубку свету і трапляць у 30-ку, лічу, гэта нармальны сярэдні вынік.

— Вы ўжо атрымалі невялікі вопыт трэнерскай работы. Цяпер можаце параўнаць, што складаней — быць спартсменам ці трэнерам?

— Уся справа ў меры адказнасці. Трэнеру нашмат складаней, я вельмі моцна перажываў, калі працаваў настаўнікам, без перабольшання, кожную раніцу ўставаў і думаў, што неабходна зрабіць, каб палепшыць вынікі хлопцаў. Кожную трэніроўку, кожны дзень прапускаецца праз сябе, і, калі бачыш, што нешта не атрымліваецца, вельмі цяжка. Калі ў гэтым сезоне аднавіў кар'еру спартсмена, у мяне застаўся толькі адзін выхаванец, стала нашмат прасцей. Куды больш прыемна быць спартсменам, чым трэнерам.

— На ваш погляд, якой галоўнай якасцю павінен валодаць настаўнік?

— Самае важнае — гэта быць на адной хвалі са сваім выхаванцам, не трэба сябраваць, не трэба панібрацкіх адносін, павінны быць агульная мэта і адна хваля.

— Дочкі пайшлі па вашых слядах...

— І я не працівіўся гэтаму. Старэйшая ў нас спачатку займалася канькамі, сярэдняя — бадмінтонам, але абедзве ўсё роўна прыйшлі да лыжнага спорту. Раней яны наогул не ўспрымалі мяне як трэнера, а зараз старэйшая стала прасіць аб дапамозе, ужо прымаюць нейкія парады, прыслухоўваюцца да падказак.

— Вернемся да пачатку нашай размовы, вы скончылі спартыўную кар'еру, што далей?

— У мяне толькі адзін варыянт — спорт. Што я магу рабіць яшчэ, дзе быць карысны? Мне здаецца, толькі трэніраваць, а ці запросяць мяне на гэтую работу, пакуль невядома, усё вырашыцца літаральна на днях. Калі трэнерам не паклічуць, буду трэніраваць дачок, ды і пенсію я сабе ўжо зарабіў — 27 гадоў стажу. Яна, напэўна, невялікая, як і ва ўсіх людзей, але пенсіянеры ж неяк жывуць, чаму я не змагу?

— Праз тыдзень вам 44, не страшна ў гэтым узросце ўжо адчуваць сябе пенсіянерам?

— Мяне ўжо даўно ім завуць, але на апошнім чэмпіянаце свету пенсіянер абыграў усіх сваіх маладых таварышаў па камандзе і многіх замежных спартсменаў. Я ўжо спакойна да гэтага стаўлюся. Раней, калі называлі ветэранам, мяне гэта крыху закранала, таму што першая асацыяцыя была з ветэранамі вайны. Мы ж выраслі на вялікай перамозе, два мае дзяды прайшлі вайну, вось яны ветэраны, а я проста доўгажыхар у спорце.

Да­р'я ЛА­БА­ЖЭ­ВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «Звязда» асвятляла першыя месяцы Вялікай Айчыннай

Як «Звязда» асвятляла першыя месяцы Вялікай Айчыннай

Калі гартаеш падшыўкі «Звязды», разумееш, як мала мы пра яе ведаем. 

Спорт

Ванеса Каладзінская: Ад Алімпіяды цяпер хочацца большага

Ванеса Каладзінская: Ад Алімпіяды цяпер хочацца большага

Спартыўных поспехаў яна пачала дасягаць рана.

Грамадства

Як школьніку захаваць здароўе?

Як школьніку захаваць здароўе?

Днямі на базе 32-й сталічнай школы прайшла калегія трох міністэрстваў — адукацыі, аховы здароўя, спорту і турызму.

Грамадства

Як адпачыць без рызыкі для жыцця?

Як адпачыць без рызыкі для жыцця?

Па стане на 19 чэрвеня вада адабрала жыцці 99 чалавек, у тым ліку 7 непаўналетніх.