28 Чэрвень, серада

Вы тут

Што азначае перамога Макрона для будучыні ЕС?


У мінулую нядзелю ў Францыі прайшоў другі тур выбараў прэзідэнта краіны. Былы міністр эканомікі Эмануэль Макрон, які стварыў і ўзначаліў рух «Наперад!», узяў верх з вынікам 66,1%. За яго выказалася больш як 20,7 мільёна выбаршчыкаў. Лідар партыі «Нацыянальны фронт» Марын Ле Пэн атрымала астатнія 10,6 мільёна галасоў — гэта 33,9%.


Фота: ria.ru

Вынікі выбараў нельга назваць сенсацыяй. Яны былі зразумелыя ўжо па заканчэнні першага тура, калі Макрону ўдалося прабіцца ў фінал разам з Ле Пэн. Менавіта тады гэта было найважнейшай навіной для прыхільнікаў ЕС — калі б Макрон не прайшоў, то сапернікам Ле Пэн мог бы стаць адзін з кандыдатаў, якія выказваліся супраць удзелу Францыі ў саюзе. І тады няважна, хто б перамог у гэтую нядзелю, — абое прэтэндэнты маглі б правесці рэферэндум аб выхадзе Францыі з Еўрасаюза, хто б з іх ні стаў прэзідэнтам. Сам жа Макрон не бярэ пад сумненне членства Францыі ў ЕС.

У той жа час не ўсё так проста. Нідэрландскія і французскія выбары ў першай палове 2017 года разглядаліся элітамі ЕС па галоўным параметры — ці не з'явяцца там ва ўладзе сілы, якія будуць настроены пераняць прыклад Вялікабрытаніі. Некаторымі гэтая пагроза ўспрымалася як рэальная магчымасць краху Еўрасаюза, бо менавіта ў Францыі і Нідэрландах у 2005 годзе няўдала прайшлі вельмі важныя рэферэндумы, дзе насельніцтва адхіліла Канстытуцыю ЕС, якая прадугледжвае далейшую цэнтралізацыю гэтага інтэграцыйнага аб'яднання. З тых часоў ЕС вымушаны жыць без сваёй Канстытуцыі і таксама адмовіцца ад планаў па цэнтралізацыі. Але сама пастаноўка пытання сведчыць пра тое, што Еўрасаюз знаходзіцца ў глыбокім крызісе, калі галоўным пытаннем становяцца не перспектывы далейшага развіцця, а сур'ёзна разглядаецца магчымасць выхаду вельмі важных удзельнікаў. З гэтага боку перамога праціўнікаў еўраінтэграцыі ў Нідэрландах магла стаць сігналам да пачатку панікі аб магчымасці краху ЕС і заразліва паўплываць на вынік выбарчай кампаніі ў Францыі.

Цяпер страхі засталіся ў мінулым, па выніках выбараў у абедзвюх краінах ва ўладзе няма прыхільнікаў выхаду з ЕС. Асабліва важныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Францыі, паколькі без яе Еўрапейскі саюз не быў бы такім, як цяпер. Менавіта французска-германскія дамоўленасці ў 1950-х гадах паклалі пачатак старту інтэграцыі, Францыя на фоне выхаду Вялікабрытаніі будзе другой па памеры насельніцтва і эканомікі краінай ЕС пасля Германіі. Якія ж будуць дзеянні Макрона як прэзідэнта краіны, і ці паслужыць гэта інтарэсам захавання і развіцця Еўрасаюза?

Аб контурах будучай палітыкі можна меркаваць па краінах, з лідарамі якіх пасля перамогі на выбарах Эмануэль Макрон пагутарыў, — гэта ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Турцыя і Канада. Тры з іх — ЗША, Вялікабрытанія і Канада — з'яўляюцца найбліжэйшымі саюзнікамі па НАТА. Вялікабрытанія і Канада таксама лічацца найважнейшымі і найбліжэйшымі саюзнікамі ЗША, пры гэтым у Канадзе значны ўплыў на ўнутраныя справы краіны аказвае франкамоўны Квебек. Гэты кірунак перагавораў сведчыць, што новы прэзідэнт не плануе мяняць існуючую атлантычную арыентацыю Францыі, якая захоўвалася пры яго папярэдніку Аландзе, і амерыканацэнтрычны свет яго задавальняе. Праблема ў тым, што свет, цэнтрам якога з'яўляюцца ЗША, прадугледжвае мала самастойных магчымасцяў для ЕС, і, больш за тое, у Вашынгтоне не разглядаюць станоўча спробы цэнтралізацыі Еўрасаюза і праекты па нарошчванні яго ролі ў свеце. Такім чынам, можна меркаваць, што новы прэзідэнт Францыі будзе выступаць не за рэформы па далейшай цэнтралізацыі і ўзмацненні Еўрапейскага саюза, а за захаванне статус-кво. Але гэта азначае, што ЕС застанецца на небяспечнай стадыі частковай цэнтралізацыі, менавіта ў тым стане, калі сталі магчымымі ўцёкі з яго Вялікабрытаніі, што не выключае ў будучыні новых падобных праяў.

Перагаворы з Германіяй як найважнейшай краінай у ЕС таксама зразумелыя. Макрон супакоіў сваіх германскіх калег у тым, што Парыж застаецца верным саюзнікам Берліна ў прасоўванні сумесных інтарэсаў.

Званок у Турцыю сведчыць, што ў новага прэзідэнта Францыі ёсць свае амбіцыі па ўрэгуляванні адразу трох пытанняў — крызісу з наплывам бежанцаў, барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» і сірыйскай вайне. Усе тры праблемы ўяўляюць сур'ёзныя цяжкасці для Еўрасаюза і самой Францыі, і тут роля Макрона можа быць дастаткова вялікая. Тым больш што Францыя, у сілу сваёй геаграфіі, заўсёды прэтэндавала на лідзіруючую ролю адносна паўднёвых суседзяў ЕС.

У Маскву Макрон не патэлефанаваў, і гэта таксама сігнал. Але негатыўны. Тым больш што новы лідар Францыі пакрыўджаны на хакерскую атаку на яго выбарчы штаб, якая адбылася напярэдадні выбараў і якую ў заходніх СМІ прыпісваюць Маскве.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асяроддзе для людзей з абмежаваннямі павінна быць паўсюль

Асяроддзе для людзей з абмежаваннямі павінна быць паўсюль

Трэба не змагацца з бар'ерамі, а пашыраць даступнасць.

Палітыка

Мінск прымае Прэзідэнта В'етнама

Мінск прымае Прэзідэнта В'етнама

Сёлета спаўняецца 25 гадоў наладжванню дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і В'етнамам.

Культура

Як у Ракаве святкуюць Купалле

Як у Ракаве святкуюць Купалле

У аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна ў ноч з 24 на 25 чэрвеня шырока адзначалася фальклорнае свята з нагоды летняга сонцастаяння, якое ў народзе называюць Купаллем.