28 Чэрвень, серада

Вы тут

Слушныя парады экспертаў аб выкарыстанні «пластыку» за мяжой


Недзе праз месяц пачынаецца сезон адпачынкаў, а значыць, пытанне аб выбары плацежнай карткі для паездкі за мяжу становіцца актуальным як ніколі. Сёння нам спецыялісты прэс-службы нацыянальнай сістэмы «БЕЛКАРТ» раскажуць пра тое, якой павінна быць такая картка, ці трэба браць з сабой у адпачынак наяўныя грошы і як пазбегнуць фінансавых непрыемнасцяў у падарожжы.


Куды едзем і навошта

Першае, што трэба спачатку зрабіць, — высветліць, як ідуць справы з безнаяўнымі разлікамі ў той краіне, якую вы збіраецеся наведаць. Наколькі развіта картачная інфраструктура, ці шмат там банкаматаў, ці вялікія рызыкі ашуканскіх аперацый?

На самай справе і Еўропа, і Азія вельмі розныя. Напрыклад, у Сінгапуры не ўзнікне праблем з безнаяўнымі разлікамі, аднак у многіх іншых азіяцкіх краінах далёка не ўсюды ў вас прымуць да аплаты картку, асабліва не ў турыстычных зонах. У Швецыі доля безнаяўных разлікаў вельмі высокая, краіна плануе наогул адмовіцца ад гатоўкі ў найбліжэйшай будучыні. У той час як нават у Маскве картку могуць прыняць далёка не ў любой краме.

Невялікую кансультацыю можна атрымаць у вашым банку, асабліва калі гаворка ідзе пра папулярныя для беларускіх турыстаў напрамкі. Пры набыцці пуцёўкі ў турыстычным агенцтве актыўна задавайце пытанні іх спецыялісту: напэўна, ён таксама нешта падкажа. Аднак самы правільны і практычна бяспройгрышны варыянт — самастойна пашукаць інфармацыю на турыстычных форумах. У свеце шмат розных краін, і ў кожнай з іх свае асаблівасці. Не варта разлічваць, што банкаўскія работнікі цалкам валодаюць інфармацыяй аб картачным рынку ў той ці іншай краіне. Па вялікім рахунку, яны і не абавязаны гэта ведаць.

Перад водпускам нялішнім будзе прагледзець водгукі аб гатэлях, вывучыць інфармацыю аб мясцовых славутасцях, планаваць, якая сума вам спатрэбіцца для камфортнага адпачынку. Таксама пачытайце там, ці карыстаюцца турысты плацежнымі карткамі менавіта ў гэтай краіне, наколькі гэта зручна, бяспечна і выгадна. Адпаведная інфармацыя абавязкова знойдзецца на любым турыстычным форуме. Пагадзіцеся, вялікую каштоўнасць маюць меркаванні тых, хто ўжо мае практычны вопыт выкарыстання «пластыку» ў тым ці іншым месцы, чым сухая тэорыя, прачытаная ў стандартным даведніку.

Неабходна ўлічваць і свае асабістыя інтарэсы. Камусьці падабаецца прыйсці на мясцовы рынак, адчуць каларыт, дух краіны, патаргавацца, перакусіць у мясцовым кафэ. Аднак рэдкі рынак можа пахваліцца наяўнасцю тэрміналаў для прыёму аплаты па картках. Хтосьці аддасць перавагу набыццю сувеніраў у буйным гандлёвым цэнтры і там жа захоча паабедаць — у гэтым выпадку, верагодна, праблем з такой аплатай не ўзнікне. Падумайце, як вы будзеце бавіць час у замежнай паездцы, і, зыходзячы з гэтага, прымайце рашэнне, колькі наяўных вам спатрэбіцца.

На ўсялякі выпадак

Нават калі наведваеце развітую еўрапейскую краіну, дзе разлічыцца карткай можна без праблем практычна ўсюды, усё роўна неабходна ўзяць з сабой нейкую суму гатоўкай. Фінансісты называюць гэта дыверсіфікацыяй рызык, бо нельга трымаць усе яйкі ў адным кошыку. Нават там могуць узнікнуць праблемы тэхнічнага характару, як з боку плацежнай сістэмы, так і з боку банка, могуць не працаваць канкрэтныя банкаматы і гэтак далей. Таму наяўныя таксама павінны быць.

