Вы тут

«Смачна есці!», або Гастранамічныя падарожжы па Беларусі


Беларускую нацыянальную кухню ў гарадах нават у вельмі дарагіх рэстаранах не знойдзеш. 

Сёння ў кожнай вобласці ёсць аграсядзібы, дзе можна пажыць хоць і тыдзень, і ўвесь гэты час вас будуць частаваць разнастайнымі стравамі, ні разу не паўтараючы іх.  І гэта будуць зусім не дранікі або смажаная бульбачка, а сапраўдныя кулінарныя вынаходствы, што традыцыйна гатавалі для дарагіх гасцей у тым ці іншым рэгіёне. Што яшчэ вельмі важна – у прыгатаванні  традыцыйных страў выкарыстоўваюцца толькі мясцовыя, экалагічна чыстыя прадукты, ніякіх заморскіх авакада або мідый.

ДАРЭЧЫ

Некаторыя ўнікальныя беларускія рэцэпты сёння ўключаныя ў Еўрапейскую сетку кулінарнай спадчыны, і заслуга ў гэтым менавіта ўвішных гаспадынь беларускіх аграсядзіб, якія захавалі бабуліны сакрэты традыцыйных, характэрных для свайго рэгіёну аўтэнтычных страў і напояў.

 

«На Зарэчнай вуліцы» (Кобрынскі раён)

Гаспадыня сядзібы Ала Палікарпук -- кухар, як кажуць, ад Бога:  адмыслова прыгатуе гасцям мачанку, бабку са смажаным салам, суп з фасолі з сельдэрэем, бліновыя «торбачкі», прапануе бурачковы квас і наліўкі ўласнага прыгатавання па старадаўніх рэцэптах, а на дэсерт -- славутую саладуху.

Невыпадкова на гэтай сядзібе з'явілася такая ініцыятыва, як кулінарны фестываль «Палескія прысмакі». Атрымліваць асалоду ад смачных аўтэнтычных страў дапамагае і антураж: маляўнічы бераг ракі Мухавец, старадаўні палескі хутар Дзяршова, дзе захаваўся дом пабудовы 1903 года і дзе сабраная багатая калекцыя хатняй маёмасці, мэблі, посуду канца ХІХ -- пачатку ХХ ст. Тут жа арганізаваная сувенірная лаўка мясцовых майстроў народных промыслаў. Гаспадыня з радасцю праводзіць для сваіх гасцей кулінарныя майстар-класы па палескай традыцыйнай кухні. Таксама Ала Палікарпук – збіральніца аўтэніычных рэцэптаў старабеларускай кухні.

З яе актыўным удзелам на Кобрыншчыне з'явілася турыстычная супольнасць «Мухавецька кумора», якая аб'яднала не толькі сельскія сядзібы, але і іншыя аб'екты турыстычнай інфраструктуры. Цяпер тут увасабляюцца шматлікія цікавыя ідэі, напрыклад, «Дзень бабуліных прысмакаў», «Бульбяны фестываль», «Палеская кухня Сярэднявечча», «Грыб-гаспадар» і іншыя. Вядома ж, кожнае свята праходзіць з вясёлымі народнымі спевамі ды танцамі, дэгустацыяй хатніх вінаў і налівак, травяной гарбаты і дамашняй выпечкі.

«Налібоцкая васількі» (Валожынскі раён)

Ці чулі вы калі пра такую старабеларускую страву, як «рулька з шальбабонам і панцаком»? Хутчэй за ўсё -- не. Гэтая смаката – візітоўка аграсядзібы «Налібоцкая васількі». Гаспадар Васіль Шакун з'яўляецца «захавальнікам лесу», як і яго бацька, што быў аб'ездчыкам яшчэ ў графа Тышкевіча, а сам Васіль амаль паўстагоддзя праслужыў егерам у Налібоцкай пушчы. Паспытаць унікальныя “лясныя” стравы госці могуць дзякуючы яго жонцы Марыі Паўлаўне. Сакрэты іх – ва ўмелым прыгатаванні дзічыны і выкарыстанні лясных траў.

Калі гаварыць больш падрабязна пра славутую рульку, то для яе бяруць абавязкова падвэнджаную нагу дзіка (або свойскай свінні), затым тушаць яе ў печы некалькі гадзін з фасоллю і пярлоўкай, дабаўляюць прыправы. Ячныя крупы здаўна называюць у Заходняй Беларусі “панцак”, хоць многім гэта сёння ў навіну. Атрымліваецца надзвычай духмяная і смачная страва, да яе прапануецца дамашняя хрусткая капустачка з журавінамі, салёныя агуркі з бочкі…

Таксама турысты маюць магчымасць паласавацца тут іншымі стравамі з дзічыны, напрыклад, шурпой з аленіны. Варыцца яна доўга, як мінімум некалькі гадзін, каб мяса добра адстала ад косткі і стала мяккім, паступова пры варцы дабаўляюцца гародніна, травы і вострыя прыправы.

Дарэчы, у Налібоцкай пушчы цяпер самая вялікая на Беларусі папуляцыя аленя, восенню тут нават прадаюць свежую аленіну, прыкладна 20 рублёў за кілаграм.