За мяжой звычайна карыстаюцца наяўнымі грашыма там, дзе нельга расплаціцца карткай. Пры паездцы ў Еўропу пажадана браць гатоўкай каля траціны ад той сумы, якую плануецца выдаткаваць. Каля 30% ад агульнай сумы — гэта тая доля грошай, якая дазваляе набываць нейкія пакупкі ў сферы дробнага гандлю або «пракантавацца» ў выпадку праблем з картачнай інфраструктурай.

Браць лепей з чыпам

Зразумела, што картка для паездкі за мяжу павінна валодаць міжнароднай функцыяй. Тут аднолькава добра падыдуць карткі плацежных сістэм Vіsa і MasterCard і кабейджынгавы прадукт БЕЛКАРТ-Maestro. Пры гэтым было б нядрэнна мець з сабой карткі і Vіsa, і MasterCard, або Vіsa і БЕЛКАРТ-Maestro. Часам можна сутыкнуцца з сітуацыяй, калі карткі адной з міжнародных плацежных сістэм не прымаюць.

Фінансавыя аналітыкі ў першую чаргу рэкамендуюць для замежных паездак чыпаваныя карткі зыходзячы з пытанняў бяспекі. Больш за тое, здараецца, што па картцы без чыпа адмаўляюць у абслугоўванні. Па правілах плацежных сістэм павінны прымацца і з магнітнай паласой, але тым не менш з падобнай сітуацыяй у Еўропе можна сутыкнуцца.

Канверсія валюты

Пытанне выбару валюты рахунку з'яўляецца самым складаным. Калі вы едзеце ў зону еўра з карткай, намінаванай у еўра (ці, скажам, у Амерыку з «пластыкам», намінаваным у доларах) — верагодна, атрымаецца зусім пазбегнуць якіх-небудзь канверсійных страт. Аднак і тут магчымыя варыянты, таму лепш загадзя ўдакладніць у банку, ці будзе праводзіцца нейкая канверсія ў выпадку, калі валюта вашага рахунку і валюта аперацыі супадаюць. Калі ў ходзе замежнай паездкі вам трэба будзе разлічвацца ў тугрыках, рупіях або тэнге — канверсійных страт, хутчэй за ўсё, не пазбегнуць.

Заўсёды трэба шукаць лепшы варыянт менавіта для вашага маршруту, бо канверсійную палітыку кожнага канкрэтнага банка дасканала ведае толькі сам банк. Таму звярніцеся да яго спецыялістаў і раскажыце, куды збіраецеся ехаць. Лепш прыводзіць канкрэтную сітуацыю — еду туды, планую патраціць такія грошы, скажыце, колькі я страчу на канверсіі? Калі канверсійная палітыка вас не задавальняе, то лепш «прамацаць глебу» ў іншых банках і падабраць аптымальны менавіта для вас варыянт.

І яшчэ. Трэба ўлічваць, што курсы плацежных сістэм, як і курсы банкаў, вызначаюцца штодня, таму ў банку вам змогуць агучыць толькі прыблізную суму, якая на практыцы можа мяняцца. Трэба разумець, што калі вы едзеце на два дні ў Маскву і плануеце выдаткаваць там 100 долараў, то ў любым выпадку страты будуць невялікімі і наўрад ці гэта падстава мяняць звыклы банк і выпускаць новую картку. А вось калі вы едзеце за мяжу з буйной сумай, пытанне канверсійных страт неабходна разглядаць больш уважліва. У кожнага чалавека сваё стаўленне да канверсійных выдаткаў. Хтосьці ўспрымае негатыўна нават самыя нязначныя страты, кагосьці гэтае пытанне наогул не турбуе. Падумайце, колькі грошай асабіста вы гатовыя страціць на канверсіі.

Акрамя таго, трэба ведаць, што пры ажыццяўленні наяўных валютаабменных аперацый у некаторых краінах часта бярэцца вялікая камісія — да 10% ад сумы і нават больш. І гэтае пытанне перад паездкай таксама неабходна ўдакладніць.

А яшчэ ёсць краіны, напрыклад, Польшча, дзе вам могуць прапанаваць разлічыцца на выбар у некалькіх валютах — у злотых, доларах, еўра ці нават беларускіх рублях, каб вам было «больш зразумела і зручней». Калі ў вас картка ў доларах, перацыі з гэтай валютай праводзяцца без канверсіі, і вам прапануюць разлічыцца ў «зялёных» — гэта выдатна. А вось разлік у беларускіх рублях, якія «зручнейшы» для нас, у гэтым выпадку можа прывесці да значных канверсійных выдаткаў.

Пытанні ўласнай бяспекі

Незалежна ад таго, едзеце вы за мяжу з наяўнымі або з карткай, вы будзеце несці пэўныя рызыкі. Страціць можна і гатоўку, і картку. Украсці могуць як наяўныя, так і сродкі з «пластыку».

Ёсць краіны з каласальным узроўнем злачыннасці. Для некаторых дзяржаў, напрыклад краін Лацінскай Амерыкі, прыдумалі нават цэлую картачную тэхналогію па мінімізацыі крымінальных рызык. Гэта так званы другі пін-код. Калі рабаўнік чакае вас каля банкамата, вы ўводзіце спецыяльны, сакрэтны пін. Сістэма «разумее», што побач стаіць бандыт, і паказвае чыста сімвалічную рэшту — напрыклад, некалькі долараў. Для такіх краін не існуе вялікай розніцы — ехаць з карткай або з «кэшам». Верагоднасць патрапіць пад прэс крымінальных структур вельмі высокая, і валоданне нейкай сумай грошай незалежна ад таго, на карце яны ці ў кашальку, ужо ставіць вас у спіс патэнцыйных ахвяр для злачынцаў.

А вось для трымальнікаў плацежных картак ёсць універсальныя правілы — напрыклад, карыстацца банкаматамі ў аддзяленнях банкаў або ў гатэлі. Лепш разлічвацца карткай менавіта ў буйных гандлёвых цэнтрах. Аднак, далёка не ў кожным горадзе ёсць буйны гандлёвы цэнтр, асабліва на ўзбярэжжах. А калі, вобразна кажучы, вы здымаеце з карткі некалькі тысяч долараў, пры гэтым сярэдняя зарплата работніка гатэля складае каля 10 долараў, цалкам верагодна, што ён не будзе моцна даражыць сваёй рэпутацыяй і можа патэлефанаваць адпаведным таварышам, якія за вуглом вас з гэтай сумай будуць з нецярпеннем чакаць. Таму трэба быць вельмі ўважлівымі і ставіцца да карткі гэтак жа асцярожна, як і да наяўных грошай. Можна спадзявацца на банк, на плацежную сістэму, але кожны чалавек павінен у першую чаргу сам вырашаць пытанні сваёй бяспекі.

Спецыялісты рэкамендуюць з аглядкай карыстацца карткай у краінах, якія ў плане махлярства зарэкамендавалі сябе не вельмі добра. Гэта датычыцца краін Лацінскай Амерыкі, Тайланда, Індыі, Інданезіі, Кітая і іншых дзяржаў азіяцкага рэгіёна. Карткамі трэба карыстацца асцярожна ў Расіі і ва Украіне.

Некалькі простых парад тым, хто плануе ехаць за мяжу з карткай

Пры зняцці гатоўкі ў банкаматах за мяжой камісію з вас можа зняць і ваш беларускі банк (банк-эмітэнт), і банк-экваер, якому належыць банкамат.

Калі ў краіне, якую вы збіраецеся наведаць, няма праблем з інтэрнэтам, грошы на картку можна пераводзіць з іншага рахунку часткамі, па меры расходавання, з дапамогай інтэрнэт-банкінгу ці іншых каналаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання.

Падключыце sms-апавяшчэнне, яно аператыўна паведаміць вам пра спробы доступу да вашага рахунку і дазволіць своечасова зрэагаваць і заблакаваць картку. Звярніце ўвагу, што для гэтага тэлефон павінен працаваць у роўмінгу.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Пабачыць замор'е і з грашыма застацца

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асяроддзе для людзей з абмежаваннямі павінна быць паўсюль

Асяроддзе для людзей з абмежаваннямі павінна быць паўсюль

Трэба не змагацца з бар'ерамі, а пашыраць даступнасць.

Палітыка

Мінск прымае Прэзідэнта В'етнама

Мінск прымае Прэзідэнта В'етнама

Сёлета спаўняецца 25 гадоў наладжванню дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і В'етнамам.

Культура

Як у Ракаве святкуюць Купалле

Як у Ракаве святкуюць Купалле

У аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна ў ноч з 24 на 25 чэрвеня шырока адзначалася фальклорнае свята з нагоды летняга сонцастаяння, якое ў народзе называюць Купаллем.