«Валерыя» (Камянецкі раён)

Тут маецца досыць вялікая ўласная гаспадарка,  таму стравы гатуюць з выкарыстаннем сапраўдных хатніх прадуктаў. Сядзіба была пераможцам рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі «Беларуская традыцыйная кухня». Гаспадыня Наталля Пракапук умее накрыць шчодры стол для гасцей!  «Пальцам піханая» кілбаса, вэнджаная паляндвіца. Запечаная баранова нага. Тарцюхі (дранікі з дабаўленнем морквы) на топленым масле. Кісель аўсяны на вяршках. Грушы, вывараныя ў белым віне. Вам прапануюць 17 відаў настоек (!), і госці павінны адгадаць, з чаго яны зробленыя. Гаспадыня выпякае сама тры віды хлеба. Меню сняданкаў, абедаў і вячэры з ілюстрацыямі выкладзена на сайце сядзібы. Наталля ўвесь час знаходзіцца ў пошуку, вучыцца і вучыць іншых: у сядзібе рэгулярна збіраюцца члены жаночага клуба «Валерыя», спасцігаюць сакрэты кулінарыі і старадаўняй кухні.

«Марчукова хата» (Шчучынскі раён)

Гэтая сядзіба -- таксама пераможца аднаго з рэспубліканскіх конкурсаў, яна адметная сваёй гасціннасцю. Дзякуючы ўласнай фермерскай гаспадарцы, у якой ёсць нават фазаны, не кажучы ўжо пра гусей, індычак, качак, трусоў, авечак і кароў, да стала заўсёды падаюцца свежыя і экалагічна чыстыя прадукты. Гаспадары Франц і Ірына Рудзевічы – ветлівыя, уважлівыя, клапатлівыя,  лічаць, што ежа не павінна быць “на хуткую руку”. Ірына любіць і ўмее гатаваць, яе фірмовыя стравы – трусяціна ў віне,  фаршыраваная качка, гусак з яблыкамі, таўсталобік з гароднінай. Наогул, і ўсе астатнія стравы на аграсядзібе -- пальчыкі абліжаш!

“Вусце Life” (Браслаўскі раён)

Райскі куток для аматараў паласавацца прэснаводнай рыбай. Гаспадары Юрый і Таццяна Жэрка ведаюць безліч рэцэптаў адмысловага прыгатавання свежай азёрнай рыбы, прычым для кожнага сезона яны розныя. Аднак, па выбару гасцей сядзібы, “каралём” меню на “Вусце Life” прызнаны шчупак, а самая жаданая і любімая страва турыстаў -- клёцкі са шчупака. Рэцэпт мае некалькі сакрэтаў, якімі гаспадары не спяшаюцца дзяліцца. “Лепш адзін раз паспрабаваць, чым дзесяць прачытаць!” – пасміхаецца Юрый Жэрка. Дарэчы, і рыбная юшка тут таксама асаблівага прыгатавання, і вэнджаныя ліні, і фаршыраваны шчупак, і смажаная з памідорамі плотка…

Зразумела, гэта далёка не ўсе беларускія сядзібы, дзе гурманы могуць атрымаць асалоду ад сапраўдных беларускіх страў.

Сала ў шалупінні

  • Рэцэпт ад Наталлі Пракапук

Інгрэдыенты: вада -- 1 літр, сала з праслойкамі (грудзінка) -- 1 кг, сухое шалупінне цыбулі -- 3 жмені,  лаўровы ліст -- 2 шт., часнок -- 7 зубкоў, соль -- 200 г, цукар -- 2 ст. л., перац чорны -- па густу.

 

Прыгатаванне: у ваду дабаўце цукар, соль, лаўровы ліст, шалупінне цыбулі (чым больш -- тым лепш) і пастаўце на агонь. Калі вада закіпіць, пакладзіце сала і варыце 20-30 хвілін (час варкі залежыць ад таўшчыні кавалак, сала). Пасля гэтага зніміце рондаль з агню і пакіньце сала на 8-10 гадзін у адвары. Потым сала абсушыце чыстым ручніком. Парэжце часнок тонкімі пласцінкамі, змяшайце яго з молатым чорным перцам. Сала добра ўкачайце у сумесь, загарніце у фольгу і пакладзіце на ноч у лядоўню. Яго можна захоўваць у маразільніку і даставаць за гадзіну-дзве да прыходу гасцей. Эканомна і смачна, нават дзеці ядуць з задавальненнем.

Надзея СУСЛАВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асяроддзе для людзей з абмежаваннямі павінна быць паўсюль

Асяроддзе для людзей з абмежаваннямі павінна быць паўсюль

Трэба не змагацца з бар'ерамі, а пашыраць даступнасць.

Палітыка

Мінск прымае Прэзідэнта В'етнама

Мінск прымае Прэзідэнта В'етнама

Сёлета спаўняецца 25 гадоў наладжванню дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і В'етнамам.

Культура

Як у Ракаве святкуюць Купалле

Як у Ракаве святкуюць Купалле

У аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна ў ноч з 24 на 25 чэрвеня шырока адзначалася фальклорнае свята з нагоды летняга сонцастаяння, якое ў народзе называюць Купаллем.